Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Новая беларуская эліта паўстае і на беларускіх рок-канцэртах" (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларускія рок-гурты, чыя музыка практычна забароненая ў Беларусі, усё часьцей выступаюць у Польшчы, прычым ня толькі, як раней, у клюбах і на фэстывалі “Басовішча”, але і на найбольш вялікіх і прэстыжных сцэнах суседняй краіны. Ці маюць беларускія гурты шансы на камэрцыйны посьпех у Польшчы, ці магчымая іх сапраўдная “раскрутка” у гэтай краіне? Пра гэта наш карэспандэнт размаўляў з адным з найбольш вядомых польскіх музычных журналістаў, прадусэрам Робэртам Ляшчыньскім.

Робэрт Ляшчыньскі ня першы год цікавіцца музыкай усходніх суседзяў Польшчы. Не без ягонай дапамогі, напрыклад, украінскія выканаўцы практычна не зьнікаюць з афішаў шматлікіх канцэртаў і фэстываляў у Польшчы. Паводле спадара Ляшчыньскага, гэта цалкам магчыма зрабіць і ў выпадку беларускіх рок-гуртоў.

(Ляшчыньскі: ) “Напэўна не атрымаецца зрабіць гэта, арганізаваўшы адзін канцэрт, але я бачу тэндэнцыю, бачу рост зацікаўленасьці ў Польшчы беларускай музыкай і гэтая тэндэнцыя значна мацнейшая, чым у выпадку музыкі ўкраінскай. А яшчэ год таму ў Польшчы нікога не цікавіла ўкраінская музыка. Пасьля аранжавай рэвалюцыі ўкраінскія гурты граюць у нас без перапынку. У выпадку беларускай музыкі трэба стварыць такую сытуацыю, каб гэта не былі нейкія адзінкавыя канцэрты, але сыстэма. Вось канцэрт, ці я сказаў бы міні-фэстываль “Радыё Свабода”, што адбыўся ў Беластоку – гэта вялікі крок у такім кірунку. Я бачу, як ім цікавяцца агульнапольскія мэдыі. Гэты канцэрт будзе заўважаны і гэта будзе вельмі адназначны і зразумелы сыгнал”.

(Карэспандэнт: ) Да апошняга часу большасьць канцэртаў беларускіх гуртоў адбывалася ва ўсходняй Польшчы, каля беларускай мяжы, ці ў Варшаве, дзе ёсьць даволі шмат беларусаў. Робэрт Ляшчыньскі, аднак, кажа, што ягоны намер – папулярызаваць беларускую музыку ня толькі сярод беларусаў, што жывуць, у Польшчы, а перадусім – сярод палякаў.

(Ляшчыньскі: ) “Мы хочам паказаць гэтую музыку палякам. Мяне не цікавіць такая абмежаваная дзейнасьць – рабіць гэта для польскіх беларусаў, мяне цікавіць сытуацыя, падобная да той, што мае месца ў выпадку песьні “Разом нас богато”. У нас атрымалася ўвесьці гэтую песьню з украінскім тэкстам у польскі шоў-бізнэс. Яе паказвалі вядучыя музычныя каналы разам з найвялікшымі польскімі зоркамі. Так трэба зрабіць і зь беларускімі музыкамі, а іх музыка абсалютна вартая гэтага. Хочаце прыклад? Калі ласка – канцэрт у Варшаве з нагоды 25-й гадавіны стварэньня “Салідарнасьці”. Выступ гурта NRM быў найбольш кранальным момантам усяго вялікага канцэрту. Ніхто раней ня ведаў, што такое NRM, ніхто ня чуў песьні “Тры чарапахі”, але моц, якая ішла ад выкананьня, ад кампазыцыі папросту зачаравала прысутных. Потым усе толькі і гаварылі пра NRM, а ніхто не ўзгадваў нават пра польскія зоркі, якія ж таксама вельмі добра выступалі”.

На здымках: гурт NRM выступае на канцэрце ў Варшаве, прысьвечаным 25-годзьдзю руху "Салідарнасьць"





(Карэспандэнт: ) “Робэрт Ляшчыньскі кажа, што фэномэн беларускай рок-музыкі ў тым, што для тысячаў беларусаў яна з’яўляецца сынонімам патрыятызму. У Польшчы ніколі так не было – ніхто ў камуністычныя часы не прыходзіў на канцэрты з нацыянальнымі сьцягамі. Таму, паводле спадара Ляшчыньсканга, роля рок-музыі ў беларускім адраджэньні – выключная.

(Ляшчыньскі: ) “Беларусы атрымалі незалежнасьць пасьля стагоддзяў акупацыі, калі розныя краіны лічылі іх горшым народам і зьнішчалі іх нацыянальную эліту. Цяпер новая беларуская эліта, сярод іншага, паўстае і на канцэртах беларускіх рок-гуртоў. Магчыма, што для беларусаў гэтыя гурты будуць такім жа моцным сымбалем, як для нас калісьці Чэслаў Мілаш, пры ўсім разуменьні, што такое параўнаньне могуць назваць даволі сьмелым. Але тое, што яны ў музыцы ўжываюць беларускую мову, вельмі узмацняе іхны палітычны і культурны кантэкст. Ня трэба палітычных лёзунгаў, ня трэба крычаць са сцэны, што мы скінем дыктатара. Дастаткова, каб яны выйшлі і зайгралі і засьпявалі па-беларуску ў прысутнасьці тысячаў людзей. І тады гэта, я абсалютна не сумняюся, пачуюць і ў Польшчы, у Менску і ў Брусэлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG