Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч адчувае ўціск з усіх франтоў


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевічу павялічаны памер судовых выплатаў. Як лічыць апазыцыйны палітык, улады зрабілі гэта наўмысна, каб пагоршыць яго матэрыяльнае становішча. На ягоную думку, распрацаваны комплекс мераў, скіраваны на прыніжэньне гонару і годнасьці. Апазыцыйны палітык пакараны двума гадамі “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Мікола Статкевіч даведаўся, што зь яго вайсковай пэнсіі будуць вылічаць 50% грошай у бюджэт. Нагадаем, суд Цэнтральнага раёна Менску аштрафаваў апазыцыйнага палітыка за выступ на мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка. Паколькі на судовым паседжаньні Мікола Статкевіч адмовіўся ўстаць перад судзьдзём, яго аштрафавалі на 128 000 рублёў. Такім чынам, агульная сума склала 2 000 даляраў.

Паводле заканадаўства, штрафы ў адміністрацыйных справах могуць вылічаць ня больш за 20%. Так і было ад 1 чэрвеня. Потым, калі Мікола Статкевіч трапіў у Баранавіцкую спэцкамэндатуру, сытуацыя зьмянілася. З пэнсіі пачалі вылічваць 40%. У банку яму патлумачылі, што ўпершыню атрымалі ліст з мін''юсту, аб тым, што ў дадзеным выпадку можна складаць сумы штрафаў.

З 28 жніўня Міколе Статкевічу забаранілі наведваць Менск, спаслаўшыся на тое, што яго прыезд дэстабілізуе апэратыўную абстаноўку. Адразу пасьля гэтага яму скарацілі на тры гадзіны працоўны дзень на прадпрыемстве “Рэмбыттэхніка”, каб ён больш часу праводзіў у спэцкамэндатуры.

Апазыцыйны палітык лічыць гэта сьведчаньнем ціску з боку ўладаў з мэтай прымусіць яго не займацца палітыкай, а думаць пра кавалак хлеба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG