Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворкі пра летнікі


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 4 верасьня)

(Маёрчык: ) “Гэтым разам мы размаўляем пра моладзевыя летнікі, што прайшлі цягам вакацыяў”.

(Канапелька: ) “Задзіночаньне Беларускіх студэнтаў зладзіла спаборніцтва “Апошні студэнт”. Цягам некалькіх дзён удзельнікі жылі ў экстрэмальных умовах і харчаваліся тым, што маглі здабыць ў лесе й на возеры. У “Маладых галасах” аповед удзельніцы”.

(Маёрчык: ) “У Ганцавіцкім раёне Берасьцейшчыны маладыя актывісты Беларускага Народнага Фронту пратэставалі супраць знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі расейскага вайсковага аб’екту “Радыёлякацыйная станцыя “Волга”. Толькі ў нашай праграме — уражаньні ад кантактаваньня з тамтэйшым насельніцтвам і ад наведаньня мёртвых тэрыторыяў вакол станцыі!”

(Канапелька: ) “Дзяржаўны цэнтар пазашкольнай працы “Маяк” супольна з клюбам “Рыцары Вялікага княства” зладзілі летнік на берагах Браслаўскіх азёраў. Любы мог памерацца сілаю ў рыцарскім двубоі, пашукаць скарбы й сплесьці пас-абярог”.

Гаворкі пра “Апошняга студэнта”

(Канапелька: ) “Ягор, у мяне некалькі пытаньняў да цябе”.

(Маёрчык: ) “Волечка, няўжо ты нарэшце вырашыла ўзяць у мяне інтэрвію? У такім разе дашлі свае пытаньні ў пісьмовым выглядзе, і цягам дзесяці дзён я паспрабую адказаць на іх”.

(Канапелька: ) “Адкуль ты ўзяў такі тэрмін — дзесяць дзён! Ты што, з глузду зьехаў? І чаму так захваляваўся? Як сваімі пытаньнямі усім надакучаць, — гэта ты лічыш нармальным? Так?”

(Маёрчык: ) “Так, бо праца ў мяне такая”.

(Канапелька: ) “А сам экспромтам адказаць ня здолееш?”

(Маёрчык: ) “Здолею. Але я турбуюся, якія пытаньні ты падрыхтавала”.

(Канапелька: ) “Ды не турбуйся ты: гэта, наагул, не інтэрвію, а простае анкетаваньне. Здолееш адказаць на пытаньні?”

(Маёрчык: ) “Здолею”.

(Канапелька: ) “Сябры Задзіночаньня беларускіх студэнтаў склалі гэты апытальнік для ахвочых паўдзельнічаць у “Апошнім студэнце”. Задуму праекту яны тлумачаць так: “Гэта гульня для моцных духам і целам, гэта стыль жыцьця цягам пяці дзён. Жыцьця ва ўмовах вушацкага клімату з камарыкамі й казюркамі, з вавёрачкамі і зайчыкамі. У лесе і ля ракі (ці возера). Ты маеш: мінімальны запас ежы на адзін дзень, кемную галаву, усе дары лесу. Пяць дзён удалечыні ад цывілізацыі, у гармоніі з прыродай”. Такім чынам, адказвай на пытаньні. І мы паглядзім, ці прайшоў бы ты адбор для ўдзелу ў гульні. Ці меў ты досьвед жыцьця ў палявых ўмовах?”

(Маёрчык: ) “Так. Я пэрыядычна жыву ня ў хаце, а дзе прыйдзецца. Нічога для мяне новага тут няма”.

(Канапелька: ) “Выдатна! Ідзем далей. Ці меў ты досьвед начовак у экстрэмальных умовах?”

(Маёрчык: ) “Ды ў мяне што ні ноч, то экстрэмальныя ўмовы. Без праблем!”

(Канапелька: ) “Вялікі дзякуй! Падрабязнасьці пра экстрэмальныя ночы ў наступных праграмах. А ці можаш пражыць пяць дзён бязь піва?”

(Маёрчык: ) “Шчыра прызнаюся: бязь піва не пражыву. Тут жаданьні вышэй за мяне”.

(Канапелька: ) “Які непрыстасаваны да жыцьця! Жах! Ня можаш бязь піва пражыць. А ці здольны твой арганізм нічога ня жэрці на працягу пяці дзён?”

(Маёрчык: ) “Арганізм мой паспрабаваў бы. А ці вытрымаю я — невядома”.

(Канапелька: ) “Цяпер мае ўлюбёныя пытаньні. Як табе марынаваныя чарвячкі? Ці не бывае ад іх пякоткі?”

(Маёрчык: ) “Экзатычныя стравы люблю, але такога смакоцьця яшчэ не каштаваў. Адпаведна, як толькі пакаштую, дакладна адкажу на гэтае пытаньне”.

(Канапелька: ) “А якіх ты павучкоў любіш: з калматымі лапкамі? з гладкімі сьпінкамі? з добрымі тварыкамі?”

(Маёрчык: ) “Я люблю павучкоў з добрымі тварыкамі, каб у гэтых тварыках можна было пазнаць твае абрысы”.

(Канапелька: ) “Дзякуй за камплімэнт! Павучок і Вольга Канапелька — гэта адно і тое ж”.

(Маёрчык: ) “Так, можна паставіць знак роўнасьці”.

(Канапелька: ) “Спадзяюся, у наступным пытаньні ты ня будзеш ставіць знаку роўнасьці. Ягор, якой даўжыні зьмяюкі табе больш падабаюцца — на мэтар, на два, даўжэйшыя за два мэтры? Без параўнаньняў, калі ласка!”

(Маёрчык: ) “Параўнаньні будуць! Мне падабаюцца смачныя зьмяючкі. Дарэчы, іхнае мяса вельмі нагадвае кураняціну. І тут ніякага экстрыму няма”.

(Канапелька: ) “Ну, калі ты такі гурман, як адрэагуеш на мышку, што прабяжыць ля твайго твару?”

(Маёрчык: ) “Спачатку я западозру мышку ў тым, што яны скрала мой абед. І калі падазрэньні спраўдзяцца, у мышкі можа быць толькі адзін лёс — яна сама стане абедам”.

(Канапелька: ) “Усё, Маёрчык, з табой зразумела. Выснова такая: у цябе дастаткова авантурызму, каб удзельнічаць у экстрэмальным летніку. А ці выжыў бы ты там — вось пытаньне, на якое няма адказу”.

(Маёрчык: ) “Ну, калі ў тым летніку, што ладзіўся на возеры Кромань, выжылі дзяўчаты, то я дакладна спраўлюся. Пра свае прыгоды ў “Апошнім студэнце” апавядае Наталя Матуз”.

(Матуз: ) “Адбывалася ўсё вельмі файна і, можна сказаць, экстрэмальна. Удзельнічала сем чалавек — чатыры дзяўчыны і тры хлопцы. Наш праект “Апошні студэнт”, сутнасьць якога — зьяднаньне з прыродаю. Гэта быў наш дэвіз. А мэта — яднаньне людзей. Студэнты паехалі і адпачылі. Не патрацілі шмат грошай і пагулялі вельмі добра ў сваёй роднай старонцы на Беларусі. Месца дзеяньняў — возера Кромань. Гэта мяжа Гарадзенскай і Менскай абласьцей. Сэнс нашай гульні: чалавеку трэба выжыць менавіта ў нашых мясьцінах, на Беларусі”.



(Маёрчык: ) “Вы што, у чалавека адбіралі ўсе цывілізацыйныя прылады?”

(Матуз: ) “Так, мы папросту чысьцілі заплечнікі: адбіралі, напрыклад, прылады для галеньня, зубныя шчоткі, люстэркі — каб ніхто ня бачыў, якім ён стане. Потым такі сюрпрыз атрымаўся, калі празь пяць дзён (на такі час быў заплянаваны наш праект) удзельнікі пабачылі сябе. Усё, карацей, адбіралі. Напрыклад, памыць бялізну можна было толькі попелам, памыцца — бяз мыла, пясочкам пацерціся”.

(Маёрчык: ) “А як гэта можна — ня чысьціць зубоў некалькі дзён? Раскажыце пра свае адчуваньні”.

(Матуз: ) “Ну, так… Вядома, з зубамі было складана. Але можна было пашукаць ягад, імі пачысьціць як-небудзь”.

(Маёрчык: ) “Вы ў людзей адбіралі толькі прылады, ці й ежу таксама?”

(Матуз: ) “Ежа была разьлічана на адзін дзень. А потым ужо — як хочаш, так і выжывай: ягадкі зьбірай, грыбочкі”.

(Маёрчык: ) “І як народ выжываў?”

(Матуз: ) “Нармальна. Знайшлі нават сетку, каб рыбу лавіць”.

(Маёрчык: ) “Злавілі?”

(Матуз: ) “Не, на жаль, не злавілі”.

(Маёрчык: ) “А харчаваліся яны чым?”

(Матуз: ) “Ягадкамі. Варылі гарбатку, зьбіралі арабіну, маліньнік — лісточкі кідалі й варылі. Удзельнікі павінны былі дзяліцца на каманды. І ў нас былі прадугледжаны розныя гульні. Напрыклад, быў дзень экалягічны. Мы павінны былі зьбіраць розныя бутэлькі параскіданыя, скарыстаны посуд. Потым быў яшчэ адзін такі дзень, калі мы хацелі дапамагчы бабулькам зьбіраць каларадзкіх жукоў, праполваць бульбу”.

(Маёрчык: ) “А як бабулькі рэагавалі на тое, што прыходзіць у вёску сем чалавек, нямытыя, нячэсаныя ды яшчэ й галодныя, да таго ж, і кажуць: “Мы пазьбіраем у вас каларадзкіх жукоў”?”

(Матуз: ) “Справа ў тым, што ў нас там быў знаёмы хлопец, і ён папярэдзіў тых бабулек, каб яны ня вельмі палохаліся”.

(Маёрчык: ) “Што ўдзельнікам даюць такія экстрэмальныя прыгоды? Вы дзеля чаго туды паехалі?”

(Матуз: ) “Чаму я туды паехала? Мне было папросту цікава, як чалавек можа выжыць без мабільнага тэлефону (гэта цяпер — вельмі цяжка), бяз грошай. Ці магчыма — узяць ды паехаць у лес і жыць там?”

Гаворкі пра антывайсковы летнік

(Маёрчык: ) “Моладзь Беларускага Народнага Фронту зладзіла летнік у Ганцавіцкім раёне Берасьцейшчыны. Па сутнасьці, гэта была акцыя супраць знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі расейскага вайсковага аб’екту “Радыёлякацыйная станцыя “Волга”. База выконвае функцыю раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе на Расею і адсочвае запускі балістычных ракет у паўночных частках Атлянтычнага і Індыйскага акіянаў”.

(Канапелька: ) “А чым гэтая станцыя шкодная?”

(Маёрчык: ) “Канапелька, адтуль зыходзіць моцнае электрамагнітнае выпраменьваньне. Яно забівае навакольную прыроду (дрэвы сохнуць, птушкі зьнікаюць), а сярод тамтэйшага насельніцтва вельмі шмат людзей хварэе на рак. І вось менскія сябры БНФ выправіліся ў правінцыю, каб распавесьці пра ўсё гэта. Яны гутарылі зь людзьмі й распаўсюджвалі ўлёткі”.

(Канапелька: ) “Усё прайшло пасьпяхова?”

(Маёрчык: ) “Удзельнікі вандроўкі кажуць, што абышлося безь непрыемнасьцяў. І ў гэтым таксама адметнасьць сёлетняй акцыі. Летась расейскія вайскоўцы затрымалі ўдзельнікаў аналягічнага летніку, і тыя болей за суткі адседзелі ў міліцэйскім пастарунку. Я пагутарыў з Андрэем Сухаверхім — ён кіраваў акцыяй сёлета”.



(Сухаверхі: ) “Партыя БНФ выступае супраць знаходжаньня расейскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі, і мы (дакладней — нашая арганізацыя) ужо трэці год працуем з насельніцтвам, тлумачачы, што расейская вайсковая база Беларусі не патрэбная”.

(Маёрчык: ) “Што за моладзь наагул удзельнічала ў вашых акцыях?”

(Сухаверхі: ) “Я ўсім казаў, што летнік будзе цяжкі, што, магчыма, будуць затрыманьні. І, хутчэй за ўсё, яны будуць. Што будуць пераходы, што будуць праблемы ўначы, будуць праблемы са здароўем, бо вельмі халоднае надвор’е. Мы, дарэчы, выходзілі ў паход, калі бушаваў гэты ўраган, і ў нас палова людзей адсеялася. Але добра, што засталіся якраз тыя, хто не нудзеў: маўляў, вось вельмі холадна, няма чаго есьці, вельмі шмат ходзім пешкі, ды яшчэ й па лясах. У нас такіх размоваў не было. Калі я запытаўся ў двух чалавек, чаго ім не сядзелася дома, чаго яны сюды пайшлі, яны сказалі: лета неяк спакойна праходзіць, экстрыму трэба. Ды гэтае лета яшчэ адносна спакойнае. Наступнае лета будзе перад прэзыдэнцкімі выбарамі — экстрыму будзе! Але і ў гэтым годзе нашая акцыя атрымалася даволі экстрэмальная.

Калі ішоў у гэты летнік, думаў, што мы там будзем у лесе адпачываць, слухаць, як птушкі сьпяваюць. Нашы летнікі былі за пяць-шэсьць кілямэтраў ад станцыі, аднак птушак нідзе не было чуваць. Дзе вы яшчэ знойдзеце такі летнік, падчас якога можна і адпачыць, а можна і займацца агітацыйнай працай з насельніцтвам, размаўляць пра палітыку, пра ўладу, пра нашае жыцьцё?.. І ў той жа час рабіць вандроўкі ўначы па лесе на шэсьць кілямэтраў пад расейскія ваенныя аб’екты? Дзе моладзь атрымае такі экстрым?”

(Маёрчык: ) “Гэтым летам вы што рабілі? І якія вынікі вашай працы?”

(Сухаверхі: ) “У гэтым годзе мы апрацавалі вёскі ў Ганцавіцкім і Ляхавіцкім раёнах. Гэта цяпер у Менску людзі прызвычаіліся, што да іх ходзяць дахаты, што ім прыносяць улёткі ад дзьвярэй да дзьвярэй. А там да людзей ніхто ніколі не даходзіць. І вельмі цікава было ўбачыць рэакцыю бабулек, якія бачаць, што моладзь прыехала зь Менску, размаўляе зь імі, нешта нават дае, тлумачыць і непакоіцца пра іхнае жыцьцё, пра іхнае здароўе. Бабулькі казалі, што будуць сьвечкі ў царкве за нас ставіць. А таксама была праца з насельніцтвам у горадзе Ганцавічы. Мы разьнесьлі па паштовых скрынях некалькі тысяч улётак, паспрабавалі размаўляць зь людзьмі на гарадзкім кірмашы.

І было вельмі цікава: людзі ведаюць, што гэтая станцыя шкодная. Нам казалі: “Ды што рабіць? Усё роўна гэтая станцыя будзе стаяць. Давайце вы лепш займайцеся праблемамі моладзі, праблемамі наркаманіі, праблемамі алькагалізму”. І вельмі часта людзі самі працягвалі размову, ішлі з намі на кантакт. Пераконваць амаль што не даводзілася, бо людзі самі разумеюць, што радыёлякацыйная станцыя — шкодная. Але ў іх ёсьць такое ўяўленьне, што гэтая РЛС вечная. Яны казалі: “Так, яна шкодная, мы ад гэтага пакутуем, але яна ўсё роўна будзе, і змагацца супраць яе сэнсу няма”. Яшчэ яны бачаць стаўленьне расейскіх вайскоўцаў, а стаўленьне, дарэчы, абсалютна хамскае. Бо тыя лічаць, што гэта іхная зямля, і вельмі дрэнна трымаюцца са звычайнымі жыхарамі. Напрыклад, у краме часта кажуць людзям: “Вы бяз нас — ніхто”.

(Маёрчык: ) “Сёлета ў вас былі пэрсанальныя кантакты з расейскімі вайскоўцамі?”

(Сухаверхі: ) “У гэтым годзе, калі мы пасьля першага дня працы пераходзілі на іншае месца нашага летніка, там нас чакалі расейскія вайскоўцы. Яны падышлі да нас, справакавалі жорсткую размову. Казалі: “Мы тут уже целое лето ждем бэнээфовцев и хотим с ними разобраться. У нас есть на них управа — наручники и дубинки. Мы их ждем — пусть только приходят”. Мы, вядома, не падалі выгляду, што гэта мы й ёсьць”.

Гаворкі пра рыцарскі летнік

(Канапелька: ) “Тым часам, пакуль недзяржаўныя моладзевыя ініцыятывы ладзілі свае летнікі, чальцы праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі дапамагалі рамантаваць Аўгустоўскі канал”.

(Маёрчык: ) “Воля, дзеля аб’ектыўнасьці трэба зазначыць, што й афіцыйныя ўстановы ладзілі летнікі, вартыя ўвагі. Прыкладам, Менскі цэнтар пазашкольнай працы “Маяк” разам з клюбам “Рыцары Вялікага Княства” выправіліся на берагі Браслаўскіх азёраў. Праз тэлефон я скантактаваўся з удзельніцай вандроўкі, супрацоўніцай “Маяку” Людмілай. Ейны аповед — да нашай увагі”.

(Людміла: ) “Некаторыя дзеці ехалі са сваімі бацькамі, частка зь іх — студэнты, частка — школьнікі. Я так думаю, сярэдні ўзрост не перавышаў 13 гадоў. Праграма заключалася ў тым, каб даць магчымасьць маладым адкрыцца: перамена месца, перамена абстаноўкі спрыяюць адкрыцьцю нейкіх новых якасьцяў. І тут менавіта так было, таму што мы бралі з сабой дасьпехі, некаторыя матэрыялы, з дапамогай якіх праводзілі майстар-клясы па рамёствах”.

(Маёрчык: ) “Хлопцы бралі з сабой дасьпехі. У вас была нейкая імпрэза?”

(Людміла: ) “Яны наладжвалі між сабой бойкі, двубоі, і гледачамі былі ўдзельнікі летніку, а таксама тыя людзі, якія стаялі з намі на нашай паўвысьпе. Прыходзілі таксама мясцовыя жыхары — яны былі вельмі захопленыя. На свае вочы ўбачыць і надзець дасьпех — гэта ўжо нешта большае, чым папросту ўбачыць па тэлевізары ці прачытаць у газэце”.

(Маёрчык: ) “Вы назвалі другім асноўным пунктам праграмы летніку майстар-клясы…”

(Людміла: ) “Майстар-клясы ў нас былі па пляценьні паясоў. Там дзяўчаты папросту паказвалі, як гэта робіцца. Паясы ткаліся на дошчачках. Кожная дошчачка квадратная, дзесьці чатыры на чатыры, напрыклад, мэтры. І ў кожным куточку прабітая дзірачка, а ў кожную дзірачку трэба правесьці нітачку. І гэта вельмі складаная справа для людзей, якія першы раз бачылі, як такое робіцца. Зразумела, гэта, як атракцыён”.

(Маёрчык: ) “Як сталыя людзі ставіліся да ўбачанага? І іхныя водгукі?”

(Людміла: ) “Гурыновіч Сяргей зь Менску, ягоная жонка Натальля і сын Марк удзельнічалі ў гэтым летніку. І я хачу сказаць: вынікам сталася тое, што Сяргей па прыезьдзе зь летніка замовіў сабе беларускі строй. Я лічу, што гэта самы значны вынік, бо гэтая падзея стала для яго штуршком: яны ўжо сабе з Маркам пашылі строі”.

(Маёрчык: ) “Вы назіралі за людзьмі — якія зьмены зь імі адбываліся? Як яны мяняліся?”

(Людміла: ) “Вось можаце сабе ўявіць: дзеці, якія былі заўсёды пад апекай бацькоў. Дык тут было вельмі цікава назіраць: дзеці, гарадзкія, з бэтонных клетак, якія выехалі на прыроду, — як яны тут сябе адчувалі? Вядома, для некаторых гэта было вельмі складана. Для некаторых вогнішча разьвесьці было зьявай!”

Анонс часопісу “Студэнцкая думка”

(Канапелька: ) “Новы нумар “Студэнцкай думкі” ў нейкай ступені таксама прысьвечаны вандроўкам. Пра зьмест выпуску — супрацоўніца рэдакцыі Алена Шалаева”.

(Шалаева: ) “Студэнцкая Думка” гэтым нумарам распачынае новы сэзон. Тэма — “Countryside: вясковая мясцовасьць і стыль жыцьця ў ёй”. “Поўнае пагружэньне ў countryside” можна ажыцьцявіць, чытаючы артыкул Марыйкі Мартысевіч “Абанэнт часова недаступны”. Тут і прыхаваная ад лішняга вока незвычайная ролевая гульня па творах Гогаля “Вечары на хутары блізу Дзіканькі”, і праца ў абмен на кайф у археалягічным летніку “Сфэра Палятыды”.

Падтрымліваючы ініцыятыву беларускага ўраду ў разьвіцьці экатурызму, кантры-бунтары “CD” пацягаліся па беларускім кантрысайдзе з мэтай скласьці гайдбук па “дзікім” беларускім агратурызьме. Мінаючы папсовыя турыстычныя кропкі, яны накапалі такое, што турыстычным агенцыям ня сьнілася і ў страшным сьне. Чытайце ў артыкуле “Трэба дома бываць часьцей”.

Плюньце ў вочы таму, хто кажа, быццам ніводзін нармальны студэнт не паедзе па разьмеркаваньні. Паедзе — і нават не адзін “нармальны”. Пра зьмены ва ўяўленьні студэнта адносна разьмеркаваньня ў вёску і тое, што здараецца потым, чытайце ў новым нумары “СД”/“Студэнцкая Думка”.

Шура Лепель назірае зь небясьпечнай адлегласьці за “Сэксам на вэрандзе”. У артыкуле няма гісторыяў пра трактарыста Ваньку і ягоную казу Маньку, але што такое сучасная “дзеравенская любоў”, зразумець можна.

Прыватны сэктар займае 19% тэрыторыі Менску. Пры гэтым у iм жыве меней за 5% жыхароў сталiцы. У наступным годзе большая частка гэтага сэктару мусіць быць зьнесена. Countrysidе у сталіцы Беларусі апісвае Юля Кляшняўскас у артыкуле “Хаўз трыял”.

“Я рады, што паехаў вучыцца не ў Эўропу і не ў Амэрыку”, — кажа Андрэй Лянкевіч, герой рубрыкі “The Feicy”. Міжнародныя курсы фотажурналістаў, запрашэньне адсьвяткаваць у Галяндыі дзень народзінаў тусоўкі найлепшых фотажурналістаў сьвету.

Якім будзе беларускі канал MTV? У рэдакцыю “CD” трапіў дыск з запісанай сэрыяй пробных здымкаў, дзе фігуруюць відарысы Менску і лёга MTV. Магчыма, гэта — нарэзка з ТБ-заставак і “ўпакоўкі” беларускага MTV. Дызайн нас шакаваў! Пра падрабязнасьці чытайце ў новым нумары “СД”.

Увага! Новая рубрыка “Ўнівэр’с”! У ёй — парадоксы параўнальнага аналізу: беларуская адукацыя паперадзе ўсяго сьвету, ці чаму й за колькі беларусы вучацца — пра гэта ў артыкуле “Нас не дагоняць!”. Акрамя таго, — навіны вышэйшай адукацыі сьвету, новая рубрыка “REMIX 68”.

Напрыканцы сэзону “вясна-лета 2005” стала канчаткова зразумела, што rhythm&blues ёсьць! Пра адну з самых модных форм баўленьня часу ў Менску чытайце артыкул Андрэаса Копыса і Касі Бусловай. Усё гэта можаце прачытаць у восьмым нумары часопісу “Студэнцкая Думка”.

(Маёрчык: ) “Вялікі дзякуй Алене Шалаевай за анонс новага нумару “Студэнцкай думкі”.

(Канапелька: ) “Нашая размова, з экспрэс-аглядам летнікаў, завяршаецца. Пачатак навучальнага году прынясе новыя падзеі і новыя тэмы для абмеркаваньня. А гэта значыць, што мы яшчэ сустрэнемся”.
XS
SM
MD
LG