Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод прызначаных пад знос дамоў могуць апынуцца і помнікі архітэктуры (фота)


Ігар Карней, Менск Згодна з рашэньнем менскіх уладаў, ужо ў найбліжэйшай пэрспэктыве з мапы гораду зьнікне палова прыватных забудоваў. На прыкладзе Паўночнага завулку ў цэнтры сталіцы, зь якім зьвязаны лёс шмат якіх выбітных асобаў Беларусі, адмыслоўцы папярэджваюць аб верагоднасьці страты адной з апошніх гістарычных выспаў, дзе замест офісаў ды паркінгаў мог быць створаны музэй пад адкрытым небам.

Рашэньнем Менскага гарвыканкаму пад знос заплянавана амаль 50% прыватнага сэктару. З мэтай пэрспэктыўнага зносу ўжо агледжана 820 прыватных драўляных будынкаў. Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі ў гэтым зьвязку зважае на лёс Паўночнага завулку, якому замест музэйнай пэрспэктывы пагражае інтэнсіўнае засваеньне — як, зрэшты, і іншым гістарычным мясьцінам сталіцы.

(Харэўскі: ) “У сьвятле плянаў татальнага зносу прыватнай забудовы лёс Паўночнага завулку вісіць на валаску. Гэта пытаньне толькі часу, калі гэтыя будынкі будуць зьнесеныя, бо Паўночны завулак — гэта самы цэнтар гораду, два крокі ад тэатру Музкамэдыі, каштоўная для тэарэтычных інвэстараў і забудоўнікаў тэрыторыя. І будзе вельмі прыкра, што, ведаючы праблему на гэтым этапе, мы ня здолеем аберагчы выспачку старасьвецкага Менску, дзе фактычна можна было б стварыць, калі заўгодна, своеасаблівае Траецкае прадмесьце, але з дрэва. Туды яшчэ маглі б быць падвезеныя некаторыя каштоўныя драўляныя будынкі, якія ацалелі ў іншых кварталах Менску. І ў пэрспэктыве гэта мог быць адзін з найбольш наведвальных аб’ектаў”.

Паводле дасьледчыцы Алены Красновай, забудова ў Паўночным завулку ўзьнікла на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў. Сярод жыхароў існуе легенда, што назву завулку даў Адам Язьвінскі, начальнік вакзалу Лібава-Роменскай чыгункі, які ў 1906 годзе пабудаваў тут адзін зь першых дамоў. Згодна з апісаньнямі нерухомасьці гарадзкога праўлення за 1910 год, тады колькасьць пляцаў была роўнай 27, але цягам наступных гадоў там вялася актыўная забудова. Да 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя частка завулка аказалася зьнішчанай, а колькасць дамоў скарацілася з трыццаці да дзясятка. Паводле гісторыка Ўладзімера Дзянісава, цяпер лёс і гэтых дамоў неакрэсьлены — нават нягледзячы на тое, што яны знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай.

(Дзянісаў: ) “Я ведаю гісторыю, зьвязаную зьпераходам Паўночнага завулку пад ахову. Таму, з аднаго боку, рашэньне Менгарвыканкаму яго ня тычыцца. Але, з улікам досьведу, нічога выключаць нельга, і зрабіць могуць ўсё што заўгодна”.

Яшчэ адзін менскі дасьледчык Аляксандар Лакотка згадвае, што 15 гадоў таму Менгарвыканкам падрыхтаваў сьпіс помнікаў гісторыі і культуры, у якім былі пазначаныя ў тым ліку і дамы Паўночнага завулку. Але, нягледзячы на гэта, з часам драўляную забудову пачалі пакрысе зносіць, вызваляючы пляцоўкі для гародніннай фабрыкі і будынку гарадзкой міліцыі. У гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага цікаўлюся: зь якімі выбітнымі асобамі асацыюецца Паўночны завулак?

(Харэўскі: ) “Акурат у тыя часы, як будаваліся тыя дамы, ва ўпраўленьні чыгункі працавалі Янка Лучына, Уладыслаў Галубок, Карусь Каганец, Альбэрт Паўловіч, пэўны час — Алесь Бурбіс, Алесь Гарун; урэшце — Максім Багдановіч. Натуральна, што гэта была спэцыфічная каста людзей з пэўнай адукацыяй, з пэўнымі культурніцкімі патрэбамі. І, мяркую, вельмі цікава было б, каб адзін з гэтых будынкаў быў скарыстаны як філіял літаратурнага музэю”.

Музэі пад адкрытым небам, прысьвечаныя гарадзкой культуры, існуюць у ЗША, Вялікай Брытаніі, Даніі, Галяндыі, Швэцыі, Баўгарыі, Расеі, Польшчы, Украіне. Менск, які амаль цалкам страціў сваё былое аблічча, ня мае ні музэю сваёй гісторыі, ні гістарычных тэрыторыяў музэйнага кшталту.

Фотарэпартаж

Такія аўтэнтычныя дамы могуць пайсьці пад знос

На месцы асобных драўляных забудоваў стаіць індустрыяльны даўгабуд.

Гістарычны дом, "асучасьнены" шклопакетамі і каляровым дахам, пазбавіўся сваёй гістарычнай каштоўнасьці

(фота аўтара)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG