Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна расейскамоўная радыёстанцыя зь вяшчаньнем на Беларусь?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ужо ў лістападзе Эўрапейская камісія мае намер абвясьціць пераможцу тэндэру, які атрымае 2 мільёны эўра на падрыхтоўку і перадачу праграмаў для Беларусі цягам двух гадоў. Між тым віцэсьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч рэзка скрытыкаваў умовы тэндэру, заявіўшы, сярод іншага, што ў выніку вяшчаньне можа ізноў пачацца на расейскай мове, як у выпадку зь «Нямецкай хваляй».

Паводле плянаў Эўрапейскай камісіі, новыя прагарамы для Беларусі, у дадатак да кароткіх перадачаў «Нямецкай хвалі» павінны з''явіцца ўжо 1 студзеня наступнага году. Але выглядае на тое, што як і ў выпадку зь нямецкай радыёстанцыяй, пераможцы тэндэру могуць спадзявацца на хвалю пратэстаў ад саміх беларусаў, бо іхныя перадачы, хутчэй за ўсё, будуць расейскамоўнымі.

Так лічыць віцэсьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч, які атрымаў дакумэнт з умовамі тэндэру. Паводле ягоных словаў, нягледзячы на тое, што камісія, пасьля пратэстаў, пагадзілася і на беларускую мову, умовы конкурсу такія, што тэндэр ня мае шанцаў выйграць невялікая радыёстанцыя або аргкамітэт па стварэньні новай радыёстанцыі. Напрыклад, змагацца за 2 мільёны эўразьвязаўскага гранту можа толькі станцыя, якая мае ня менш за мільён слухачоў у краінах былога Савецкага Саюзу, а яе гадавы абарот мусіць перавышаць 3 мільёны эўра цягам апошніх пяці гадоў.

«Гэта значыць, што справа вырашыцца ў коле такіх гігантаў, як "Deutsche Welle”, BBC, Radio France International і Euronews. А Польскае радыё, якое ўжо даўно мае беларускамоўную службу, ці беластоцкае радыё Рацыя, застануцца па-за конкурсам”, - заявіў Анышкевіч.

Паводле ягоных словаў, чыноўнікі ў Брусэлі ўвогуле не разумеюць, якую ролю адыгрывае беларуская мова, якая ў сучаснай Беларусі, акрамя іншага, ёсьць “носьбітам грамадзянскай сьвядомасьці”.

Януш Анышкевіч сказаў, што ня ўпэўнены, ці атрымаецца ў яго пераканаць Эўрапейскую камісію зьмяніць ўмовы тэндэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG