Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бітва пад Воршай і сьвяткаваньне Дня вайсковай славы (фотарэпартаж)


Браніслава Станкевіч, Віцебск Аршанская бітва, якая адбылася на Крапівенскім полі 8 верасьня 1514 году, да сёньня застаецца аб''ектам навуковых, палітычных і нават ідэалягічных спрэчак. 491 год таму войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Канстанцінам Астроскім перамаглі амаль утрая большае маскоўскае войска, спыніўшы на пэўны час расейскі наступ на Беларусь.



У рэчышчы развагаў пра славутую Аршанскую бітву дагэтуль не сьціхаюць спрэчкі – літоўцы, палякі або беларусы перамаглі войска расейскае дзяржавы?

Ці ня можа адзначэньне гэтай даты стаць ідэалягічнай праблемай у часе гаворкі пра стварэньне так званай "саюзнай дзяржавы"? Ці ёсьць сэнс сьвяткаваць угодкі перамогі пад Воршай як Дзень беларускай вайсковай славы?

Над гэтымі пытаньнямі разважае доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч.

(Грыцкевіч:) “Гэта сапраўды дзень беларускай вайсковай славы: ваяры Канстанціна Астроскага ў колькасьці 30 тысяч чалавек перамаглі расейскае войска, якое налічвала 80 тысяч чалавек. Але галоўнае хіба ня ў гэтым. Галоўнае тое, што абвяргаецца той міт, што беларусы рахманыя, ціхія ды спакойныя: баявы дух беларускіх рыцараў быў тады настолькі высокі, што вялікія сілы ворага яны адолелі ўсяго за некалькі гадзінаў.

І мы ўсе павінны адзначаць гэты дзень. Не таму, што ёсьць нейкая варожасьць паміж беларусамі ды расейцамі. Бо такой варожасьці няма. Проста міма такіх значных гістарычных фактаў праходзіць нельга.”

Гісторык Анатоль Грыцкевіч быў адным зь першых сучасных беларускіх дасьледчыкаў, хто зацікавіўся Аршанскай бітвай. Ён кажа, што яшчэ ў 19-м стагодзьдзі пра гэтую бітву пісалі асобныя расейскія навукоўцы, але за савецкім часам на яе было накладзенае табу. Бадай адзіным, хто наважыўся нагадаць пра перамогу над маскоўскім войскам, быў Уладзімер Караткевіч.

У 1967-м годзе ён напісаў эсэ “Рша камен...”, прысьвечанае 900-м угодкам роднае Воршы, і там ёсьць такія радкі: “Прыйшоў на гэтую зямлю з рабункам Васіль Трэці – і яму здолелі даць па шыі аршанскія людзі”.

Аднак нашчадкі тых людзей – дзевяціклясьнікі аршанскае школы №2 – ведаюць пра бітву на рацэ Крапіўна чамусьці зусім ня тое, пра што “эзопавай мовай” некалі гаварыў іхны зямляк-пісьменьнік.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы пра Аршанскую бітву, якая адбылася ў 1514-м годзе?"

(Дзяўчына: ) “Ведаем. Гэтая бітва была каля Воршы”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто з кім ваяваў, можаце сказаць?”

(Другая дзяўчына: ) “Ня ведаю. Ну, можа, палякі з кімсьці там...”

(Карэспандэнтка: ) “І хто перамог у Аршанскай бітве?”

(Трэцяя дзяўчына: ) “Ну, прыкладам, Літва.”

Гэтых аршанскіх школьніц цяжка абвінаваціць у невуцтве. Бо ў падручніку “Мой родны край – Аршаншчына”, які склалі мясцовыя аўтары, пра гістарычную бітву напісана так: “Сабранае ў Мінску войска літоўскае на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім выступіла ў паход. Дайшоўшы да Воршы, ён даведаўся, што непадалёку, на беразе рачулкі Крапівенкі, знаходзіцца войска маскоўскае. Астрожскі вырашыў даць бітву. Яна была жорсткай і працяглай. К ночы бітва завяршылася поўным разгромам маскоўскага войска.”

Далей гаворыцца пра тое, што гэта была адна з буйнейшых бітваў 16-га стагодзьдзя, што пра яе складзена гістарычная песьня і напісана першая ў Эўропе батальная карціна, якая цяпер знаходзіцца ў музэі ў Варшаве. Гэта – праўдзівыя зьвесткі. А пра тое, чаму ў падручніку не згаданыя ні беларусы, ні расейцы, разважае аршанскі краязнаўца Юры Копцік.

(Копцік: ) “Адразу баяцца, што за ўсходняй мяжой на гэта паглядзяць “ня так”, і гэта ўскладніць нашыя дзяржаўныя узаемаадносіны. Праўда, ніхто чамусь ня згадвае, што за той самай усходняй мяжой кожныя дзесяць год адзначаюць угодкі Кулікоўскай бітвы, і гэта не папсавала адносіны ні з рэспублікай Татарстан, ні з нашчадкамі Залатой Арды – Іранам.”

Дарэчы, сьвяткаваньне ўгодкаў Кулікоўскай бітвы праходзіць ня раз на 10 гадоў, а штогод, як зрэшты, і ўгодкі Лядовага пабоішча, узяцьця цытадэлі Ізмаіл ды Барадзінскае бітвы, якая адбылася таксама 8 верасьня (1812-га году). Гэтая дата па іроніі лёсу шырока адзначаецца ў Расеі як адзін з 15-ці Дзён вайсковае славы Расеі, вызначаных Дзяржаўнай думай у 1995-м годзе. Беларусь ня мае ніводнага...



З краязнаўцам Юрыем Копцікам мы ідзем па славутым Крапівенскім полі, дзе амаль 500 год таму адбылася Аршанская бітва. Першыя ўдзельнікі аднайменнага бардаўскага фэсту паставілі тут вялікі крыж ў памяць пра загінулых ваяроў. З тае пары – з 1991-га году – гэты фэст тут праводзіцца ў першыя выходныя верасьня.

(Копцік: ) "Бітва была прыблізна за 12 кілямэтраў ад Воршы, паміж лесам Лугаўцы, вёскай Гацькаўшчына і вёскай Савішчана, на правым беразе рэчкі Крапіўны. Фэст адбываецца якраз на тым гістарычным месцы, якое паказаў невядомы мастак на сваёй карціне. Некаторыя напачатку так і меркавалі, што нельга ладзіць нейкія фэсты ды сьпевы там, дзе лілася кроў ды гінулі людзі. А я думаю, што гэта найлепшая форма адзначэньня тае падзеі – самая што ні ёсьць немілітарная імпрэза, такая, як фэст беларускай бардаўскай песьні ды паэзіі.”

Ой, у нядзельку параненька Узышло сонца хмарненька, Узышло сонейка над борам, Па-над селецкім таборам.

Штогод бардаўскі фэст пачынаецца з гэтае народнае песьні “Аршанская бітва” ў выкананьні мясцовага барда Андрэя Мельнікава, якому падпяваюць усе, хто ведае словы.

Масква стала наракаці, Месца Воршу пакідаці. А як з Воршы ўцякалі, Рэчку-невялічку пракліналі...

Бадай, ты, рэчка сто лет высыхала, Як наша слава тутака прапала, Каб ты высыхала да сканчэньня сьвету, Бо нашай славанькі ўжо нету

Слава ж Воршы ўжо ня горша, Слаўся, князь Астроскі.

Сапраўды, хіба толькі гэтыя радкі нагадваюць пра збройнае мінулае Крапівенскага поля. Сёлета ўночы з 3-га на 4-га верасьня тут ізноў зьбіраліся на фэст самадзейныя сьпевакі ды паэты, і Карону пераможцы атрымаў бард Андрэй Хадановіч, пад жартоўныя сьпевы якога усе на полі танчылі, сьмяяліся ды падпявалі.



Бардаўскі фэст застаўся бадай адзінай магчымасьцю адзначаць угодкі Аршанскае бітвы як сьвята, бо традыцыя адзначаць 8-га верасьня Дзень беларускай вайсковай славы так і ня сталася дзяржаўнай. Пасьля таго, як беларускі парлямэнт узімку 1992 году прыняў закон аб стварэньні беларускага войска, 8 верасьня гэтага ж году 12 кадравых афіцэраў і яшчэ каля 3 000 шараговых жаўнераў прынялі прысягу на вернасьць Беларусі. Адбылося гэта ў Менску на плошчы Незалежнасьці. Усе пазьнейшыя грамадзкія акцыі, прысьвечаныя Дню беларускай вайсковай славы, былі несанкцыянаваныя ды зазвычай сканчаліся затрыманьнямі, судамі й пакараньнямі.

Але нягледзячы на затрыманьні ды вялікія грашовыя штрафы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, ён жа рэдактар недзяржаўнай газэты “Выбар”, штораз пазначае выходныя дадзеныя свае газэты наступным чынам.

(Хамайда: ) “Адрэса рэдакцыі: Крапівенскае поле пад Воршай. Код: 0809. Тэлефон 1514. Калі ў мяне пытаюцца, ці насамрэч газэта там выходзіць, я кажу так: “Калі над Воршай цёмная ноч, то на тым полі зьяўляецца беларускі рыцар. Ён спускаецца пад зямлю, там у скляпеньні стаіць друкарка, а зь яе выходзяць аркушы “Выбару”. А побач стаіць Эўфрасіньня Полацкая і бласлаўляе: “За незалежнасьць і волю, за волю і незалежнасьць!”

А што думае пра Аршанскую бітву ды Дзень беларускай вайсковай славы сучасны аналяг беларускага рыцара – шараговы жаўнер беларускага войску?

(Броўка: ) “Я радавы Віталь Броўка, праходжу службу ў артылерыйскай частцы, што месьціцца ў вёсцы Бароўка Лепельскага раёну. У войску адзін лейтэнант мяне наўпрост прывітаў :”Ну, што, жыве Беларусь!” А адзін з нампалітаў распавядаў на занятках пра тое, што сапраўднымі нашымі сымбалямі былі бел-чырвона-белы сьцяг ды Пагоня, пад якой ваяры хадзілі ў бой яшчэ ў Сярэднявеччы. Так што, я думаю, Дзень беларускай вайсковай славы адзначаць у цяперашнім войску цалкам магчыма. Адно што усялякае рэфармаваньне войску ня мусіць быць асобным ад рэфармаваньня ва ўсёй дзяржаве. І калі кожны будзе ўсьведамляць, якія каштоўнасьці мае ягоная нацыя, і якія сьвяты ён мусіць адзначаць, то ніякіх адмысловых захадаў і не спатрэбіцца”.

Дзень Аршанскае бітвы так і застаўся дагэтуль неафіцыйным Днём беларускай вайсковае славы, але ён ёсьць адным з сымбаляў надзеі на адраджэньне сапраўднай беларускай дзяржаўнасьці ды незалежнасьці. Таму, разважаючы пра яго, шмат хто з сёньняшніх беларусаў ужо ня толькі згадвае мінулае, але й марыць пра будучыню. Мастак Алесь Пушкін, да прыкладу, думае пра стварэньне мэмарыялу на Крапівенскім полі.

(Пушкін: ) “Ёсьць прапанова: нарэшце прафэсійна аздобіць гэтую традыцыю стаяньня на Аршанскім полі. Я маю прапанову наконт лягатыпу – гэта тарча, шалом з адкрытым забралам, дэвізам “Patria super omniа ”. І да 2014-га году, якія б ні былі варункі ў дзяржаве або пэрспэктывы беларускія, мне хочацца каб тут быў даўгавечны мэмарыяльны знак. Вось мая мара”.

І, напэўна, пра пэрспэктывы адзначыць 510-я ўгодкі бітвы на належным, дзяржаўным узроўні, сёньня марыць не адзін Алесь Пушкін.

Гл. таксама • Менская грамадзкасьць адзначыла ўгодкі перамогі пад Воршай • На Полаччыне таксама адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы • У Віцебску затрымалі чатырох актывістаў "за бітву пад Воршай" • Дзень Беларускай вайсковай славы прыпамінаюць беларусы Белгіі й Галяндыі •
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG