Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская грамадзкасьць адзначыла ўгодкі перамогі пад Воршай


Валянціна Аксак, Менск Хутка надыдзе той час, калі дзень вялікай Аршанскай перамогі будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні як дзень славы беларускага войска. Такі быў лейтматыў выступаў на навукова-мастацкім паседжаньні, якое адбылося сёньня ўвечары ў Менску з нагоды 491-х угодкаў перамогі войска Вялікага княства Літоўскага над захопніцкім войскам Маскоўскай дзяржавы.

Вось што сказаў прафэсар Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Раней ці пазьней мы прызнаем яго сапраўды як наша вайсковае сьвята, як дзяржаўнае сьвята. І ня трэба будзе вялікіх доказаў, бо за пятнаццаць гадоў ужо напісана дастаткова, сабраны дакумэнты, рыхтуецца даведнік і з дакладамі, і з дакумэнтамі, усімі, што тычацца гэтай падзеі”.

Прафэсар Анатоль Грыцкевіч быў першым з сучасных гісторыкаў, хто грунтоўна дасьледаваў бітву войскаў Вялікага княства Літоўскага з маскоўцамі, якая адбылася 8 верасьня 1514 году пад Воршай, і якую расейскі гісторык Мікалай Карамзін назваў самай вялікай паразай за ўсю гісторыю расейскай дзяржавы. (Таму згадка пра яе вельмі рэдка трапляла на старонкі афіцыйнае як расейскае, так і савецкае гісторыі.)

Пісьменьніца Вольга Іпатава зазначыла, што пад Воршай нашыя продкі атрымалі перамогу, якая ўвайшла ва ўсе падручнікі вайсковай справы эўрапейскіх краінаў, ня толькі дзякуючы перавазе ратнага майстэрства, але і вышэйшаму ўзроўню культурнага разьвіцьця ВКЛ.

(Іпатава: ) “Перавага гэтая была настолькі відавочная, што калі прасачыць яе па лёсах людзей, якія ўскосна ці наўпрост грунтуюцца вакол гэтай бітвы, то ўжо мы бачым, наколькі тады Вялікае княства Літоўскае пераўзыходзіла Маскоўскае княства ў сваіх культурных дасягненьнях”.

Беларускае грамадзтва даведалася пра вялікую перамогу сваіх продкаў толькі пятнаццаць гадоў таму. На пачатку 1990-х гадоў дзень 8 верасьня шырока адзначаўся грамадзкасьцю, а цяперашняя беларуская ўлада не прызнае гэтае сьвята.

Сёньняшняя імпрэза адбывалася ў невялікім памяшканьні Таварыства беларускай мовы, сьцены якога аздобілі малюнкі пераможцаў дзіцячага конкурсу, прысьвечанага бітве пад Воршай. Але ўдзельнікі імпрэзы перакананыя, што слава, здабытая нашымі продкамі на Крапівенскім полі пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астрожскага, стане прадметам агульнанацыянальнага гонару.

Вось што сказаў сьвятар Леанід Акаловіч, які днямі асьвяціў поле бітвы пад Воршай.

(Акаловіч: ) “Памяць пра Астрожскага Канстанціна Іванавіча і пра яго слаўную перамогу жыве, нягледзячы на ўсе забароны. Гэтая дата штогод адзначаецца, і прыйдзе час, што будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG