Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльская праблема адсоўваецца ўладамі ўбок, лічаць экспэрты


Юлія Шарова, Менск Рост анкалягічных захворваньняў ды наагул пагаршэньне стану здароўя насельнікаў забруджаных тэрыторыяў часьцей за ўсё сьпісваюць на галечу, каб не займацца грунтоўнымі дасьледаваньнямі. Гэтыя высновы, зробленыя беларускімі спэцыялістамі, выкарыстоўваюцца потым у міжнародных справаздачах.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Інваліды Чарнобылю” Ўладзімер Камянкоў лічыць, што наагул замоўчваць чарнобыльскую праблему цяпер складана. Прынамсі, немагчыма замоўчваць інфармацыю пра ступень забруджанасьці. У той самы час, мяркуе спадар Камянкоў, чарнобыльская праблема адыходзіць на задні плян, на яе ўсё меней зьвяртаюць увагу як у самой Беларусі, гэтак і ва ўсім сьвеце.

Гэта зьвязана з рознымі прычынамі. Найперш з тым, што нашая краіна яшчэ ня гэтулькі багатая, каб выдаткоўваць на пераадоленьне наступстваў чарнобыльскай аварыі шмат грошай. Тыя сродкі, што выдаткоўваюцца зь бюджэту, маглі б разьмяркоўвацца больш рацыянальна, але гэта чамусьці ня робіцца..

Экспэрты ААН, якія падрыхтавалі вядомую справаздачу пра наступствы Чарнобыльскай аварыі, адзначалі, у жыхароў забруджаных тэрыторыяў куды большыя праблемы ад галечы і нездаровага ладу жыцьця, чым ад самой радыяцыі. Яна ня так ужо ўплывае на здароўе людзей, гаворыцца ў дакумэнце. Уладзімер Камянкоў з гэтым ня згодны.

(Камянкоў:) “Захворваньні, гэта мая асабістая думка, зьвязаныя ў першую чаргу з узьдзеяньнем радыянуклідаў. І анкалягічныя ў тым ліку. У меншай ступені іх выклікаюць стрэсы, харчаваньне. Паглядзіце на людзей, якія пасьля вайны кепска харчаваліся, яны ж шмат хто пражылі нямала. А блякаднікі Ленінграду наагул галадалі, але некаторыя й цяпер жывуць і па восем дзясяткаў гадоў маюць”.

Кіраўніца праектаў камітэту “Дзеці Чарнобыля” Тамара Белавокая мяркуе, што чарнобыльская праблема ў Беларусі не замоўчваецца. Але ёсьць іншая рэч – агульная экалягічная бязграматнасьць насельніцтва. Беларусы не ўсьведамляюць той небясьпекі, якую па-ранейшаму ўяўляе радыяцыя, а кіраўніцтва краіны ня бачыць патрэбы ў тым, каб актыўна інфармаваць людзей пра гэтую небясьпеку.

(Белавокая:) “На сёньняшні дзень у нас у Беларусі, асабліва пацярпелай, няма спэцыялістаў у сфэры радыяцыйнай мэдыцыны. Тыя ж мэдыкі выдаюць статыстыку, не разумеючы, дзе й што. Яны ня могуць вызначыць і адчуць гэтую залежнасьць”.

Беларускія навукоўцы і спэцыялісты, што займаюцца чарнобыльскай тэматыкай, самі не ўсьведамляюць увесь маштаб праблемы, тлумачыць спадарыня Белавокая. Таму найчасьцей сьпісваюць праблемы са здароўем у насельнікаў чарнобыльскай зоны на кепскае харчаваньне ці лад жыцьця. А экспэрты міжнародных арганізацыяў карыстаюцца гэтай інфармацыяй, часта далёкай ад сапраўднасьці. Уласных дасьледаваньняў ААН тут ня ладзіць. Між тым, сярэдні ўзрост хворых на рак у Беларусі – 40 гадоў, і нельга сказаць, што так адбываецца толькі з-за галечы. Каб давесьці залежнасьць ад радыяцыі росту колькасьці анкалягічных хворых, трэба ладзіць грунтоўныя дасьледаваньні, кажа Тамара Белавокая.

(Белавокая:) “І ў Расеі, і ва Ўкраіне на больш высокім узроўні дасьледаваньні ладзяцца. А мы ня можам сабе дазволіць такія сур’ёзныя глыбокія дасьледаваньні, каб дабрацца да рэальнай ацэнкі гэтых наступстваў. Бо насамрэч гэта каштуе грошай”.

Калі ж сапраўдная небясьпека ад радыяцыі будзе даведзеная, дзяржаве давядзецца шукаць новыя грошы на ажыцьцяўленьне зусім іншых захадаў. А гэта дзяржаве ня выгадна, кажа спадарыня Белавокая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG