Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латыскі палітоляг: палітычныя працэсы ў Беларусі прывядуць да рэвалюцыі


Уладзімір Глод, Менск Назіральнікі заўважылі - да крытыкі на адрас беларускага рэжыму, якую традыцыйна ўжываюць прадстаўнікі ўладаў Польшчы і Літвы, апошнім годам далучылася і Латвія. У Рызе праводзяцца міжнародныя сымпозіюмы на тэму становішча ў Беларусі, афіцыйныя асобы Латвіі ўсё часьцей выказваюць сваю занепакоенасьць становішчам у суседзяў. І вось апошнімі днямі прагучала чарговая заява, гэтым разам - дырэктара Інстытуту зьнешняй палітыкі Латвіі Аціса Леіньша. На ягоную думку, палітычныя працэсы ў Беларусі могуць прывесьці да рэвалюцыі.

Аціс Леіньш мае латыскае і амэрыканскае грамадзянства. Дыплём магістра палітычных навук ён атрымаў у Каліфорніі. У 1991 годзе вярнуўся на гістарычную Радзіму, адкуль яго родныя зьехалі напачатку другой Усясьветнай вайны. Спадар Леіньш лічыцца ўплывовым экспэртам у палітычнай галіне. Паколькі я да пачатку размовы зь ім ужо прачытаў ягонае інтэрвію расейскамоўнай латыскай газэце "Телеграф", у якім навуковец прадвяшчае рэвалюцыю ў Беларусі, але не называе нават прыблізнага тэрміну гэтай падзеі, я спытаўся ў спадара Леіньша, калі можна чакаць выбуху.

(Леіньш:) "Вы ведаеце, гэта тое самае пытаньне, на якое мы не маглі знайсьці адказу напрыканцы 1980-х гадоў, калі думалі - калі ж зьменіцца сытуацыя ў Савецкім Саюзе, калі здарыцца каляпс. Гэтага ніхто ня ведае. Гэта найвялікшая загадка гісторыі, чаму гэта раптоўна здарылася пасьля такога працяглага чаканьня. Ніхто гэтага ня ведае. Гэта можа здарыцца заўтра, гэта можа здарыцца праз 5 або 10 гадоў. Я ня ведаю. Я ня думаю, што гэта зойме ажно 10 гадоў з-за некаторых простых рэчаў. Без падтрымкі Пуціна Лукашэнка ня быў бы пры ўладзе, бо ён цалкам ізаляваны ад Эўропы. Такім чынам сытуацыя шмат у чым залежыць ад прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ў 2008 годзе. Гэта пэўны комплекс. Але ж самае галоўнае - усё залежыць ад беларускага народу".

Падчас нашай гутаркі навуковец неаднаразова параўноўваў сваю краіну з Беларусьсю, якая цяпер нагадвае яму Латвію перад распадам Савецкага Саюзу. Але каб дамагчыся перамогі, кажа палітоляг, беларусам патрэбна абавязкова аб''яднаць намаганьні, як некалі зрабілі латышы. У гэтым спадар Леіньш і бачыць галоўнае адрозьненьне Беларусі ад Латвіі:

(Леіньш:) "Калі я гляджу на Беларусь, у мяне ўзьнікае адчуваньне дэжавю. Мне гэта нагадвае адчуваньні, якія былі ў Латвіі напрыканцы 1980-х гадоў падчас пачатку нацыянальнага адраджэньня. Мне падаецца, што ў Беларусі цяпер сытуацыя падобная на тую, што была ў Латвіі 15-16 гадоў таму. За выключэньнем адной рэчы - тут ёсьць вялікая розьніца паміж Латвіяй і Беларусьсю: латыскі народ здолеў аб''яднацца".

Чым жа ў Латвіі тлумачаць павелічэньне інтарэсу да Беларусі?

На думку дырэктара Інстытуту зьнешняй палітыкі Латвіі, Беларусь штогод усё далей і далей адыходзіць ад эўрапейскай супольнасьці. Латвія, якая нядаўна далучылася да Эўразьвязу, цяпер пачынае думаць ня толькі пра ўласны інтарэс, але і вучыцца жыць клопатамі эўрапейскай супольнасьці. І гэта вымушае ўсё большую колькасьць жыхароў краіны задумацца над тым, чым можна дапамагчы суседзям, цьвердзіць Аціс Леіньш:

(Леіньш:) "Вы ведаеце, мы маем агульную дзяржаўную мяжу з Беларусьсю. І таму нельга ігнараваць таго, што адбываецца ў Беларусі. Зразумела, Літва і Польшча больш зьвязаныя гістарычна з Беларусьсю. Але гэта не азначае, што мы ня можам чымсьці дапамагчы беларускаму народу. Мы былі больш павольныя, чым Літва ці Польшча, таму што мы ня мелі такога стымулу, як яны. Магчыма латышы думаюць больш павольна, больш разважна і г.д."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG