Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльская справаздача ААН выклікае нэгатыўную рэакцыю


Юры Дракахруст, Прага Справаздача ААН, прысьвечаная аналізу наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, выклікала рэзкую крытыку з боку шэрагу эколягаў і дактароў. Паводле справаздачы, падрыхтаванай ста экспэртамі, наступствы Чарнобыля не настолькі маштабныя і жахлівыя, як прагназавалася. У дакумэнце ААН даецца ацэнка, што катастрофа стала прычынай сьмерці прыблізна 4 тысячаў чалавек.

Натальля Прэабражэнская – кіраўнічка фонду “Уратуем украінскіх дзяцей ад Чарнобыльскай катастрофы”. Яна зьяўляецца таксама кансультантам камісіі радыяцыйнай бясьпекі Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Яна заяўляе, што выбух на Чарнобыльскай станцыі ў 1986 годзе працягвае ўплываць на экалягічнае становішча і здароўе людзей, якія жывуць у прылеглых абласьцях.

(Прэабражэнская : ) "Мы павінны ведаць, што мы жывем не пасьля, а падчас Чарнобыльскай катастрофы".

Справаздача, падрыхтаваная спэцыялізаванымі агенцтвамі ААН, Усясьветным банкам, экспэртамі зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны, цьвердзіць, што акрамя людзей, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі катастрофы, а таксама некалькі тысячаў тых, хто захварэў на рак шчытападобнай залозы, насельніцтва рэгіёну Чарнобыля пацярпела ня так ужо і моцна. У ААНаўскім дакумэнце крытыкуецца палітыка маштабных датацыяў і льготаў жыхарам пацярпелых регіёнаў, якія на думку аўтараў справаздачы, выхоўваюць утрыманства. Беларусь і Ўкраіна выдаткоўваюць па 5% свайго дзяржаўнага бюджэту на дапамогу чарнобыльцам.

Высновы апошняй справаздачы ААН могуць істотна паўплываць на нацыянальныя й міжнародныя праграмы чарнобыльскай дапамогі.

Натальля Прэабражэнская выказвае абурэньне гэтымі высновамі, сярод аўтараў якіх – Міжнародная агенцтва атамнай энэргіі МАГАТЭ.

(Прэабражэнская : ) "Гэта жахліва. Гэтая заява МАГАТЭ злачынныя. Я лічу, што час ужо суду ў Гаазе паглядзець на нашыя лічбы і на тое, што гаворыць МАГАТЭ".

Паводле Прэабражэнскай толькі ў 2003 годзе ва Ўкраіне было зарэгістравана прынамсі 150 тысячаў выпадкаў захворваньня на рак.

Справаздача ААН выклікала крытыку эколягаў таксама ў Нарвэгіі й Расеі – яшчэ адной краіне, пацярпелай ад Чарнобыля. Прадстаўнік расейскага аддзелу экалягічнай арганізацыі "Greenpeace" Уладзімер Чупроў мяркуе, што аўтары справаздачы не ўлічвалі заўчасныя сьмерці, выкліканыя катастрофай.

Нарвэская экалягічная арганізацыя "Белуна" лічыць, што ААНаўскі дакумэнт адлюстраваў толькі невялікую частку шматбаковых наступстваў Чарнобылю. Міжнародная арганізацыя "Greenpeace" ўчора заявіла, што аўтары справаздачы прыменшылі наступствы катастрофы.

Кіраўнічка арганізацыі “Дактары сьвету за прадухіленьне ядзернай вайны” Ангеліка Кляўсэн заяўляе, што Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі МАГАТЭ – адзін з аўтараў апошняй сэнсацыйнай справаздачы аб наступствах Чарнобыля “зьяўляецца зацікаўленым бокам”. Паводле Кляўсэн Усясьветная арганізацыя здароўя яшчэ з 1959 году зьвязаная з МАГАТЭ “кабальнай дамовай”, паводле якой міжнароднае ядзернае агенцтва можа кантраляваць дасьледаваньні й публікацыі пра наступствы для здароўя людзей мірнай атамнай энэргіі і зьвязаных зь ёй аварыяў.

Гл. таксама • ААН: ахвярамі Чарнобылю сталі ня больш за 4000 чалавек
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG