Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы “Рух за вызваленьне Беларусі ад дыктатуры” (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Ствараецца “Рух за вызваленьне Беларусі ад дыктатуры”. Пра гэта заявілі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі 7 верасьня ў Менску тры беларускія палітыкі — Аляксандар Вайтовіч, Васіль Лявонаў і Валеры Фралоў. Яны паведамілі журналістам, што новая арганізацыя будзе дамагацца недапушчэньня да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтага, паводле палітыкаў, зьяўляецца нелегітымнасьць леташняга рэфэрэндуму, сфальсыфікаваныя вынікі якога дазваляюць дзейнаму кіраўніку беларускай дзяржавы ўдзельнічаць у выбарах неабмежаваную колькасьць разоў.

Тлумачыць выбаршчыкам, чаму Аляксандар Лукашэнка ня мае юрыдычнага права трэці раз балятавацца ў якасьці прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі, актывісты новага руху зьбіраюцца падчас рэфэрэндуму, які яны хочуць правесьці ў краіне.

Стваральнікі новай арганізацыі вырашылі скарыстацца канстытуцыйным правам на правядзеньне рэфэрэндуму з ініцыятывы грамадзянаў. На яго плянуецца вынесьці чатыры пытаньні: пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, адмену кантрактнай сыстэмы найму на працу, абмежаваньне росту тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальных службаў, дзяржаўную падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу.

Актывісты ўжо пачалі фармаваць адмысловую групу, якая будзе канкрэтна займацца гэтай справай. Яе ўзначальвае генэрал Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Тыя пытаньні, якія выносяцца на рэфэрэндум, мне здаецца, патрэбныя ўсім. Рэфэрэндум ёсьць тым стрыжнем, вакол якога можна рэальна аб’яднацца”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы думаеце аб’явіць пра пачатак акцыі? Калі будзе створаная ініцыятыўная група?”

(Фралоў: ) “Мне здаецца, да канца верасьня гэтая група будзе сфармаваная”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі ў ёй будзе чалавек?”

(Фралоў: ) “Мне хацелася б, каб было дзьве тысячы. Гэтая праца ўжо ідзе, і мы сабралі 260 подпісаў, якія ўжо завераныя натарыяльна. Калі ўсе дэмакратычныя сілы аб’яднаюць вакол гэтага свае намаганьні, дык іх будзе значна болей. Пакуль што мой разьлік такі — да канца верасьня паўтары тысячы чалавек”.

Ініцыятары руху спадзяюцца, што новая акцыя дапаможа аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы — як партыйныя, так і непартыйныя. Пра гэта гаворыць Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Так сёньня атрымалася, што Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі зроблены паводле партыйнай працэдуры і зроблены пад партыі. Так аказалася, што непартыйная частка апазыцыі (а гэта вельмі вялікая частка) стаіць неяк у баку. Трэба аб’яднацца”.

Стваральнікі руху заявілі пра жаданьне аб’яднаць намаганьні ў падрыхтоўцы да выбараў з палітычнымі сіламі, якія ўваходзяць у “пяцёрку” і “дзясятку”. А як яны ацэньваюць цяперашні стан адносінаў з партыйнай кааліцыяй? Вось які адказ дае на гэтае пытаньне Васіль Лявонаў:

(Лявонаў: ) “Супрацоўніцтва, супрацоўніцтва і яшчэ раз супрацоўніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта магчыма, з вашага пункту гледжаньня?”

(Лявонаў: ) “Гэта патрэбна, а ня толькі магчыма. Пакуль мы маем розныя погляды на тактыку дзяньняў, але ў гэтым нічога кепскага няма. Проста я інакш гляджу на стратэгію і тактыку дасягненьня агульнай мэты. Я пра гэта напісаў, я буду гэта адстойваць. І я ў гэтым упэўнены”.

Думку Васіля Лявонава падзяляе і намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка, які назіраў за прэсавай канфэрэнцыяй:

(Хадыка: ) “Я лічу, што тое, што Васіль Лявонаў дэкляраваў у сваім артыкуле ў “Народнай Волі” ад 31 жніўня наконт аб’яднаньня VIP-аў, гэта ўжо вялікі крок наперад. Гэта скарачае той хаос, які прысутнічае да гэтага моманту ў аб’яднальным дэмакратычным працэсе. Я вельмі спадзяюся, што спадар Лявонаў і надалей будзе выконваць забавязаньні, якія ён даў. А гэта азначае, што можна будзе ўзгадніць тактыку, якую прапануе рух, з тактыкай “дзясяткі”. І гэта карысна для разьвіцьця дэмакратыі ў краіне”.

Стваральнікі руху паведамілі, што іх арганізацыя адкрытая для далучэньня. Акрамя таго, спадары Вайтовіч, Лявонаў і Фралоў паведамілі журналістам, што падпісалі паміж сабой пагадненьне, згодна зь якім на прэзыдэнцкія выбары 2006 году зь іх трох, калі яны вырашаць балятавацца, пойдзе толькі адна асоба. Хто гэта будзе, вырашыцца пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG