Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 верасьня 1621 году адбылася Хацінская бітва


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

7 верасьня праваслаўныя беларусы традыцыйна ўшаноўваюць Баўтрамея. Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей, сьвяты Баўтрамей высылае буслоў на дзяцей, – так гэты дзень адлюстраваны ў народных прымаўках.

7 верасьня 1621 году адбылася Хацінская бітва – галоўная ў вайне сярэднявечных беларусаў з Асманскай імпэрыяй. Туркі-асманы мелі намер захапіць беларускія землі аж да Балтыйскага мора. І таму, каб абараніцца, насустрач турэцкім войскам выйшлі палкі з-пад Полацку, Смаленску і Вільні. Кіраваў войскам нашых продкаў слаўны гетман Ян Хадкевіч. А сустрэліся дзьве арміі ў мястэчку Хацін, на Днястры, каля замку, збудаванага яшчэ вялікім князем Вітаўтам. Вырашальным стаў удзел у бітве беларускіх крылатых гусараў, якімі камандаваў сам гетман Хадкевіч. У гэтай бітве палкаводзец быў сьмяротна паранены. А скончылася процістаяньне мірнымі перамовамі, у часе якіх туркі адмовіліся ад сваіх прэтэнзіяў на беларускія землі.

7 верасьня 1667 году на ўрачыстым абедзе ў расейскага цара Сімяон Полацкі быў афіцыйна абвешчаны настаўнікам 13-гадовага царэвіча Аляксея. З гэтае нагоды Сімяон Полацкі зачытвае вершаванае вітаньне “Арол расейскі”. Як вядома, беларускі асьветнік Сімяон Полацкі быў ня толькі выхавальнікам расейскага цара, але й заснавальнікам прафэсійнай расейскай паэзіі.

7 верасьня 1764 году каралём польскім і вялікім князем літоўскім быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі – апошні кіраўнік фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай. У часе ягонага кіраваньня беларусы ажно да моманту абвяшчэньня БНР у 1918 годзе страцяць сваю дзяржаўнасьць і незалежнасьць і будуць калёніяй Расейскай імпэрыі.

7 верасьня 1812 году адбылася знакамітая Барадзінская бітва ў вайне паміж Расеяй і Францыяй. Ураджэнцы Беларусі змагаліся ў гэтай бітве з абодвух бакоў, гэта значыць, забівалі адны адных.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 7 верасьня ў розныя гады, згадаем беларускага паэта-лацініста Міхала Карыцкага і графіка Ўладзімера Басалыгу, які аформіў шмат папулярных кніг.
XS
SM
MD
LG