Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускія міліцыянты здаюць свае адбіткі пальцаў?


Іна Студзінская, Менск Да канца году ўсе супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі павінны прайсьці дактыляскапічную рэгістрацыю. Што за гэтым стаіць?

Сто гадоў таму ў Вялікай Брытаніі ўпершыню ў сьвеце ў якасьці доказаў былі выкарыстаныя адбіткі пальцаў. І за гэтыя 100 гадоў, як адзначаюць экспэрты-крыміналісты, правядзеньне дактыляскапічнага дасьледаваньня істотна не зьмянілася. Адбіткі сьлядоў рук дасьледуюць пры дапамозе лупы, візуальна. Новым у параўнаньні з дасьледаваньнем стогадовай даўніны зьяўляецца тое, што банк дадзеных заносіцца ў кампутар. І спачатку машына зьвярае адбіткі і выдае экспэрту адказ, наколькі верагоднае супадзеньне. Як правіла, памылак не бывае. Але ўсё адно, пасьля кампутарнай апрацоўкі крыміналіст праводзіць сваё, традыцыйнае дасьледаваньне з лупай.

Раней абавязковай дактыляскапічнай рэгістрацыі падвяргаліся людзі, што падазраюцца ў злачынстве.

Распавядае генэрал міліцыі Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Адбіткі пальцаў заўсёды рабіліся для таго, каб параўнаць з тымі, што знойдзеныя на месцы злачынства. Навошта яны бяруцца ў супрацоўнікаў унутраных справаў, для чаго - сёньня цяжка сказаць. Я нават і ня ведаю. Ня так ужо шмат і злачынцаў сярод супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Ну, ёсьць там крымінальныя справы, але гэта не зьвязана з адбіткамі пальцаў. Напрыклад, хабар, злоўжываньне службовым становішчам, перавышэньне паўнамоцтваў, зьбіцьцё, прымяненьне нейкіх недазволеных законам мэтадаў пры раскрыцьці злачынстваў. Там аб ніякіх адбітках пальцаў ня можа ісьці размова, там іх проста не пакідаюць. Цяжка сказаць, для чаго гэта робіцца”.

Супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Клепча неабходнасьць дактыляскапічнай рэгістрацыі тлумачыць так:

(Клепча: ) “Мы пастаянна падвяргаемся праблемным, экстрэмальным сытуацыям. Таму мы павінны прайсьці экспэртызу пальцаў, рук. Гэта зусім не зьвязана ні са злачынствамі, ні з падазрэньнямі. Проста наша служба зьвязаная пастаянна з рызыкай”.

Многія краіны сьвету прынялі законы аб добраахвотнай і абавязковай дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі. Ёсьць дзяржавы, дзе дактыляскапічную рэгістрацыю абавязкова праходзяць усе грамадзяне. У Беларусі Закон аб дактыляскапічнай рэгістрацыі ўступіў у сілу ў сакавіку сёлета. Для параўнаньня: у суседняй Расеі Закон аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі дзейнічае з 1998 году.

Пры атрыманьні амэрыканскай візы пальчыкі грамадзянаў скануюць, француская амбасада сёлета таксама ўвяла біямэтрычныя візы. Што да дактыляскапіі, ёсьць добраахвотная дактыляскапічная рэгістрацыя і абавязковая. Гэта значыць, што любы чалавек можа на ўсялякі выпадак здаць свае адбіткі пальцаў. Але ў Законе вызначаны даволі вялікі сьпіс асобаў, якія павінны праходзіць абавязковую рэгістрацыю: вайскоўцы, міліцыянты, супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў – пажарнікі, выратавальнікі, мытнікі, выведнікі, лётчыкі і гэтак далей. Тыя людзі, якія сапраўды рызыкуюць. Замежнікі, якіх дэпартуюць. Таксама людзі, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, асуджаныя, неапазнаныя трупы. І робіцца гэта для спрашчэньня працэдуры ідэнтыфікацыі асобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG