Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе рэстаўрацыя гістарычнага цэнтру Горадні?


Міхал Карневіч, Горадня Сёлета ў Горадні распачалася рэканструкцыя гістарычнай часткі гораду. Упершыню за пасьляваенны час складзены і зацьверджаны праект рэканструкцыі. Гістарычная частка горада павінна зьмяніць свой выгляд.

Пляны рэканструкцыі старой часткі Горадні існавалі і 30 гадоў таму. Але за савецкім часам замест таго, каб рэстаўраваць старыя будынкі, іх развальвалі, разьбіралі па цаглінках і нават узрывалі.

Так было з Ратушай, палацам Радзівілаў, зь першым касьцёлам – фарай Вітаўта і з цэлымі гарадзкімі кварталамі. Савецкія будаўнікі зьнішчалі гістарычныя будынкі, а на іх месцы зьяўляліся савецкія панэльныя дамы, альбо наагул усё закатвалася асфальтным катком.

Сёлета ўпершыню плян рэканструкцыі старой часткі Горадні, складзены з улікам гістарычных асаблівасьцяў, пачаў ажыцьцяўляцца. Гаворыць галоўны архітэктар праекту рэканструкцыі Аляксандр Захарчук:

(Захарчук: ) "Я лічу, што посьпех гэтага праекту ў тым, што мы здолелі прыбраць транспарт з Савецкай плошчы і даём магчымасьць адбудоўваць старыя забудовы. Жыцьцё працягваецца і праз пяць ці 10 гадоў мы вымушныя будзем гэта зрабіць. Горадня – адзіны горад у Беларусі, які мае такую гісторыю і такія забудовы".

На думку архітэктара, варта было б пачаць рэканструкцыю з аб''яздных дарог, але ўлады ўзяліся за Савецкую плошчу, паколькі ў наступным годзе ў горадзе павінен адбыцца ўжо традыцыйны фэстываль нацыянальных культур.

Гісторык Ігар Трусаў лічыць, што дзякуючы праекту можна будзе адбудаваць стары Рынак, Ратушу і нават палац Радзівілаў, праўда, яго вельмі не задавальняе тое, што цяпер замала ўвагі надаецца археалягічным работам:

(Трусаў: ) "Трэба было выдзеліць больш грошай на археалягічны нагляд. Прыцягнуць да працы ні некалькі студэнтаў ды выкладчыкаў, а сабраць усе археалягічныя сілы ў горадзе з тым, каб яны правялі сапраўдную працу".

Ні архітэктар, ні гісторык ня ўсьцешаныя тым, як увесь цэнтар гораду закладваецца сучаснай тратуарнай пліткай. Яны лічаць, што ад гэтага гістарычная частка горада шмат траціць:

(Трусаў: ) "Трэба ўсё ж паўтараць стандартныя пліткі польскага ці царскага часу, хаця б там, дзе гэта магчыма. Іх трэба, відаць рабіць з больш якаснага бэтону".

У беларускіх вытворцаў такая плітка не атрымліваецца.

І яшчэ, гісторык Трусаў перакананы, што рэстаўрацыя старой Горадні да таго выгляду, каб яна сапраўды выглядала культурнай сталіцай дзяржавы расьцягнецца на доўгі час. І нават незалежна ад таго, якая ўлада будзе кіраваць у краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG