Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава расейскіх тавараў


Валер Каліноўскі, Менск У Менску адкрылася Нацыянальная выстава Расейскай Фэдэрацыі. У выставачным цэнтры “Белэкспа” сваю прадукцыю прэзэнтуюць 150 прадпрыемстваў розных галін эканомікі з дваццаці рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі.

Найбольшыя плошчы экспацэнтру займае прадукцыя аўтамабільнага заводу “ГАЗ” зь Ніжняга Ноўгараду — грузавыя і легкавыя машыны. Андрэй Супрановіч, генэральны дырэктар “БелГАЗсэрвіс”, зазначае, што ГАЗ — не канкурэнт беларускаму МАЗу, у Беларусі ён разьлічвае перш за ўсё на продаж гарадзкіх малатанажных грузавікоў “Газэль”, аб’ём іх продажу складае паўтары тысячы машын за год, хаця першапачаткова плянавалі прадаваць 3 тысячы. Але продажы ўпалі, гаворыць спадар Супрановіч.

(Супрановіч: ) “Таму што Беларусь перайшла на стандарт “эўра-3”, а ў Расеі гэты стандарт яшчэ не “падцягнуты”, таму мы па сэртыфікацыі не пад увесь мадэльны шэраг падышлі”.

У савецкі час у Беларусь пастаўлялася 15 тысяч “газікаў” на год. І спадар Супрановіч мяркуе, што можна будзе выйсьці на такія аб’ёмы продажу расейскіх машын, калі ўрады Расеі і Беларусі будуць праводзіць адпаведную пратэкцыянісцкую палітыку:

(Супрановіч: ) “Як гаворыцца, надзея памірае апошняй… І форум павінен дапамагчы, у спадара Шанцава ў пералік праблемных пытаньняў уключаная і праблема паставак газаўскай прадукцыі, бо ў 2003 годзе былі падпісаныя міжурадававыя пагадненьні аб нулявым балянсе паставак”.

Спадар Супрановіч мае на ўвазе, што Расея спажывае беларускіх тавараў у шмат разоў болей, чым Беларусь расейскіх, а ўрады дамовіліся пра парытэт, што і зьбіраецца нагадаць губэрнатар Ніжагародзкай вобласьці Валеры Шанцаў, які прыехаў на расейска-беларускі эканамічны форум у Менск. Акрамя таго, расейскія аўтавытворцы не задаволеныя тым, што ў Беларусі пачалі зьбіраць люблінскія машыны, якія ім складаюць канкурэнцыю.

Ульянаўскі патронны завод прадстаўляе на расейскай нацыянальнай выставе ўвесь свой асартымэнт, і ягоны прадстаўнік Дзьмітры Тошчаў спадзяецца знайсьці ў Беларусі пакупнікоў:

(Тошчаў: ) “Мы прывезьлі новыя боепрыпасы, якіх няма і ня можа быць на сховішчах. Нават у расейскай арміі. Гэта вялікае, страшнае і сьмяротнае — тое, што выратуе жыцьцё вашых жонак і дзяцей, калі настане вайна”.

Да прыкладу, на выставе можна ўбачыць мадыфікаваныя трасэрныя кулі, якія пачынаюць гарэць толькі праз сто мэтраў палёту, так што нельга вызначыць, дзе знаходзіцца той, што страляў.

На нацыянальнай расейскай выставе прадстаўлена і шмат узораў тавараў лёгкай ды харчовай прамысловасьці. Аляксей Чашнікаў рэклямуе прадукцыю самага старога ў Расеі Слабадзкога сьпіртзаводу з Калінінскай вобласьці — гарэлку “Русская страсть”:

(Чашнікаў: ) “Русская страсть” больш ёмка і зьмястоўна выказвае пачуцьці і гонар расейскага народу”.

Дэгустацыя гарэлкі “Русская страсть” ды іншых моцных напояў расейскай вытворчасьці заплянаваная на апошні дзень выставы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG