Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанты змагаюцца супраць уладаў за будынак сваёй царквы (фота)


Ганна Соусь, Менск Вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” працягваюць змаганьне за свой будынак для набажэнстваў. Менскія ўлады забіраюць яго, матывуючы гэта нямэтавым выкарыстаньнем памяшканьня былога калгаснага кароўніка. Сёньня ў ім адбылася прэсавая канфэрэнцыя, на якой кіраўнікі “Новай царквы” заявілі, што будуць адстойваць свае правы да апошняй магчымасьці.

У будынку пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” у мікрараёне Сухарава штодня адбываюцца набажэнствы — гэткім чынам ужо трэці дзень працягваецца бесьперапынная акцыя вернікаў на знак пратэсту супраць рашэньня Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні царквы зямельнага ўчастку і будынку для набажэнстваў.

Гаворыць пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка:

(Ганчарэнка: ) “Мы гатовыя выйсьці ўсёй нашай царквой, з усімі нашымі дзецьмі, жанчынамі, мужчынамі да будынку Менгарвыканкаму. Мы запрасілі Паўлава да нас. Канечне, не спадзяваліся, што ён прыйдзе, думалі, што нехта зь яго памочнікаў прыйдзе, каб адбыўся гэты дыялёг. Таму што на прыём да яго мы так і ня здолелі прарвацца. Гэта ня будзе мітынг. Гэта проста тысяча чалавек прыйдзе на прыём да мэра гораду”.



Праблема вернікаў у тым, што сёлета увесну менскія улады адмовілі царкве “Новае жыцьцё” у перарэгістрацыі, матывуючы гэта тым, што іх юрыдычны адрас ня можа быць зарэгістраваны ў былым будынку кароўніка ў Сухараве.

Рашэньнем Менгарвыканкаму ад 17 жніўня ўчастак, які быў выдзелены грамадзе ў 2002 годзе за 10 тысяч даляраў, быў перададзены гораду, а будынак, які вернікі самі добраўпарадкавалі, будзе прымусовым чынам выкуплены.



Гаворыць адміністратар царквы “Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) “На гэты будынак у нас ёсьць усе адпаведныя дакумэнты. Будынак зарэгістраваны ва ўсіх дзяржаўных структурах. У будынку ёсьць пакой, які ў тэхнічным пашпарце пазначаны як кабінэт. І мы менавіта тут хацелі зарэгістраваць юрыдычны адрас. Але відавочна, што гэтым мы некаму перайшлі дарогу. Альбо некаму гэтая зямля прыйшлася даспадобы, альбо пратэстанцкія цэрквы ўвогуле непатрэбныя ў Беларусі, бо яны не супадаюць зь дзяржаўнай ідэалёгіяй”.

На пытаньне Радыё Свабода, ці магчыма знайсьці выйсьце з дадзенай сытуацыі ў рамках беларускага заканадаўства, адказвае юрыст царквы Сяргей Луканін:

(Луканін: ) “Мы будзем абскарджваць дзеяньні ўладаў у судзе. Аднак мы рэальна ўяўляем, у якой краіне жывём. І нашы суды, на жаль, нельга назваць незалежнымі. Мы, як законапаслухмяныя грамадзяне, будзем адстойваць свае інтарэсы ў судзе, аднак толькі Госпад Бог можа нам дапамагчы”.

Паводле япіскапа аб’яднаньня хрысьціянаў Поўнага Эвангельля Аляксандра Саковіча, з аналягічнымі праблемамі сутыкаюцца пратэстанцкія цэрквы ва ўсёй Беларусі — у Баранавічах, Гомелі, Мікашэвічах ды іншых гарадах. Падтрымаць вернікаў пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” сёньня прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Гавораць старшыня таварыства “Беларуская пэрспэктыва” Валянціна Трыгубовіч і палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

(Трыгубовіч: ) “Калі яны будуць змагацца дастаткова пасьлядоўна, то яны маюць шанцы. Яны робяць вялікую справу. У нашых умовах толькі тое, што зробяць людзі самі, будзе трывалым і моцным”.

(Мацкевіч: ) “Хрысьціяне — гэта сіла. Мужныя людзі. Калі сытуацыя заходзіць да таго, што закранаюцца іх непасрэдныя інтарэсы, яны здольныя іх адстойваць шчыра і моцна”.

Рэлігійная грамада хрысьціянаў Поўнага Эвангельля “Царква “Новае жыцьцё” зарэгістраваная і дзейнічае ў Беларусі ад 1992 году. Яна налічвае больш за тысячу вернікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG