Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі праўдападобна адбудзецца ў Расеі


Ганна Соусь, Менск. Пра гэта ўчора паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Нацыянальны камітэт АГП ужо ўхваліў праект палітычнага пагадненьня дэмакратычных сілаў Беларусі.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе: шэраг пытаньняў павінен быць вырашаны яшчэ да правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэта зьвязана з тым, што ў форуме дэмсілаў возьме ўдзел каля 800 чалавек. І каб такое маштабнае мерапрыемства не пераўтварылася ў своеасаблівы дыскусійны клюб, а стала плённым, канструктыўным, прыняло ўзгодненыя рашэньні, неабходна загадзя прыняць рашэньне па шэрагу важных пытаньняў ва ўсіх палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях, лічыць Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Гэта будзе азначаць больш эфэктыўную працу, і будзе азначаць, што асноўныя пытаньні, вузлы гэтых пытаньняў разьвяжуцца да Кангрэсу. Мы б хацелі, каб там была ўзгодненая пазыцыя па ўсіх пытаньнях, відаць за выключэньнем толькі працэдуры галасаваньня па адзіным кандыдаце. Гэта не азначае, што той варыянт, які мы ўхвалілі, гэта канчатковая рэдакцыя. Мы знаходзімся ў фармаце палітычнай кааліцыі, а значыць галоўнай рухаючай сілай зьяўляецца кампраміс. Але сам падыход прыняцьця такога палітычнага пагадненьня да Кангрэсу, я лічу, гэта абсалютна пазытыўны фактар”.

Палітычнае пагадненьне паміж прадстаўнікамі беларускай апазыцыі павінна быць падпісанае прадстаўнікамі партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і вядомымі дзеячамі да пачатку Кангрэсу прыхільнікаў пераменаў, правесьці які плянуецца 1-2 кастрычніка.

Што да месца правядзеньня Кангрэсу, то вядома, што ўдзельнікі сталай нарады нават зьвярталіся да Лукашэнкі, прасілі дапамагчы з арэндай памяшканьня для кангрэсу. Потым вялася гаворка пра тое, што Кангрэс можа быць праведзены ў Кіеве. Якая сытуацыя цяпер?

Як паведаміў лідэр АГП, 5 верасьня кіраўнікі шэрагу апазыцыйных структураў абмяркоўвалі сытуацыю, і з улікам новых абставінаў, дадатковай інфармацыі ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што Кангрэс можа адбыцца ў Расеі.

Але вернемся да падпісаньня праекту палітычнага пагадненьня. Як паведаміў Свабодзе лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, 10 верасьня праект будзе разглядацца на сойме партыі.

(Вячорка: ) “Мы прынялі за аснову, рыхтуючыся да сойму, агульны праект. У нас шмат ёсьць да яго дадаткаў, канкрэтных прапановаў, фармулёвак. Цяпер праект ходзіць паміж партыямі. Да яго дадаюць папраўкі. З чымсьці згаджаюцца, штосьці пакідаюць дыскусійным. Ідзе нармальны працэс прыціркі пазыцый”.

Дадам, што праект палітычнага пагадненьня паміж прадстаўнікамі беларускай апазыцыі прадугледжвае стварэньне Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якая павінна сфармавацца да Кангрэсу, каб каардынаваць дзеяньні партый і грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі разьмяркоўваць рэсурсы кампаніі, зацьвердзіць яе стратэгію і забясьпечыць кантроль за выкананьнем прынятых плянаў.

Вядома, што ня ўсе апазыцыйныя структуры пагадзіліся вылучыць сваіх кандыдатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Некаторыя рухі і палітыкі лічаць такую працэдуру неэфэктыўнай. Сярод іх – кіраўнік Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Няма намеру штосьці разбураць з таго, што існуе, але прыкрасьць сытуацыі, з майго пункту гледжаньня ў тым, што няма сцэнару, які сьвядома вядзе да перамогі, ці дае значныя шанцы на тое, што перамены пры гэтым могуць адбыцца”.

На Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў абрана ўжо болей за 400 дэлегатаў – гэта болей за палову ад яго ўдзельнікаў. 217 кандыдатаў былі абраныя на раённых сходах дэмакратычных сілаў, астатнія ўдзельнікі – былыя дэмакратычныя кандыдаты на парлямэнцкіх выбарах 2004 году, актывісты Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, якім былі накіраваныя пэрсанальныя запрашэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG