Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў з друку 17-ты нумар часопісу “Дзеяслоў”


Валянціна Аксак, Менск Новыя вэрсэты Алеся Разанава і гістарычную паэму Зянона Пазьняка “Вялікае Княства” знойдуць чытачы ў сьвежым выпуску часопісу “Дзеяслоў”.

Чуткі пра тое, што адзін з найлепшых сучасных беларускіх паэтаў Алесь Разанаў выракся роднае мовы ды піша цяпер па-нямецку, аказаліся яўна перабольшанымі – на шчасьце для прыхільнікаў ягонае творчасьці ды ўсяго айчыннага прыгожага пісьменства. Вэрсэты Разанава ў новым нумары “Дзеяслова” – адзінае магчымае алібі паэта, што жыў колькі апошніх гадоў за мяжой.

Зянон Пазьняк пасьля публікацыі паэмы “Вялікае Княства”, несумненна, увойдзе ня толькі ў гісторыю палітыкі сучаснай Беларусі, але і ў гісторыю літаратуры. У гэтым нумары “Дзеяслова” надрукаваная толькі частка гэтага маштабнага паводле аб’ёму і зьместу апісаных падзеяў твору, у цэнтры якога сам аўтар.

Разьдзел паэзіі гэтага нумару, лічыць галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч, вылучаецца на тле іншых дзякуючы гэтым знакавым імёнам. Але і проза не саступае яму менавіта з тае прычыны, што надрукаваныя ў нумары апавяданьні Вінцэся Мудрова, Сяргея Рублеўскага ды абразкі Лідзіі Арабей прасякнутыя тонкім да шчымлівасьці паэтычным лірызмам.

“Дзеяслоў” ня быў бы “Дзеясловам”, калі б здрадзіў ужо ўсталяванай рэдакцыйнай традыцыі – ні нумару без Васіля Быкава. Успаміны народнага пісьменьніка пад назовам “Пункціры жыцьця” часопіс друкуе ўжо трэці нумар запар. Перад тым былі іншыя не друкаваныя раней творы. Успаміны Быкава будуць друкавацца яшчэ ў двух наступных нумарах. Пра далейшыя пляны гаворыць галоўны рэдактар Барыс Пятровіч:

(Пятровіч:) “На гэтым спадчына Васіля Быкава, якая друкуецца ў “Дзеяслове”, ня скончыцца. Мы рыхтуем да друку невядомыя апавяданьні Васіля Ўладзімеравіча. Я думаю, публікаваць іх будзем на пачатку наступнага году”. Дзяржава па-ранейшаму не спрыяе прыходу гэтых ды іншых аўтараў да чытача. Дазволіўшы падпіску на “Дзеяслоў”, яна забараніла распаўсюджваць яго празь дзяржаўныя кнігарні ды газэтныя шапікі, кажа Барыс Пятровіч.

(Пятровіч:) “Манапаліст “Белкніга” па-ранейшаму нас на распаўсюджваньне не прымае. І тое самае “Саюздрук”… Так што калі б на сёньняшні час была магчымасьць у нас працаваць па ўсіх структурах, то наклад часопісу адразу вырас бы ў некалькі разоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG