Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм''еры ў "Купалаўскім" – Караткевіч, Колас і... Том Стопард


Валянціна Аксак, Менск У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адкрываецца новы, 85-ты тэатральны сэзон. Традыцыйна ў гэты вечар гледачам будзе прадстаўленая Купалава “Паўлінка”. А 10 верасьня пройдзе прэм’ерны спэктакль паводле п’есы ангельскага клясыка Тома Стопарда “Ўваходзіць свабодны чалавек”. Як сказала ў інтэрвію Радыё Свабода перакладчыца гэтай п’есы Марына Бартніцкая, спадар Стопард вельмі шкадаваў, што графік ягонага візыту на мінулым тыдні ў Менск не супаў з пачаткам сэзону ў купалаўцаў і ён ня меў мажлівасьці пабачыць свой твор на беларускай сцэне.

У новым сэзоне купалаўцы будуць радаваць гледачоў найперш клясыкай — айчыннай і ўсясьветнай. 75-годзьдзе Ўладзімера Караткевіча тэатар вырашыў адзначыць пастаноўкаю славутага гістарычнага дэтэктыву “Дзікае паляваньне караля Стаха”, прэм’ера якога чакаецца 30 верасьня на малой сцэне. А 26 лістапада на вялікай купалаўскай сцэне адбудзецца прэм’ерны паказ спэктаклю паводле знакамітае Коласавае паэмы “Сымон-музыка”. Даўнюю мару паставіць гэты твор ажыцьцяўляе славуты рэжысэр Мікалай Пінігін, дзякуючы якому шмат гадоў з посьпехам ідуць на купалаўскай сцэне Купалавы “Тутэйшыя” ды “Ідылія” паводле Дуніна-Марцінкевіча.

Старая ўсясьветная клясыка будзе прадстаўленая новымі купалаўскімі інтэрпрэтацыямі “Сьнежнай каралевы” Андэрсэна ды “Караля Ліра” Шэксьпіра. Імя ж сучаснага ангельскага клясыка оскараўскага ляўрэата Тома Стопарда ўжо другі сэзон запар пазначанае на прэм’ернай афішы. На мінулым тыдні на запрашэньне праекту “Свабодны тэатар”славуты драматург пабываў у Менску, аднак ён ня меў мажлівасьці застацца да 10 верасьня, каб пабачыць сваю п’есу на купалаўскай сцэне. Загадчыца літаратурнай часткі тэатру Марына Бартніцкая, у перакладзе якой ідзе п’еса Стопарда “Зваходзіць свабодны чалавек”, сказала, што тэатар мяркуе ў будучыні адмыслова запрасіць аўтара.

(Бартніцкая: ) “Дарэчы, гэтая п’еса ня вельмі падабаецца самому Тому Стопарду, і тым больш было б цікава паслухаць яго ўражаньні ад спэктаклю. Спадзяюся, што гэта ў пэрспэктыве”.

На пытаньне пра мажлівасьці новых спэктакляў купалаўцаў паводле п’есаў славутага ангельца спадарыня Бартніцкая так сказала:

(Бартніцкая: ) “Працаваць з Томам Стопардам?.. Канечне, калі надарыцца такая магчымасьц, вядома, мы ня будзем адмаўляцца…”

Тэатар вядзе перамовы таксама зь японскай тэатральнай грамадзкасьцю, якая вельмі зацікавілася новым спэктаклем купалаўцаў паводле аповесьці Васіля Быкава “Альпійская баляда”. Цяпер шукаюць мажлівасьцяў паказу гэтага спэктаклю японскаму гледачу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG