Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможца “Аршанскай бітвы” – Андрэй Хадановіч


Браніслава Станкевіч, Аршанскі раён Андрэй Хадановіч быў прызнаны лепшым аўтарам ды выканаўцам сёлетняга бардаўскага фэсту, што традыцыйна праводзіцца ў першыя выходныя верасьня ў гонар чарговых угодкаў гістарычнай бітвы пад Воршай.

Традыцыйна імпрэза на Крапівенскім полі распачалася з імшы каля памятнага крыжа, якую ў памяць пра палеглых тут ваярах адслужылі супольна вуніяцкі сьвятар айцец Зьміцер (Грышан) і прадстаўнік беларускай аўтакефальнай царквы айцец Леанід (Акаловіч).

Потым усе перамясьціліся бліжэй да сцэны, і аршанскі бард Андрэй Мельнікаў распачаў штогадовы бардаўскі канцэрт. Сёлета ён праходзіў у акустычным варыянце, бо ў “палявых умовах” узьніклі нечаканыя праблемы з гукаўзмацняльнай апаратурай, аднак самыя ўпартыя слухачы не разыходзіліся да самае начы і паглядзелі выступы больш дваццаці сьпевакоў, а таксама чытальнікаў уласных твораў.

Вядомы паэт ды бард Андрэй Хадановіч, які ўжо не ўпершыню прыязжае на фэсты “Аршанская бітва”, таксама праслухаў ці ня ўсіх выканаўцаў.

(Хадановіч:) “Вельмі яны розныя: ёсьць нешта вясёлае, жывое, разьняволенае, а ёсьць – у найлепшых патрыятычных традыцыях. На жаль, гэта не заўсёды супадае – каб было і жывое, і вясёлае, і ў лепшых традыцыях”.

Спалучыць абедзьве гэтыя якасьці спадар Хадановіч паспрабаваў у часе ўласнага выступу, за што й атрымаў ганаровы падарунак – сталёвую карону пераможцы, якую зрабіў гарадзенскі каваль Генадзь Мацко, а прывёз на поле мастак Алесь Пушкін.

Спадар Пушкін ачольваў журы бардаўскага конкурсу, аднак асобу пераможцы вызначылі самі слухачы, калі глыбокай ноччу пачалі таньчыць ды падпяваць Андрэю Хадановічу пра безнадзейнае каханьне беларускага хлопца да “дзяўчонкі з Беластоку”. Тым часам два хлопцы з Беластоку –супрацоўнікі польскага тэлебачаньня, якія адмыслова прыехалі здымаць перадачу пра бардаўскі фэст, падзяліліся сваімі ўражаньнямі. Гаворыць Мікола Ваўранюк.

(Ваўранюк:) “Сярэднестатыстычны паляк” амаль нічога ня ведае пра Беларусь. Хіба тое, што тут ёсьць Лукашэнка, якога цяпер у Польшчы ведаюць ці то як тырана, ці то як малога дыктатара. Польскага гледача апошнім часам цікавяць падзеі вакол “Саюзу палякаў на Беларусі”. Ня ведаюць у нас пра беларускую культуру, мастацтва, і вось цяпер у нас зьявіўся шанец прыехаць сюды з камэрай, і растлумачыць палякам, ды якой гістарычнай спадчыны зьвяртаюцца сёньня беларусы, на якіх фактах будуюць сваю нацыянальную самасьвядомасьць, сваю тоеснасьць.

Усяго на Крапівенскім полі сабраліся ў гэтыя выходныя каля дзьвюх соцень чалавек. На жаль, сёлета, апрача прыемных успамінаў, у некаторых гасьцей застануцца і прыкрыя ўпражаньня ад фэсту: пакуль ішоў канцэрт, невядомыя злодзеі скралі некалькі сумак з асабістымі рэчамі. Паказальна, што здарылася гэта ў прысутнасьці амаль дзесятка супрацоўнікаў міліцыі з Аршанскага райадзьдзелу, якія ўсю ноч аддзяжурылі наводдаль, баючыся парушэньняў грамадзкага парадку і адкрытых нацыяналістычных заклікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG