Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўсё жыцьцё эмігрантка»


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 23 жніўня 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа".

Беларуска Ларыса Пліска-Балі са Швайцарыі ніколі стала не жыла ў Беларусі, на зямлі бацькоў яна затрымлівалася толькі часова. “Я ўсё жыцьцё эмігрантка” – так спадарыня Ларыса акрэсьлівае свой жыцьцёвы лёс, які аказаўся зьвязаным з чатырма краінамі.

Бацькі Ларысы Пліскі-Балі, абодва беларусы, мусілі вандраваць па былым Савецкім Саюзе і жыць там, куды пасылалі служыць бацьку-вайскоўца. Адразу пасьля вайны сям’я Пліскаў жыла ва Ўкраіне, дзе і нарадзілася іхная старэйшая дачка Ларыса.

(Пліска: ) "Я нарадзілася ў 1945 годзе, ва Ўкраіне, у Хмяльніцкім, тады яшчэ называўся Праскураў. Але я там ніводнага кроку не зрабіла, мне было 6 месяцаў, калі мае бацькі адтуль зьехалі. Пасьля мы былі ў Адэсе, у Севастопалі, а потым пераехалі ў Калінінградзкую вобласьць, якая толькі стваралася.

Там былі такія складаныя абставіны ў той час, гэта былая Нямеччына – Усходняя Прусія. Бацька наш баяўся за нас і ён вывез нас у Беларусь, схаваў ад вайны, баяліся, што ізноў будзе вайна. Спачатку ён схаваў нас у Кавалевічах, у свайго бацькі.

Я ў Беларусі пайшла ў школу, мне яшчэ не было чатырох гадоў, але я так хацела вучыцца. Пачатковую школу пабудавалі тады пасьля вайны, я памятаю гэтыя жоўтыя бярвеньні і такі высокі парожак. Як я вучылася? Мяне пасадзілі, далі аркуш паперы, аловак і я сядзела і вучылася.

Школа была беларуская і мы размаўлялі па-беларуску. Пасьля таго я ніколі не вучылася ў беларускай школе".

Доўга Вы там вучыліся?

(Пліска: ) "Можа які месяц. Потым мы ад’ехалі. Паехалі ў Лукомль, гэта недалёка ад Лепеля, ёсьць цяпер Новалукомль, там ГРЭС вялікая, сёлета я там была. Не знайшла я ні таго дому, дзе мы жылі, ні шпіталю. Мая маці была фармацэўтам. Яна працавала ў аптэцы і мы жылі там, гэта быў вялікі дом. Калі я сёлета там была, мне людзі распавялі, што гэта быў дом, дзе да вайны жылі габрэі, іх усіх забілі пад час вайны і дом стаяў пусты. Там адчынілі аптэку, засталося мейсца і для нашай сям''і, нас было чацьвёра – мама, сястра, я і маміна стрыечная сястра.

Год пражылі ў Лукомлі і выехалі. Мы прыехалі ізноў у Калінінград напрыканцы 1951 году, мне было шэсьць гадоў.

У школу я пайшла ў Калінінградзе, у сапраўдную школу. І што я памятаю. Я ж размаўляла па-беларуску, гэта ж мая родная мова. Дома размаўлялі па-беларуску. Маці мая да канца свайго жыцьця саромелася свайго акцэнту. Я размаўляла па-беларуску і настаўніца наша з дырэктаркаю школы выклікалі бацькоў і казалі ім, каб зьвярнулі ўвагу на тое, што я дрэнна размаўляю. Дзесяць гадоў я правучылася ў расейскай школе".

Калі пасьля заканчэньня школы трэба было вызначацца, дзе вучыцца далей, Ларыса зрабіла нечаканы для бацькоў выбар.

(Пліска: ) "На Ўрале я вучылася ва ўнівэрсытэце, паехала за рамантыкаю, пальцам тыкнула ў мапу і паехала. Ёсьць там вялікі горад – Перм, там я вучылася ва ўнівэрсытэце, вывучала францускую мову і, ведаеце, мяне там добра навучылі. Калі я прыехала жыць у Швайцарыю, ніхто не верыў, што я вывучыла францускую мову ў Савецкім Саюзе і тады не чула ніводнага сапраўднага француза".

Ці атрымалася працаваць па спэцыяльнасьці?

(Пліска: ) "Я ўсё жыцьцё працавала па гэтай спэцыяльнасьці. Я вярнулася ў Калінінград да бацькоў і пачала працаваць ва ўнівэрсытэце, выкладаць францускую мову. У 1974 годзе мяне паслалі ў Ленінград, ва ўнівэрсытэт, там былі курсы павышэньня кваліфікацыі. Я там два гады правучылася і ізноў вярнулася ў Калінінград. Потым ізноў вучылася ў Ленінградзе. Так усё жыцьцё і вучылася, удасканальвала францускую мову і адначасна выкладала ў Калінінградзе ва ўнівэрсытэце”.

Сп. Ларыса, тое, што Вы дасканала валодаеце расейскаю і францускаю моваю зразумела, але выклікае зьдзіўленьне, як Вам удалося захаваць сваю родную мову, якую Вы ніколі не вывучалі і, можна сказаць, ужо былі татальна зрусыфікаваная?

(Пліска: ) "Татальна, так. Ведаеце, сёньня я чытала Язэпа Лёсіка. Калі я была ў Менску, набыла там кніжку Лёсіка, гэта ягоныя творы за 1921-1930 гады. Ён піша там пра людзей, якія прыйшлі да разуменьня таго, што яны беларусы.

Я сама не магу ўсьвядоміць нават, як гэта сталася са мною. У нас ў Калінінградзе была толькі расейская бібліятэка. Першыя беларускія кніжкі я прывезла з Талачына – творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, такія маленькія кніжачкі. Пачала чытаць, гэта было недзе 25 гадоў таму. Я тады ўжо працавала ва ўнівэрсытэце.

Я нічога ня ведала пра гісторыю Беларусі і тут раптам нешта ў ва мне заварушылася. Нічога ня ведала, ведала толькі, што, як мая мама казала, беларуская мова ўзьнікла пасьля рэвалюцыі, што Беларусь узьнікла пасьля рэвалюцыі, гэтак іх вучылі ў школе. Я думала, што сапраўды так і ёсьць.

І вось тады і пачалося, гэта яшчэ перад "перабудовай", да Гарбачова. Нешта ў ва мне заварушылася ўнутры і я пачала разважаць пра тое, чаму мы – беларусы павінны зьнікнуць, як нацыя, чаму мы павінны адмовіцца ад нашай мовы, яна не горшая за іншыя. І тады я пачала вывучаць беларускую мову. Мы пачалі разам з маёй калегаю па працы Тацьцянаю Рокач, яна беларуска”.

Цяпер зразумела, чаму Вы сталі адной з закладальнікаў беларускай суполкі ў Калінінградзе “Каралевец” на пачатку 1990-х.

(Пліска: ) "Разам з Тацянаю Рокач, зь Ігарам Шаховічам і яшчэ адным беларусам – Сяржуком, мы пачалі займацца ў Калінінградзе беларускімі справамі. Пачалі чытаць беларускія кнігі, вывучаць мову".

А як Вы пазнаёміліся з гэтымі беларускімі хлопцамі?

(Пліска: ) "Яны самі да нас прыйшлі, знайшлі нас. Яны спачатку пайшлі ў “Саюздрук” і даведаліся, хто ў Калінінградзе падпісваецца на беларускія газэты, а гэта якраз былі мы, толькі дзьве асобы ў горадзе, якія атрымлівалі беларускія газэты. Так мы і стварылі разам нашу суполку, яна дзейнічае і да гэтага часу".

Кантакты з суполкаю “Каралевец” спадарыня Ларыса ўтрымлівае пастаянна, сустракаецца з сябрамі пад час сваіх паездак да бацькоў у Калінінград.

Спадарыня Ларыса, а ці бываеце Вы ў Беларусі?

(Пліска: ) "У Менску я была сёлета на зьезьдзе, там адбываўся чацьвёрты зьезд беларусаў сьвету. Я, дарэчы, была і на першым зьезьдзе ў 1993 годзе.

Месяц была там, 9 жніўня вярнулася. Была ў Докшыцах, у Бягомлі, у Талачыне, у Лепелі і ў вёсках. Бацька мой зь Лепельскага раёну, ёсьць там маленькая вёсачка Кавалевічы. Два гады таму я там была і сёлета езьдзіла. А маці з Талачынскага раёну, вёска Новае сяло”.

Ведаеце свой радавод?

(Пліска: ) "Пакуль яшчэ не так дасканала, я зараз так злуюся на сябе, што не пачала гэта рабіць раней, калі яшчэ былі жывыя родныя.

Я дакапалася ў сваім радаводзе да пра-прадзедаў, я ведаю іх імёны, я ведаю, дзе яны пахаваныя".

Якія ўражаньні засталіся ад паездкі на Бацькаўшчыну?

(Пліска: ) "Ведаеце, што там мяне найбольш уразіла сёлета? Гэта як выконваецца закон аб мовах, гэтае, так званае, двухмоўе.

Калі я бываю ў Беларусі, я заўсёды размаўляю толькі па-беларуску. Я пераконваю ўсіх сваіх родных, якія яшчэ засталіся там, каб гаварылі па-беларуску. Я кажу ім: "Я вам не сорамна? Вы размаўляеце на такой страшэннай "трасянцы".

Я размаўляю па-беларуску, на дзяржаўнай мове, а мне ўсюды – у крамах, у кавярнях, адказваюць па-расейску. Першыя два дні я не магла нідзе купіць беларускую газэту. Я ўжо пачала абурацца – ляжыць поўна расейскамоўнай прэсы, кніжак не лепшага ўзроўню, ідзе такая русыфікацыя. А каб знайсьці беларускую газэту, трэба доўга шукаць недзе па кутках. Адна жанчына, якая ў кіёску працуе, мне наўпрост сказала, што ім загадалі, каб беларускія газэты засунулі недзе падалей. Вось як!

Мне трэба было знайсьці чалавека па прозьвішчу Баразна, пазваніла ў даведачную службу, а яны ў мяне пытаюцца, як гэта па-расейску пішацца. Я кажу: "Вам не сорамна? Мы ў Беларусі, я шукаю беларуса, у яго роднай дзяржаве". "А ў нас у кампутарах усё па-расейску" – адказваюць”.

Ад сёньняшняга Менску спадарыня Ларыса таксама не ў захапленьні?

(Пліска: ) "Менск – ідзеш па вуліцах, а яны пустыя, мала кавяраняў, малых рэстаранчыкаў, няма ўтульнасьці ў горадзе. Можна было б лавак больш паставіць у парку. Пабудавалі гэты ўжо "эўрапейскі" вакзал, але хто падумаў пра людзей. Каб у таксоўку сесьці, мэтраў 50 трэба цягнуць свае рэчы. Ці гэты бардзюр, хто падумаў пра чалавека-інваліда?

Калі я была ў Менску, хадзіла ў госьці да сяброўкі, у яе быў дзень нараджэньня, былі там госьці. Усе размаўлялі па-расейску, а я адна размаўляла па-беларуску. Быў там такі агрэсіўны малады чалавек – беларус. Ён усё крычаў: "У меня нет необходимости говорить по-беларуски". Я адказала яму: "Вы гаварыце і будзе неабходнасьць". Таксама была студэнтка з мэдінстытуту, яна сказала, што адзін іхны выкладчык сказаў ім, што беларуская мова штучная і што яе прыдумалі пісьменьнікі, каб грошы зарабляць. Вось такі жах”.

Так эмацыянальна спадарыня Ларыса ўспрымае моўную сытуацыю ў Беларусі таму, што яна на свае вочы бачыць, як вырашаюцца моўныя пытаньні ў краіне, дзе яна сёньня жыве. Як вядома, Швайцарыя – шматмоўная краіна, дзяржаўнымі там прызнаныя ажно чатыры мовы і кожная зь іх абароненая.

(Пліска: ) "Нямецкая мова – гэта недзе каля 72% жыхароў ёю карыстаюцца, 18% – француская мова, 1% – рэтараманская мова, астатнія – італьянская. Чатыры мовы, і кожная абароненая законам. Напрыклад, калі гэта нямецкамоўны кантон, ніхто не мае права адчыніць школу на іншай мове, на першым месцы – мова гэтага кантона".

Кожны жыхар мусіць ведаць усе чатыры мовы?

(Пліска: ) "Не, не абавязкова, дзьве мовы дастаткова. Але бальшыня швайцарцаў валодае як найменей трыма мовамі. Там вельмі добра вывучаюцца гэтыя мовы ў школах, у ліцэях. Дзьве дзяржаўныя мовы абавязкова вывучаюцца ў школе.

Мяне вельмі зьдзівіла, калі я ўпершыню прыехала ў Швайцарыю ў 1991 годзе, тры мовы ў гатэлях – калі ласка".

Ларыса жыве ў Швайцарыі ўжо каля 10 гадоў, яна выйшла замуж за швайцарца і прыехала ў горад Івэрдон, які знаходзіцца на захадзе краіны, недалёка ад мяжы з Францыяй. Гэта франкамоўны кантон Во (Vaud).

Ларыса пазнаёмілася з Даніэлем Балі яшчэ ў савецкія часы, калі замежнікі пачалі наведвацца ў Савецкі Саюз.

(Пліска: ) "Мы пазнаёміліся ў 1972 годзе, у Сочы. Ён прыехаў вывучаць расейскую мову, а я прыехала на адпачынак. Для мяне тады швайцарцы былі тое ж самае, што марсіяне.

Ён выкладаў францускую і нямецкую мову ў ліцэі, валодае крыху гішпанскай, вельмі добра ангельскай.

Потым мы сталі перапісвацца, ён мне пачаў кніжкі прысылаць, якія мне былі вельмі патрэбныя для маёй працы. Але гэта напачатку была такая, як кажуць, "прафсаюзная " перапіска. Шмат гадоў гэта цягнулася. А потым ужо ў 1991 годзе, калі стала і нам магчыма выяжджаць, ён мяне запрасіў. Перад гэтым ён прыяжджаў сам у Маскву. Запрасіў мяне і мы ўзялі шлюб”.

У Ларысы з мужам цяпер зьявілася агульнае захапленьне?

(Пліска: ) "Ад мяне ён пераняў цікавасьць да свайго радаводу. Пачаў вывучаць гісторыю свайго роду. Там архівы адкрытыя для ўсіх – прыходзь і працуй. Я яму дапамагаю, мы зь ім раскапалі ягоны радавод аж да 15 стагодзьдзя, даведаліся, што ягоныя продкі прыйшлі з Францыі.

Да 200-годзьдзя ўваходжаньня іхнага кантона ў склад Швайцарскай канфэдэрацыі выйшла ягоная брашура пра гісторыю іхнай камуны, гэтая камуна – невялічкая вёсачка, якая называецца Люлі.

Мы вывучылі ўсе архівы, якія там ёсьць у мэрыі, потым паехалі ў архівы кантанальныя. Муж мой нават езьдзіў у Францыю, у Безансон працаваць у архівах. Тут ніякіх не трэба дазволаў, нават пашпарт не патрабуюць”.

Вы там прафэсійна працуеце?

(Пліска: ) "Спачатку працавала з расейскімі турыстамі, але нядоўга. Ведаеце, я не хачу губляць час на расейскіх турыстаў таму, што я толькі цяпер маю час, каб чытаць беларускія кніжкі, якія я павінна была б прачытаць яшчэ ў дзяцінстве. Шчыра кажу, я мала ведаю беларускую літаратуру, беларускую гісторыю, гэта мяне вельмі цікавіць. Я чытаю зараз шмат чаго, у мяне ёсьць многа беларускіх кніжак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG