Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 жніўня 1587 году ў сярэднявечнай Беларусі зьмяніўся кіраўнік краіны


RFE/RL Каляндар Свабоды – 19 жніўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 19 жніўня.

Сёньня ў Беларусі вялікае традыцыйнае сьвята – Яблычны Спас. Яно зьвязанае з пасьпяваньнем яблык і асьвячэньнем іх у царкве. Існавала суворая забарона есьці яблыкі да гэтага дня. Казалі таксама, што на Спаса зямля сьпіць, таму працаваць, гэта значыць трывожыць яе, нельга. А яшчэ ёсьць такая прымаўка, якая знакавала блізкі канец лета: “Спас – лета шась!”

19 жніўня 1587 году ў сярэднявечнай Беларусі адбылася зьмена кіраўніка краіны. Вялікім Князем быў абвешчаны Жыгімонт Ваза. Перад тым ён быў прагнаны са швэдзкага пасаду тамтэйшымі пратэстантамі. У беларускую гісторыю Жыгімонт Ваза ўвайшоў тым, што садзейнічаў Берасьцейскай царкоўнай уніі і адваяваў у Расеі Смаленшчыну.

19 жніўня 1991 году ў Маскве адбыўся вядомы пуч ГКЧП, які меў на мэце спыніць перабудову і рэанімаваць разваленую савецкую імпэрыю.

І яшчэ адна памятная падзея найноўшай беларускай гісторыі адбылася 19 жніўня. Гэта страйк менскага мэтрапалітэну ў 1995 годзе. Работнікі пратэставалі супраць парушэньня дырэкцыяй працоўнага заканадаўства і супраць затрымкі заробкаў. Улада жорстка расправілася з рабочымі. 68 чалавек былі звольненыя і на працягу гадоў не маглі ўладкавацца на працу. На цягніках мэтро іх замянілі пакліканыя з Масквы штрэйкбрэхеры.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

20 жніўня 1919 году памёр Іван Луцкевіч. Каб уявіць маштаб тае страты, дастаткова сказаць, што Іван Луцкевіч быў абсалютным аўтарытэтам у нацыянальным адраджэньні нашаніўскае пары. Менавіта зь ягонае ініцыятывы паўставала беларушчына ва ўсіх яе праявах – у культуры, палітыцы, грамадзтве. Іван Луцкевіч далучыў да сваіх ініцыятываў сотні людзей, імёны якіх сёньня зьяўляюцца прадметам нацыянальнага гонару. Сам жа ён непасрэдна займаўся зборам памятак старасьветчыны. Пасьля сьмерці зь ягонай калекцыі быў створаны славуты Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча.

20 жніўня 1924 году ў Празе на першым зьездзе беларускіх студэнтаў было створана «Аб''яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў» (АБСА). Ужо ў 1930-м годзе АБСА стала найбуйнейшай арганізацыяй беларускага студэнцтва, якое вучылася па ўсім сьвеце – у Празе, Брусэлі, Бэрліне, Варшаве, Рызе, Вільні. АБСА прадстаўляла інтарэсы 540 сяброў і ўваходзіла ў Міжнародную Студэнцкую Канфэдэрацыю. Першым старшынём АБСА быў віленскі інжынэр Адольф Клімовіч, а зь яе шэрагаў выйшла шмат дзеячоў беларускае эміграцыі.

20 жніўня 1937 году ў Саратаве быў арыштаваны неадменны сакратар Беларускай Акадэміі Навук Вацлаў Ластоўскі. Сёмы год гэты пачынальнік нацыянальнага адраджэньня і навуковец адбываў ссылку ў расейскай глыбінцы. Гэтым разам празь некалькі месяцаў утрыманьня ў саратаўскай турме яго расстралялі.
XS
SM
MD
LG