Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Шушкевіч: самы галоўны – наступны дзень пасьля выбараў


Міхал Стэльмак, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 2 верасьня.

“Народная воля” у сёньняшнім нумары друкуе інтэрвію зь вядомым вучоным і палітыкам Станіславам Шушкевічам. Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады дзеліцца, у прыватнасьці, сваімі меркаваньнямі пра дзеяньні апазыцыі. Спадар Шушкевіч перакананы, што варта браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, нягледзячы на магчымую фальсыфікацыю іх вынікаў. Ён нагадвае, што ўсе станоўчыя перамены ў апошнія гады адбываліся пасьля выбараў. І калі людзі адчуваюць, што за імі перамога, то вельмі небясьпечным робіцца для ўлады наступны пасьля падліку галасоў дзень. Згодна з апытаньнямі, 15% дарослага насельніцтва Беларусі гатовыя выйсьці на вуліцу з пратэстам. У Менску гэта 200.000! Калі 200.000 выйдзе на пляц, то ніякая ўлада іх не пераможа, перакананы Станіслаў Шушкевіч.

“Народная воля” таксама паведамляе пра пэрспэктывы датэрміновага вызваленьня з калёніі вядомага апазыцыйнага дзеяча Міхаіла Марыніча. Як паведаміла газэце жонка зьняволенага, кіраўніцтва калёніі зьбіраецца адмовіць спадару Марынічу ў такім вызваленьні.

“Брэсцкая газэта” інфармуе сваіх чытачоў пра пачатак новага навучальнага году на Берасьцейшчыне. Сёлета тут адчынілі дзьверы на 13 школаў меней, чым летась. Як зазначае выданьне, іх зачынілі з прычыны так званай эканамічнай немэтазгоднасьці. З другога боку, статыстыка сьведчыць, што сёлета ў школы вобласьці пайшло вучняў першых клясаў на 400 чалавек больш, як летась.

Паведамляе “Брэсцкая газэта” таксама пра наданьне пасёлку Мікашэвічы статусу горада раённага падпарадкаваньня, пра візыт у Камянец дэлегацыі нямецкага гораду Морсбах, а таксама пра заплянаванае ў Лунінцы адкрыцьцё бюста народнаму пісьменьніку Якубу Коласу.

“Газэта Слонімская” дасьледуе сацыяльныя працэсы ў вёсцы Маскалёўцы, што ў Дзятлаўскім раёне. Некалі тут было дваццаць дзевяць хатаў, а цяпер жыцьцё цепліцца толькі ў трынаццаці. І то — якое там жыцьцё, сьцьвярджае газэта. Старыя людзі адзінока праводзяць дні. У адзінаццаці хатах засталося па адной жанчыне, і толькі тры сядзібы маюць гаспадароў. Тут ціха і сумна нават у ясныя летнія дні, бо не чуваць на вуліцы дзіцячых галасоў. А гэта, як зазначае выданьне, верная прыкмета таго, што вёска вымірае.

“Газэта Слонімская” друкуе матэрыялы пра сытуацыю ў Саюзе палякаў, пра пачатак новага навучальнага году на Слонімшчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG