Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": як зьмяніліся стасункі Беларусі й Украіны?


Ганна Соусь, Менск Як зьмяніліся за апошні час беларуска-ўкраінскія дачыненьні? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на вуліцах Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, на Вашую думку, як зьмяніліся беларуска-ўкраінскія дачыненьні пасьля “аранжавай рэвалюцыі”?

(Спадар: ) “Прагрэсіўная частка грамадзтва глядзіць на Ўкраіну з надзеяй, а традыцыйныя постсавецкія “таварышы” ня надта вітаюць гэтыя “аранжавыя” справы. Добра, што яны пайшлі наперад. Пачакаем, пакуль мы сасьпеем”.

(Спадар: ) “Я лічу, што ніяк не зьмяніліся, што наш прэзыдэнт робіць усё, каб умацаваць стасункі між Украінай і Беларусьсю”.

(Спадар: ) “Я таксама лічу, што ён усё робіць, каб умацаваць дачыненьні паміж суседнімі братэрскімі народамі”.

(Спадар: ) “Я нядаўна прыехаў з Украіны, і лічу, што ўкраінцы сталі да нас ставіцца лепш. У іх новы ўрад, і яны, мабыць,трохі не задаволены — лічаць, што наш урад лепшы, і жадаюць сабе такога ж”.

(Спадар: ) “Сталі ўвогуле ніякія, таму што Ўкраіна арыентавана на Захад, а Беларусь — на ізаляцыю”.

(Спадар: ) “На маю думку, зьмяніліся. І я лічу, што сустрэча прэзыдэнтаў павінна вырашыць шмат пытаньняў і палепшыць наша становішча”.

(Спадарыня: ) “Ува Ўкраіне, мне падаецца, нешта палепшылася. Адбыўся штуршок да будучых пераменаў”.

(Спадарыня: ) “Пакуль гэтыя бурлівыя падзеі ня пройдуць, усё будзе станавіцца то крыху прахалодней, то крыху цяплей. Рэальных зрухаў я ня бачу”.

(Спадар: ) “Яны ня моцна зьмяніліся. Я думаю, што ўсё залежыць ад пазыцыі Юшчанкі. Калі ён захоча пайсьці насустрач, то тады могуць быць нейкія зьмены. Але, па сутнасьці, гэтая сустрэча нічога прынцыпова ня зьменіць”.

(Спадар: ) “На маю думку, пагоршыліся. Цяпер, калі праяжджаеш мяжу, то ўкраінскія мытнікі сталі горш ставіцца да людзей — больш трымаюць. Мне папросту — як чалавеку — гэта непрыемна”.

(Спадарыня: ) “Хто яго ведае, як там павернецца — у аднаго, ці ў другога… Бо кожны зь іх з амбіцыямі. Але, думаю, што пастараюцца знайсьці нейкі нармальны варыянт дачыненьняў паміж сабой і паміж народамі”.

(Спадар: ) “Я думаю, што яны не палепшыліся. Зразумела, розныя ідэалягічныя плятформы”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што яны пагоршыліся, таму што ва Ўкраіне цяпер палітыка, далёкая ад дэмакратычнай”.

(Спадар: ) “Я толькі ведаю адно: нам трэба жыць разам, каб было ўсім людзям добра на зямлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG