Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Качыньскі: я здольны пайсьці далей, чым забарона на ўезд у Польшчу для ўдзельнікаў ваўкавыскага зьезду


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Адзін з найбольш рэальных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Польшчы, цяперашні мэр Варшавы заявіў нашаму радыё, што калі ён пераможа ў выбарах, дык палітыка Варшавы ў дачыненьні да афіцыйнага Менску стане значна больш жорсткай.

Гаворыць Лех Качыньскі.

(Качыньскі: ) “Мы, перадусім, хочам больш актыўна бараніць свае інтарэсы – усімі магчымымі сродкамі. Ёсьць шмат нявыкарыстаных магчмасьцяў, напрыклад, мытныя мэханізмы. Трэба адкрыта сказаць, што гандлёвы абмен паміж Эўразьвязам і Беларусьсю такі, што для аб’яднанай Эўропы вялікага значэньня ён ня мае, а для Беларусі, хаця яна найбольш зьвязаная з Расеяй, ён ўсё ж мае значэньне. Польшча – гэта адна з буйнейшых краінаў Эўразьвязу, і я ўпэўнены, што мы зможам дамагчыся мытных санкцыяў. З другога боку, мы хочам больш адкрыта падтрымаць беларускую апазыцыю. Мая партыя – “Закон і справядлівасьць” – мае рэгулярныя кантакты з беларускімі апазыцыйнымі партыямі, мы шмат дапамагаем. Мы супрацоўнічаем зь беларускай апазыцыяй найбольш цесна з усіх польскіх партыяў”.

(Радыё Свабода: ) “Напярэдадні зьезду СПБ у Ваўкавыску, непрызнанага польскім бокам, прадстаўнікі партыі “Закон і справядлівасьць”, якую ўзначальвае брат Леха Качыньскага – Яраслаў, запрапанавалі забараніць уезд на польскую тэрыторыю усім дэлегатам гэтага зьезду. Ці будзе гэта зроблена ў выпадку перамогі Леха Качыньскага на выбарах?

(Качыньскі: ) “Я гатовы да такіх захадаў. Больш таго, калі сытуацыя будзе гэтага вымагаць, я асабіста буду здольны на яшчэ больш радыкальныя крокі, хаця, канешне, не хацеў бы гэтага рабіць. Тут гаворка ідзе пра тое, што Польшча знаходзіцца паміж Беларусьсю і краінамі Заходняй Эўропы. Больш падрабязна пра гэта я пакуль не магу сказаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG