Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Патсдаме судзяць беларуса, які падрабляў банкноты эўра


Алена Струвэ, Менск У нямецкім Патсдаме праходзіць судовы працэс над 33-гадовым беларусам Уладзіславам Л., якога вінавацяць у падрабляньні фальшывых 50-эўравых купюр і дакумэнтаў. Нямецкія крыміналісты адзначаюць, што гэта самыя высакаякасныя падробкі банкнотаў за ўсю гісторыю найноўшай Нямеччыны. Абвінаваўчы бок патрабуе для фальшываманэтніка даволі мяккага пакараньня (30 месяцаў пазбаўленьня волі).

Апошнім часам 33-гадовы менскі інжынэр Уладзіслаў стаў сапраўдным героем нямецкіх крымінальных хронік. Спасылаючыся на аўтарытэтных крыміналістаў Нямеччыны, аўтары артыкулаў пішуць, што такіх высакаякасных фальшывых эўра дасюль яшчэ не выраблялі ў Нямеччыне. Гэтыя банкноты –– а іх зроблена некалькі соцень тысяч — выкананы бездакорна. Экспэртам удалося даказаць фальшаваньне толькі з дапамогай самай сучаснай апаратуры.

Тым часам у справе фальшываманэтніка зьяўляюцца новыя нечаканыя акалічнасьці. Адвакат падсуднага Фолькмар Шонэбург зьвінаваціў у неаханайнасьці патсдамскую паліцыю. Маўляў, яе супрацоўнікі доўгі час ігнаравалі шматлікія адмыслова дасланыя на іхны адрас e-mail’ы Ўладзіслава з паведамленьнямі пра падпольную фабрыку, злачынную групоўку й вытворчасьць фальшывых грошай. Паліцыя пачала рэагаваць толькі тады, калі ў электронных паведамленьнях зьявілася інфармацыя пра нелегальнае вырошчваньне групоўкай канопляў.

Сваё жаданьне супрацоўнічаць з паліцыяй Уладзіслаў растлумачыў тым, што людзі, зь якімі ён апынуўся побач у адной “камандзе” — а гэта пераважна немцы арабскага й турэцкага паходжаньня, — нясуць сапраўдную, яшчэ больш цяжкую за падрабляньне грошай, пагрозу для нямецкага грамадзтва.

Зыходзячы з гэтых сьведчаньняў, нямецкія праваахоўныя органы правяраюць прыналежнасьць некаторых сяброў групоўкі да вядомага ісламісцкага тэрарыстычнага аб’яднаньня.

Паводле Ўладзіслава, ён трапіў у Нямеччыну ў 2003 годзе паводле заданьня беларускага КДБ. Ён цьвердзіць, што мусіў укараняцца ў шэрагі фальшываманэтнікаў, да якіх належалі былыя грамадзяне СССР, і знэўтралізоўваць гэтыя групы. Паводле словаў Уладзіслава, менавіта ў менскім КДБ ён атрымаў адпаведныя ўрокі з тэхнікі падрабляньня грошай.

Нямецкае зьвінавачаньне накіравала ў зьвязку з гэтай справай запыт да беларускага боку і, як піша мясцовая прэса, атрымала на адказ аспрэчаньне.

З гэтае нагоды мы вырашылі самі патэлефанаваць у прэсавую службу беларускага Камітэту дзяржбясьпекі. І атрымалі такі адказ:

(Супрацоўніца: ) “Вы разумееце, сьцьвярджаць можна ўсё што заўгодна. Гэтымі справамі займаемся як мы, так і міліцыя. Аднак адносна гэтае справы мы ня можам даць аніякага камэнтару. Увогуле, такой інфармацыі да нас не паступала”.

Тым часам, як перадаюць нямецкія СМІ, беларускі фальшываманэтнік прайшоў псыхіятрычную экспэртызу, бо зь ягонай справы вынікае, што ўдома ён пэўны час лекаваўся ў адпаведным закрытым шпіталі з дыягназам “шызафрэнія”. Паводле нямецкага псыхіятра Ульрыха Вэнта, 33-гадовы беларус ёсьць псыхічна адэкватным чалавекам і адрозьніваецца высокім узроўнем амбітнасьці й інтэлекту.

Судовы працэс над беларусам працягваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG