Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля Нацыянальнай бібліятэкі зьявіўся помнік Скарыну (фота)


Ганна Соусь, Менск Ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі ўсталявалі помнік беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. Калі адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё помніка, пакуль невядома. Сёньня наша карэспандэнтка наведала будаўнічую пляцоўку побач зь бібліятэкай.

Зь левага боку ля недабудаванага ўваходу ў Нацыянальную бібліятэку цяпер узвышаецца вялікі шасьцімэтровы помнік Францішку Скарыну. Адпаведнай шыльды на ім няма, бо яшчэ не завершана праца над пастамэнтам.

Манумэнт усталявалі 30-га жніўня. Інжынэр па камунікацыях Інстытуту “Менскпраект” Марыя Кузьміна бачыла, як усталёўвалі помнік.

(Кузьміна: ) “Кранам усталёўвалі наўпрост на падмурак. Мне было вельмі страшна. Хвалявалася, каб штыры дакладна трапілі ў адтуліны. Хутчэй за ўсё, будзе ўрачыстае адкрыцьцё ўсёй бібліятэкі, але ня помніка. Помнік — ужо як дадатак. Мы ўсё баяліся, у якім жа месцы ён будзе стаяць. Вось ён правільна стаіць — побач з цэнтральным уваходам. І вітае нас”.

Помнік выраблены з бронзы, ягоная вышыня — каля шасьці мэтраў, плюс трохмэтровы пастамэнт.

Гутару з галоўным архітэктарам праекту Нацыянальнай бібліятэкі Віктарам Крамарэнкам.

(Крамарэнка: ) “Скульптар — Аляксандар Дранец. Помнік ён зрабіў гадоў восем таму”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўрачыстае адкрыцьцё помніка калі будзе?”

(Крамарэнка: ) “Складана сказаць. Можа, разам зь бібліятэкай. Яе адкрыюць тады, калі тут будуць збудаваны залі для правядзеньня саміту кіраўнікоў дзяржаваў”.

Я падыходжу да самога помніка й размаўляю з рабочымі, якія ўкладаюць плітку ля пастамэнту.

(Будаўнік: ) “Узялі кранам, паднялі й паставілі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ведаеце, каму гэта помнік?”

(Будаўнік: ) “Канечне. Скарыну”.

(Будаўнік: ) “Падаецца, Скарыну. Помнік ёсьць помнікам”.

(Карэспандэнтка: ) “А як Вы ставіцеся да таго, што тут раней быў праспэкт Скарыны, а цяпер помнік усталяваны ўжо ля праспэкту Незалежнасьці?”

(Будаўнік: ) “А мне ўсё роўна, дзе помнік паставяць — тут ці ў іншым месцы”.

Сёньня ж я паспрабавала зьвязацца з аўтарам помніка скульптарам Алесем Дранцом. Але на скульптурным камбінаце, дзе ён дырэктарам, адказалі, што той у адпачынку.

Скульптар Алесь Шатэрнік калісьці разам з Дранцом браў удзел у конкурсе на лепшы помнік беларускаму асьветніку й першадрукару.

(Шатэрнік: ) “Напачатку 90-х, калі адзначалася 500-годзьдзе з дня нараджэньня Францішка Скарыны, я таксама браў удзел у гэтым конкурсе. Падаў праект з назвай “Дыспут”. Было пададзена больш за 10 праектаў. У канчатковым варыянце абралі праект Алеся Дранца. Ён зьвяртаў на сябе ўвагу сваёй дасканаласьцю, зробленасьцю. Напачатку меркавалася помнік паставіць ля Акадэміі навук, ля гэтай калянады. Але цяпер, раз варункі так склаліся, што робяць гэтую бібліятэку, то я думаю: гэтая фігура будзе ўпісвацца ў сучасную ўрбаністыку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG