Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак-пастаноўшчык “Песьняроў” Лявон Бартлаў: “Каб зараз сьпяваць песьні Мулявіна, трэба добра ўсё ўзважыць”


Ігар Карней, Менск 1 верасьня лічыцца датай нараджэньня аднаго з самых славутых музычных калектываў Беларусі – ансамблю “Песьняры”. У гэты дзень 36 гадоў таму на маскоўскай фірме грамзапісу “Мелодия” выйшла першая кружэлка “Песьняроў”, якія да таго часу гралі пад назвай “Лявоны”. І менавіта ад верасьня 1969 году бярэ пачатак уласна “песьняроўская” біяграфія. Традыцыя адзначаць угодкі “Песьняроў” захоўваецца да гэтага часу, хоць у розныя гады праз ансамбль прайшлі дзясяткі музыкаў і сьпевакоў, а пасьля трагічнай сьмерці заснавальніка “Песьняроў” зьявіліся ажно пяць калектываў, складзеных з былых паплечнікаў Уладзімера Мулявіна. Пра фэномэн гурту, які прынёс славу беларускай музычнай культуры, наш карэспандэнт пагутарыў з Лявонам Бартлавым, мастаком-пастаноўшчыкам, майстрам дызайну і афармленьня сцэны, які працаваў зь “Песьнярамі” ад пачатку.

Зь Лявонам Бартлавым мы дамовіліся сустрэцца ў бары “Сьвітанак” – адным з колішніх месцаў сустрэчы “Песьняроў” залатога ўзору. Зараз гэта досыць шараговая, з налётам “савецкасьці” ўстанова з адпаведнай публікай, але тры дзясяткі гадоў таму сюды было літаральна ня ўбіцца. Пачынаем размову з філязофскага пытаньня: ці можна казаць пра крызыс “Песьняроў” у апошнія гады жыцьця Ўладзімера Мулявіна?

(Бартлаў: ) “Крызыс жанру” можа напаткаць любога чалавека. Чалавек – гэта істота ўвогуле слабая. Толькі збоку можа здавацца, што нейкая асоба моцная, але насамрэч – не. Калі гаварыць пра крызыс асабіста Ўладзімера Мулявіна, то гэта факт. Але гаварыць пра крызыс жанру “Песьняроў” я б ня стаў. Гэта фэномэн: калі адыходзіць лідэр групы і замест таго, каб каманда спыніла існаваньне, яна дзеліцца, дзеліцца, дзеліцца... Гэта фэномэн таго зараду, энэргіі, таго таленту Мулявіна, які даў такі эмацыйны штуршок, каб дзясяткі “песьняроў”, якія ратацыяй прайшлі праз калектыў, існавалі ў іншых гуртах”.

(Карэспандэнт: ) “А які сэнс ў існаваньні шматлікіх “Песьняроў”, калі аднадумцы, паводле лёгікі, маглі б аб’яднацца ў адну каманду?”

(Бартлаў: ) “Сам корань слова “аднадумца” тлумачыць усё. Цяпер сярод гэтых людзей аднадумства няма. Калі Мулявін, як лідэр, мог быць стрыжнем, вакол якога зьбіраліся аднадумцы, дык гэта зразумела. Але як Скаражонак можа быць аднадумцам з Дайнэкам? У іх розная музычная культура. Як Скаражонак можа быць аднадумцам з тым жа самым салістам Пашам Зайцам? Паша па нотах, чыста па-свойму на праграму, на групу вышэй за Скаражонка! Але ў Скаражонка свае амбіцыі. У Скаражонка, калі яго ў свой час запрасіў Мулявін, быў шанец. Але ён, відаць, яго не скарыстаў. А потым пайшла тэхналёгія, якую я не хачу нават абмяркоўваць…”.

(Карэспандэнт: ) “А што рабіць з аўтарскімі правамі? Практычна ўсе калектывы выконваюць адны і тыя ж песьні…”

(Бартлаў: ) “Аўтарскія правы – гэта справа тых, хто валодае гэтымі паўнамоцтвамі ці атрымлівае ганарар. Таму гэта ўжо справа Сьвятланы Аляксандраўны Пенкінай, яе сям’і, сваякоў кантраляваць гэтую частку закону. Але калі на пляцоўку выходзяць артысты і сьпяваюць, то гэта ня іхная задача, як артыстаў, апэляваць да лічбаў. Ёсьць цэлыя структуры, якія маюць інфармацыю, хто і дзе сьпявае тую ці іншую песьню. Гэта нюансы”.

(Карэспандэнт: ) “Можаце ўзгадаць нейкі яскравы эпізод зь “Песьняроў” эпохі Мулявіна?”

(Бартлаў: ) “Пакуль артысты не прыехалі, мы выстаўлялі сцэну, дэкарацыі. Гукарэжысэр Толя Шчолакаў сядзеў на мікшарах, настройваў кожны мікрафон. Быў, адпаведна, мікрафон Мулявіна, Кашапарава, Барткевіча, Лёні Тышко. Толя з залі крычыць: “Лявон, падыйдзі да мікрафону Кашапарава, “пацыкай”. Я хадзіў-хадзіў, а потым кажу: “На чорта я буду цыкаць? Мікрафон паказвай, выставіш групу адразу”. І сьпяваю а-ля Кашапараў: “Письма, письма лично на почту ношу…”. Ён абалдзеў. Кажа, а цяпер давай Барткевіча. Зноў сьпяваю ягоны голасам. Дайшла чарга да мулявінскага мікрафону: “Давай, Мулі выведзем мікрафон; адразу вазьмі апорныя па гуку”. І я пачынаю: “Ой, каляды, блінцы ладныя, ой, лю-лі, лю-лі, блінцы ладныя…” Гэтак прайшло раз, другі. Да гэтага ўсе ўжо прызвычаіліся. І вось аднойчы “ідзём” па мікрафонах, я зацягваю мулявінскую “А ў полі вярба-а-а, нахілёная-я-я…”. Адчуваю, што мяне па плячы нехта “дык-дык” рукой, але працягваю – “маладзенькая-я-я…” Паварочваюся – стаіць Муля: “Ведаеш, Лявон, двух Мулявіных ужо будзе да х…”, прабачце…”.

Пры канцы гутаркі з мастаком Лявонам Бартлавым запытваю: а ці лічыць ён сам сябе “Песьняром”? Усё ж столькі гадоў у “Песьнярах” – няхай не за сынтэзатарам ці ўдарнымі, але ж з пэндзлем і фарбамі?

(Бартлаў: ) “Пясьняр” я ці не? Пэўна, я ўсё ж адношуся да гэтай кагорты, як, прыкладам, і Валерый Яшкін, таксама адзін з заснавальнікаў “Песьняроў”. Як Уладзімер Геогіевіч з гэтай нагоды казаў – “песьняром” немагчыма быць проста па прафэсіі, “песьняром” можна быць толькі па спосабу мысьленьня, па ладу жыцьця. Таму, пэўна, усё ж я “пясьняр”. Уладзімер Мулявін жыў, перадусім, духам, а не прафэсыяй. Нядаўна чуў, як нейкі хлопец сьпяваў песьню Мулявіна “Крык птушкі”. Выконваў нармалёва, культурна, бачна, што чалавек пісьменна, па нотах сьпявае. Але ж Мулявін калі “Крык птушкі” сьпяваў, то сьпяваў гэта так, што дрыжыкі йшлі не ад таго, што ён ноту браў, а ён яе так духам афарбоўваў, што гэта быў сапраўды “крык”. Тут адразу напрошваюцца аналёгіі з адчуваньнем Уладзімера Высоцкага, калі ён кожнае слова зараджаў звышэнэргетыкай. Таму, натуральна, усім, хто хоча надалей сьпяваць песьні Ўладзімера Мулявіна, тым больш, ягоныя сольныя рэчы, трэба вельмі і вельмі добра падумаць… Таму я лічу сябе, у прыватнасьці, у межах Беларусі, “песьняром”. “Песьняром”, якіх у Беларусі засталося ня так ужо і шмат – хто ў Расеі, хто ў Штатах, хто ва Ўкраіне…”.

Цяпер на ролю спадкаемцаў “Песьняроў” прэтэндуюць пяць калектываў: Дзяржаўны ансамбаль “Песьняры” пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава, які сёлета на адміністратыўнай пасадзе замяніў Валерыя Скаражонка. “Беларускія песьняры” Ўладзіслава Місевіча, гітарыста складу яшчэ 1969 году. Трэці склад сабраў Лявон Барткевіч, гастралюючы пад назвай “Барткевіч і “Песьняры”. Год таму зьвіліся “Песьняры”, складзеныя з музыкаў, якія гралі ў ансамблі ў розныя гады: там нефармальным лідэрам колішні дырэктар мулявінскіх “Песьняроў” Ігар Сьвечкін. Нарэшце, сёлета ў Маскве зарэгістраванае таварыства з абмежаванай адказанасьцю “Песьняры”, дзе са знаёмых твараў – бубнар Аляксандар Дзямешка. Тым часам, паводле заканадаўства, кожны калектыў мусіць быць афіцыйна зарэгістраваны, плаціць падаткі, рабіць аўтарскія адлічэньні і, нарэшце, мець гастрольнае пасьведчаньне. Пакуль гэтыя патрабаваньні выконвае толькі Дзяржаўны ансамбль “Песьняры”. “Беларускія песьняры” і “Песьняры” Дзямешкі зарэгістраваныя ў Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG