Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Салідарнасьць" і прафсаюзы ў Беларусі – ці можна параўнаць іх?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Ці здольны, на ўзор польскае “Салідарнасьці”, абараняць правы працоўных беларускі афіцыйны прафсаюз? Сёньня ў сьвеце адзначаюць 25-я ўгодкі знакамітай польскай “Салідарнасьці”. 31 жніўня па сканчэньні страйку на Гданьскай суднавэрфі Лех Валэнса абвясьціў, што ў Польшчы зьявіўся прафсаюз, сапраўды здольны абараніць правы працоўных. А ці здольны абараніць правы сваіх сябраў афіцыйны беларускі прафсаюз? Ці можна яго лічыць незалежным ад дзяржавы да ўладаў? Над гэтымі пытаньнямі разважаюць жыхары Віцебску.

(Карэспандэнтка: ) "Сёньня спаўняецца 25 год знакамітаму польскаму прафсаюзу “Салідарнасьць”, які выступіў на абарону правоў працоўных яшчэ ў часы камуністычнага рэжыму. Як вы лічыце, ці здольны абараніць вашыя правы цяперашні беларускі афіцыйны прафсаюз?"

(Спадар: ) “Ніколі не зьвяртаўся туды, ня ведаю. Ён зусім, я думаю, і не патрэбны”.

(Спадарыня: ) “Прафсаюз у нас цалкам падпарадкаваны інтарэсам дзяржавы, і таму ён ня можа бараніць мае інтарэсы. Ён сёньня ня ёсьць той рэальнай сілай, якая можа быць здольнай на гэта!”

(Спадар: ) “Думаю, наўрад ці мне там дапамогуць. Я ніколі не зьвяртаўся ў прафсаюз і ніколі нічога ад яго ня меў. На сёньняшні дзень мне ўсё адно, ёсьць у нас прафсаюз або няма. Гэта ніякае ролі для мяне не адыгрывае”.

(Спадар: ) “Думаю, ён цалкам пад каўпаком дзяржавы”.

(Спадарыня: ) “А я ўвогуле ня член прафсаюзу. Я лічу, што ў нас такая арганізацыя нядзейсная. На мой погляд, гэта за мяжой прафсаюз мае рэальную сілу. Як чуваць са сродкаў масавае інфармацыі, нехта там страйкуе, пратэстуе, абураецца, – і ўсё гэта выклікае рэакцыю ў грамадзтве і ва ўладах. А ў нас прафсаюз заангажаваны, ён залежыць ад сродкаў ва ўласнай кішэні і ад уладаў. Дык як жа ён будзе супраць іх выступаць?”

(Спадар: ) “Прафсаюз мне не дапаможа. Там гультаі і дармаеды – яны дарма атрымліваюць свае грошы”.

(Спадар: ) “Беларускія прафсаюзы – гэта па-ранейшаму “школа камунізму”. І гэты прафсаюзы ня здольныя зрабіць таго, што ў свой час зьдзейсьніла польская “Салідарнасьць”. Яны гатовыя толькі “штампаваць” рашэньні гэтае ўлады”.

(Спадар: ) “На маю думку, у нас прафсаюзаў як такіх няма ўвогуле. Я бачыў, як яны працуюць: прызначаюць нейкага чалавека, каб ён адно зьбіраў грошы. І толькі! Таму ўсё гэта ёсьць толькі фармальна, ніякае сілы прафсаюз ня мае”.

(Спадар: ) “На сёньняшнія 25-я ўгодкі згадваецца лёзунг “Nie ma wolności bez solidarności”. Але ж нашыя людзі чамусь ня прагнуць гэтае “wolności”, гэтае свабоды, асабліва ў прафсаюзе! Як раз там жаданьня быць вольнымі, свабоднымі я зусім не назіраю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG