Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі зарабляюць дэпутаты парлямэнту й старшыня ЦВК?


Валер Каліноўскі, Менск Тыднёвік “Белорусы и рынок” паведаміў пра падваеньне заробкаў супрацоўнікаў Цэнтравыбаркаму Беларусі за мінулы год. Заробак дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў за гэты час павялічыўся ў паўтара разы й склаў у сярэднім 2 мільёны 245 тысяч рублёў. Ці сапраўды гэта так, высьвятляў наш карэспандэнт.

Закон аб абавязковым штогадовым дэкляраваньні дзяржаўнымі службоўцамі й іхнымі сямейнікамі прыбыткаў і маёмасьці пакуль ня ўхвалены — яго маюць разглядаць на веснавой сэсіі парлямэнту. Але адносна заробкаў пэўных катэгорыяў службоўцаў ёсьць пэўная статыстыка.

Сярэдні заробак супрацоўнікаў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, паводле зьвестак газэты “Белорусы и рынок”, цяпер складае да 2 мільёнаў 144 тысяч рублёў — амаль тысячу даляраў. Аглядальнік тыднёвіка Канстанцін Скуратовіч зьвязвае падвышэньне заробкаў супрацоўнікаў ЦВК больш чым удвая (на 209, 8 адсотка) за пэрыяд зь ліпеня 2004 году да ліпеня 2005-га, з удалым, з гледзішча ўладаў, правядзеньнем кастрычніцкага рэфэрэндуму аб магчымасьці падаўжэньня паўнамоцтваў А.Лукашэнкі.

(Скуратовіч: ) “Служачыя Цэнтравыбаркаму добра разумеюць, што й за якія грошы яны робяць. Яны добра разумеюць: калі ня будуць гэтага рабіць, то ўсё можа закончыцца вельмі дрэнна для іх пэрсанальна. Ня кажучы там пра нейкія рэпрэсіі, яны перадусім згубяць добры заробак і добрае месца працы”.

Спадар Скуратовіч не выключае, што да прэзыдэнцкіх выбараў заробкі супрацоўнікаў ЦВК будуць падвышаны яшчэ.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына не аспрэчыла названай сумы — 2 мільёны 144 тысячы рублёў — заробку толькі адносна сябе.

(Ярмошына: ) “У мяне сярэдняя заробная плата можа быць і такая. Такі ж заробак і ў міністраў”.

Заробкі супрацоўнікаў ЦВК, якіх налічваецца ўсяго дзесяць чалавек, паводле спадарыні Ярмошынай, нашмат меншыя — такія, як у чыноўнікаў сакратарыяту парлямэнту. Спадарыня Ярмошына пацьвердзіла, што заробкі — ейны й ейных чыноўнікаў — вырасьлі. Але гэта не было зьвязана з вынікамі рэфэрэндуму.

(Ярмошына: ) “Пасьля лістапада мінулага году аклады павялічыліся ва ўсіх дзяржаўных служачых. Гэта было агульнае падвышэньне, і ў мяне гэтаксама. Таму што я займаю пасаду ў дзяржаўным апараце, як і ўсе астатнія”.

Паводле тыднёвіка “Белорусы и рынок”, за мінулы год істотна вырас і заробак дэпутатаў — у 1,5 разы, і ў сярэднім ён складае 2 мільёны 245 тысяч рублёў. Дэпутат Касьцян удакладніў суму свайго заробку.

(Касьцян: ) “Не, ня 2 мільёны 245 тысяч рублёў, а 2 мільёны 145 тысяч — крышку памыліліся”.

Дэпутат Вольга Абрамава паведаміла, што дэпутацкі заробак паступова падае, бо ён абкладаецца прагрэсіўным падаткам са штомесяцовым падсумаваньнем. Цяпер спадарыня Абрамава атрымлівае каля 800 даляраў. Акрамя таго, яна мае невялікую даплату як кандыдат навук. На адпачынак дэпутатам даюць дапамогу — амаль два мільёны рублёў. Ніякіх іншых ільгот дэпутаты ня маюць, — засьведчыла спадарыня Абрамава.

(Абрамава: ) “Я лічу, што насамрэч гэта правільна. Тая сытуацыя, якая ёсьць, без ільгот, — гэта правільны варыянт. Працуй за заробак. А не падабаецца – шукай іншую працу”.

Як паведаміў РС былы сьпікер Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч, вышэйшаму кіраўніцтву Беларусі даплачваюць валютай — у капэртах. Якія сумы й каму, — спадар Вайтовіч паведаміць ня змог. Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію расейскаму тэлеканалу “ТВЦ” таксама пацьвярджаў, што вышэйшым чыноўнікам у Беларусі даплачваюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG