Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў польскай "Салідарнасьці"


Кастусь Бандарук, Прага 1 ліпеня 1980 году, у адказ на падвышэньне цэнаў на мясныя прадукты, рабочыя па ўсёй Польшчы, перш за ўсё ў Любліне, распачалі спантанныя страйкі й акцыі пратэсту. У канцы жніўня страйкі ахапілі ўсю краіну. Вырашальную ролю адыграў страйк на суднавэрфі імя Леніна ў Гданьску, дзе набыў арганізацыйныя рамкі магутны грамадзкі рух, першы ў камуністычным блёку незалежны прафсаюз “Салідарнасьць” на чале зь Лехам Валэнсам. “Салідарнасьць” адыграла ключавую ролю ў краху камунізму ва Ўсходняй Эўропе, упэўненыя гісторыкі. У гэтыя дні Польшча ўрачыста адзначае 25-ую гадавіну заснаваньня славутага прафсаюзу.

Удзельнікі жнівеньскіх страйкаў 1980 году высунулі найперш эканамічныя патрабаваньні: падвышэньне заробкаў, скарачэньне працоўнага тыдня, кампэнсацыя росту цэнаў, зьніжэньне пэнсійнага веку... Аднак паступова патрабаваньні набывалі палітычны характар.

У падпісаных 31 жніўня “жнівеньскіх пагадненьнях” паміж ўладамі і рабочымі, былі выкананыя большасьць з 21 патрабаваньняў прафсаюзнага руху. Камуністычныя ўлады пагадзіліся звольніць палітвязьняў, гарантаваць запісаныя ў Канстытуцыі свабоду слова, друку і публікацыяў, скасаваць прывілеі міліцыі й службы бясьпекі, вярнуць на працу людзей, звольненых за свае палітычныя перакананьні. Аднак бадай галоўным і вырашальным для далейшага разьвіцьця падзеяў было атрыманьне права на страйк і стварэньне першага, незалежнага прафсаюзу “Салідарнасьць”. Гэтую навіну абвясьціў ў часе свайго гістарычнага выступленьня перад рабочымі суднавэрфі ў Гданьску лідэр страйкоўцаў Лех Валэнса.

(Валэнса: ) “Мы нарэшце маем незалежны, няўрадавы прафсаюз. Мы маем права на страйк!”

Прафсаюз “Салідарнсьць” быў афіцыйна зарэгістраваны 10 лістапада ў 1980 годзе. Да яго далучыліся каля 10 мільёнаў чалавек з усіх слаёў грамадзтва, ад сялян да інтэлектуалаў.

Аднак разам з подыхам свабоды краіну ахапілі безупынныя страйкі, рэзка пагоршыліся ўмовы жыцьця. На паліцах крамаў віднеў хіба толькі воцат. Пасьля 13 месяцаў поўнага хаосу, перад пагрозай усеагульнага страйку, тагачасны прэм’ер генэрал Войцех Ярузэльскі ўвёў па ўсёй краіне ваеннае становішча. “Салідарнасьць” была забароненая, яе лідэры на чале зь Лехам Валэнсам, на некаторы час апынуліся за кратамі. У 1983 годзе, у якасьці прызнаньня для негвалтоўнай барацьбы за дэмакратыю і чалавечыя правы, Валэнса атрымаў Нобэлеўскую Прэмію міру.

Пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча “Салідарнасьць” дзейнічала ў падпольлі аж да 1989 году. Забаронены прафсаюз увесь гэты час маральна і матэрыяльна падтрымлівалі заходнія краіны, а таксама папа Ян Павал Другі. Нарэшце, працэс эрозіі камуністычнага рэжыму, крах эканомікі і ўздым антыкамуністычных настрояў ў грамадзтве прывялі да мірнай зьмены ўлады ў выніку “круглага стала” 1989 году. Бакі падпісалі пагадненьне аб грунтоўных, палітычных і эканамічных рэформах. “Салідарнасьць” была зноў дазволеная. У чэрвені 1989 году ў Польшчы адбыліся першыя паўсвабодныя выбары, на якіх “Салідарнасьць” атрымала пераважную большасьць месцаў ў парлямэнце. Неўзабаве пасьля гэтага быў сфармаваны першы некамуністычны ўрад на чале з Тадэвушам Мазавецкім.

У Польшчы і праз 25 гадоў не спыняецца ажыўленая дыскусія наконт ролі і значэньня “Салідарнасьці”. Сярод самых супрацьлеглых ацэнак як лейтматыў гучыць меркаваньне, што “Салідарнасьць” як мінімум зьмяніла хаду гісторыі. У выніку ейнай перамогі, краіна і народ ня сталі адразу, як гэтага хацела “Салідарнасьць”– заможнымі і шчасьлівымі, але сталі свабоднымі. І гэта адкрыла новы шлях для посткамуністычнай Польшчы.

Гл. таксама • На сьвяткаваньнях 25-годзьдзя "Салідарнасьці" гучыць тэма Беларусі • "Салідарнасьць" і прафсаюзы ў Беларусі – ці можна параўнаць іх? • Лех Валэнса: беларусы, зь якімі я сустракаўся, разумеюць, што свабода прыйдзе • Вацлаў Гавэл, выступаючы ў Гданьску, нагадвае пра Беларусь • Лех Валэнса: беларусам ня варта чакаць падтрымкі з Захаду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG