Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ера новай перадачы на вэб-сайце "Свабоды"


Ул. інф. “Полацкі вецер” – так Уладзімер Арлоў назваў свае ўспаміны, напісаныя спэцыяльна для Радыё Свабода.

У дзяцінстве ён біў чарніліцы аб сьцены роднае школы, а потым стаў вядомым літаратарам.

Успаміны пісьменьніка, дасьледніка таямніцаў беларускай гісторыі, падарожніка ў прасторы і часе на хвалях “Свабоды” ад 2 верасьня, кожны панядзелак, сераду і пятніцу.

Слова на пачатак напісаў Андрэй Хадановіч.

Ад першай асобы: мэмуары пра мэмуарыста

Здаецца, найлепшы сродак ушанаваць мэмуарыста – гэта таксама напісаць пра яго мэмуары. Тым больш калі мэмуарыстам аказваецца сам Уладзімер Арлоў, выбітны паэт і празаік, папулярызатар беларускай гісторыі, а таксама ўласных сноў пра Беларусь і яе асобных пэрсанажаў. Сярод апошніх пашчасьціла быць і мне, грэшнаму, калі да кніг “Фаўна сноў” і “Сны імпэратара” зь лёгкай рукі Арлова далучыўся опус “Мне прысьніўся Хадановіч…”

А вось я дык бачыў спадара Ўладзімера толькі наяве, у цьвярозым розуме й цьвёрдай памяці, да таго ж – прачытаў усе яго мэмуары. Адсюль цалкам даравальнае жаданьне занатаваць ад першай, ад сваёй асобы ўсё тое, што мяне найбольш уразіла й працягвае ўражваць у асобе ягонай.

Найперш уражвае той неймаверны факт, што Ўладзімер Арлоў таксама быў дзіцёнкам – і не насіў вялікай рудой барады. Нават маленькай не насіў. Напраўду, як вам такое: хлопчык Воўка, які швэндаецца полацкімі лёхамі, які спакушаецца чужымі яблыкамі, які з імпэтам, вартым лепшага ўжытку, ламае сабе рукі й разьбівае аб сьцены школы чарніліцы (ці ня тут, дарэчы, карані будучага эсэ пра “чарніла” са “Слоўніку Свабоды”?); які марыць стаць вадалазам, каб выратаваць дзяўчынку Ірачку й зрабіць ёй штучнае дыханьне, не рызыкуючы пры гэтым заказытаць яе рудою барадой? Уяўляеце? Я – зь цяжкасьцю.

А яшчэ мне сёньня цяжка ўявіць (нават робіцца крыху няёмка!), што герой гэтых згадак – ня першы пісьменьнік зь іменем і прозьвішчам Уладзімер Арлоў, зь якім я сутыкнуўся як чытач. І нават не другі. Найперш быў Владимир Орлов, біёграф і дасьледнік Аляксандра Блока. Потым яшчэ адзін Владимир Орлов, аўтар раманаў у булгакаўскім духу, чый “Альтыст Данілаў” неяк трапіў у рукі мне, школьніку. І толькі потым надарылася нагода адкрыць для сябе Ўладзімера Арлова беларускага.

Я жыў тады на вуліцы Ангарскай, і па маёй выбарчай акрузе абіраўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета Зянон Пазьняк. Ягоная канкурэнтка ўзначальвала ГарАНА, таму цывілізаваныя ўмовы для сустрэчаў з выбаршчыкамі – актавыя залі ў школах – былі для Пазьняка забароненыя. Заставалася хадзіць у народ, то бок ладзіць мітынгі ў месцах, куды гэты народ ходзіць сам. На адным з такіх мітынгаў, каля вінна-гарэлкавай крамы, я й пабачыў выбітнага беларускага літаратара.

Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, у атачэньні вялікага натоўпу, які ўмомант зьявіўся проста зьніадкуль, Уладзімер Арлоў харызматычна прамаўляў нешта ў “мацюгальнік”. На вышыні становішча быў і спадар Зянон, які цалкам зачараваў усю публіку, а пасьля бліскуча перамог на выбарах. Але мяне тады ўразіў менавіта Арлоў. Я, вучань дзясятай клясы, прабіўся бліжэй да жывога беларускага пісьменьніка й зусім быў сабраўся задаць пытаньне пра ягоную творчасьць. Дзякуй Богу, стрымаўся й не сказаў літаратару, што чытаў яго “Альтыста Данілава” ў расійскім перакладзе.

Толькі праз пару гадоў я зразумеў, як фатальна памыляўся і якая гэта ўвогуле ганьба – ня ведаць творчасьці Арлова! Бо калі б пісьменьніка Ўладзімера Арлова не было, яго варта было б выдумаць – выдумаць для ламаньня недарэчных стэрэатыпаў пра несучаснасьць і неэўрапейскасьць беларускай літаратуры. Бо арлоўскія зборнікі “Фаўна сноў” і “Рэквіем для бэнзапілы”– першыя дзьве беларускія кніжкі пасьля караткевічавых, якія я прачытаў запоем. (Усе алькагольныя асацыяцыі дарэчныя.) Бо ў сваіх рафінаваных вэрлібрах, як і ў аповесьці “Краявід з мэнтолавым пахам”, Арлоў, як мала хто ў нашай літаратуры, умее апавядаць пра найінтымнейшыя рэчы, не губляючы ні густу, ні смаку. Бо аднойчы з арлоўскім густам пашчасьціла нарэшце сутыкнуцца і мне.

У 1998 годзе я прыцягнуў у часопіс “Крыніца”, дзе яшчэ працаваў Арлоў, сваю першую падборку вершыкаў. Адзін зь іх пачынаўся па-юначы нахабным радком: “Нібы ў адну й тую ж рэчку ўвайсьці альбо дзеўчыну двойчы…” Спадар Уладзімер асабліва не пярэсьціў тэкст рэдактарскімі праўкамі, але беспамылкова дадаў перад словам “дзеўчыну” прыназоўнік “ў”. Мабыць, таму, што, у адрозьненьне ад тагачаснага мяне, добра ведаў: адной і той самай дзеўчыны ў прыродзе не бывае.

(Дарэчы, мой любімы фрагмэнт з кнігі арлоўскіх вершаў гучыць так:

…пакуль мы любім адно аднаго ў цёплай вадзе, узгадваючы формулу Геракліта, якую я ўдасканальваю тваім імем…

Ня трэба быць зацятым фрайдыстам, каб зразумець, як менавіта паэт удасканаліў формулу “ўсё цячэ”.)

Вэрлібры Ў.Арлова вельмі любяць замежныя перакладчыкі, спакушаючыся іх нібыта простасьцю й да канца не ўсьведамляючы, у якую цікавую інтрыгу ўблытваюцца. Так, малады ўкраінскі паэт перастварыў “Ранішні верш пра твае грудкі”, абраўшы для перакладу слова “грудэнята”. Але “грудэнь” па-ўкраінску – гэта “сьнежань”. Вось жа, пасьля мы ўсёй міжнароднай перакладчыцкай майстэрняй меркавалі, што ж такое “грудэнята”: ці то сьнежаньскія акцябраты, ці то маленькія дзекабрысты.

Наагул, Арлоў і Ўкраіна – тэма для асобнага аповеду. Некалькі гадоў таму я разам з бардам Сержам Мінскевічам і нашаніўцам Андрэем Скурком меў вечарыну ў адной “прасунутай” львоўскай кавярні. Чацьвертым, завочным удзельнікам выступу быў Арлоў, пераклады вершаў якога гучалі на імпрэзе. Назаўтра львоўская газэта “Поступ” напісала пра падзею. На пачатку журналістка, зьбітая з тропу віртуальнай прысутнасьцю спадара Ўладзімера, назвала Скурка Андрэем Арловым. Пасьля працытавала некалькі арлоўскіх вершаў, падпісаўшы іх маім іменем. Іронія лёсу, гэта былі мае ўлюбёныя вершы, і я мог толькі марыць быць іхным аўтарам. Як хутка і якім дзіўным чынам збываюцца некаторыя мары!

А яшчэ Ў. Арлоў – азартны футбольны заўзятар. Зусім нядаўна мы мусілі разам ехаць ва Ўроцлаў на дні беларускай культуры. Дзень і гадзіна ад’езду былі задоўга вызначаныя. Але ў апошні момант пісьменьнік пачынае падбухторваць мяне ехаць не вечаровым, а начным цягніком, каб яшчэ наведаць футбольны матч Беларусь – Шатляндыя. Я неабачліва пагаджаюся… Памятаю наша непазьбежнае спазьненьне, чыгуначныя вандроўкі на перакладных, гадзіны чаканьня ў кракаўскай прывакзальнай кавярні, сымпатычную афіцыянтку, што па-змоўніцку дазволіла нам спажыць вялікую колькасьць прынесенага з сабой віна: яму – сухога, мне – напаўсалодкага.

Аднак найперш згадваецца падарожжа ў цягніку, бітма набітым шатляндзкімі заўзятарамі ў кілтах і без. Адзін з гасьцёў быў падселены і ў наша купэ. Кволыя спробы кантактаў. Супольная мова – ламаная ангельская. Але ж трэба нечым бавіцца. І ў пэўны момант я пачынаю чытаць Арлову ўголас страшна забаўныя ўкраінскія вершыкі нашага агульнага сябра Аляксандра Ірванца. У адказ мне ўвесь час гучыць шчыры сьмех. Я стаю сьпінай і ня бачу, што робіцца ў купэ. Інакш бы заўважыў, што спадар Уладзімер даўно выйшаў і мяне слухае толькі шатляндзец. Я даўно ня меў такога ўдзячнага слухача. Лішне казаць, што пасьля такой загартоўкі мы з Арловым цудоўна паразумеліся з польскай публікай.

І апошняе. Год таму я няўклюдна павіншаваў У. Арлова з днём народзінаў, пазычыўшы яму – я так і сказаў: “хачу пазычыць Вам” – натхненьня й аптымізму. Літаратар дараваў мне двухсэнсоўнасьць выразу й нічога пазычаць у мяне ня стаў. А я нават разгубіўся ад сваёй ненаўмыснай нахабнасьці, бо цяжка ўявіць сабе большае ўвасабленьне натхненьня й аптымізму, чым У. Арлоў.

Вось жа, роўна праз год (а пішу я гэта акурат у дзень народзінаў спадара Ўладзімера) спрабую выправіць тую памылку. Жадаю мэтру нашай літаратуры, беларусу з ладным дамешкам цыганскай крыві, новых далёкіх вандровак і шчасьлівых вяртаньняў у краіну Беларусь, новых уражаньняў у сьне й наяве, надзвычай карысных як Арлову-снабачцу, так і Арлову-сучаснаму мэмуарысту.

Андрэй Хадановіч, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG