Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высланы на “хімію” Павал Севярынец дамагаецца дазволу наведваць царкву


Вінцэсь Мудроў, ст.Алёшча Мінула два тыдні, як асуджаны за палітычную дзейнасьць Павал Севярынец быў выпраўлены на “хімію”. Нагадаем, што ён працуе штабялёўшчыкам на лесапункце, што месьціцца на станцыі Алёшча Полацкага раёну.

Павал Севярынец працуе на станцыі Алёшча, а жыве ў вёсцы Малое Сітна, за 5 кілямэтраў ад станцыі. Штодня ў 7 гадзінаў 15 хвілін ён мусіць адзначацца ў начальніка лесапункту, і а 22 гадзіне ў камэнданта па месцы пражываньня. Пры гэтым яму забаронена пакідаць месца працы, а таксама тэрыторыю вёскі.

Нягледзячы на аддаленасьць месца адбыцьця пакараньня, Паўла амаль штодня адведваюць актывісты дэмакратычных арганізацыяў і проста аднадумцы. Яны прывозяць харчы і сьвежую прэсу. Сярод наведнікаў былі дзеячы нацыянальнага руху Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Шэін, сустаршыня “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч, праваабаронца Валер Шчукін ды іншыя. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “За тыя два тыдні, што я знаходжуся на “хіміі”, мяне адведалі больш як 30 чалавек. Прыяжджалі зь Менску, Полацку, Віцебску, Асіповічаў, Глыбокага, Наваполацку… Гэта паказвае, што спадзевы на ізаляцыю, на якую разьлічвалі ўлады, выпраўляючы мяне сюды, ня спраўджваюцца. Людзі прыяжджаюць да мяне, мы маем магчымасьць кансультавацца, я перадаю нейкія матэрыялы… Значыць, можна працаваць і ў такіх умовах”.

Праца штабялёўшчыка даволі цяжкая, да таго ж, малааплатная. Аднак, як сказаў нам Павал, ён ужо да яе прызвычаіўся. Адзіная просьба да адміністрацыі спэцкамэндатуры: дазволіць яму наведваць царкву. Праблема ў тым, што ў гэтым раёне Полаччыны няма аніводнай бажніцы.

(Севярынец: ) “Днямі я накіраваў у Ветрынскую папраўчую ўстанову заяву наконт таго, што ў бліжэйшым навакольлі – ні ў самім Малым Сітне, ні ў Алёшчы, – няма царквы. У заяве я адзначыў, што мне неабходна хаця б раз на тыдзень наведваць царкву ў якім-небудзь бліжэйшым населеным пункце. Мяркуючы па ўсім, гэта Полацак. Адказу на гэтую заяву дагэтуль не прыслалі, але ў вуснай гутарцы супрацоўнікі спэцкамэндатуры сказалі, што гэта маё права. Начальнік установы пакуль ніяк не адрэагаваў, таму чакаем, што называецца, выніку”.

Завітаўшы на лесапункт, я спытаў старшага майстра Валера Караўланава: ці ёсьць нейкія заўвагі да Паўла і ягонай працоўнай дысцыпліны. Адказ быў кароткім:

(Караўланаў: ) “За час працы, а працуе Павал у нас нядоўга, заўвагаў няма, з калектывам, здаецца, ён зжыўся. Працавіты хлопец… А больш сказаць пакуль няма чаго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG