Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст “Салідарнасьці” Генрых Вуец: Беларусь стане дэмакратычнай


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня спаўняецца 25 гадоў з дня падпісаньня гэтак званых “жнівеньскіх пагадненьняў”, калі пад націскам шматтысячных страйкаў улады ПНР былі вымушаныя пагадзіцца на патрабаваньні страйкаму на чале з Лехам Валэнсам і, сярод іншага, далі рабочым права стварыць уласны прафсаюз. Так паўстала “Салідарнасьць” – першы незалежны прафсаюз у краінах усходняга блёку.

“Мы з гонарам уздымаем галовы, бо нягледзячы на цану, якую давялося заплаціць, мы дамагліся свабоды, а свабода бясцэнная”, – заявіў Лех Валэнса.

Сёлетняе сьвяткаваньне адбываецца на дзяржаўным узроўні – запрошаныя шмат гасьцей з усяго сьвету, ёсьць таксама і прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Увогуле, беларускія акцэнты даволі моцна прысутнічаюць у гэтыя сьвяточныя дні ў Польшчы – шмат гаворыцца пра надзённасьць ідэяў “Салідарнасьці” для сучаснай Беларусі. Сёньня ў Гданьску пра неабходнасьць зьменаў у Беларусі гаварылі Вацлаў Гавэл і Міхаіл Саакашвілі.

Легенда “Салідарнасьці” – адзін з аўтараў “жнівеньскіх пагадненьняў”, шматгадовы дэпутат Сойму Генрых Вуец, які ахвотна бярэ ўдзел у праграмах навучаньня маладых беларускіх актывістаў.

(Карэспандэнт: ) “Я сустрэў Генрыха Вуйца на вакзале – ён з групай маладых беларускіх і ўкраінскіх актывістаў вяртаўся з узьбярэжжа Балтыйскага мора, дзе госьці зь Беларусі адпачывалі і вывучалі польcкую сыстэму самакіраваньня. У гэтыя дні ў Польшчы часам можна пачуць пытаньне, ці варта было 25 гадоў таму змагацца? Гэтае пытаньне я задаю спадару Вуйцу.

(Вуец: ) «Па-мойму тое, што мы з Вамі стаім на цэнтральным вакзале польскай сталіцы і гаворым пра свабоду ў Беларусі, а побач стаяць людзі з Украіны, якія ўжо адваявалі сваю свабоду, дык гэта ужо аб многім сьведчыць. Калі б 25 гадоў таму я так размаўляў з карэспандэнтам “Свабоды”, дык гэта хутка б скончылася – арыштам для мяне і для вас».

(Карэспандэнт: ) «Савецкі Саюз і ўвесь усходні блёк былі тады вельмі моцныя ці, прынамсі, так падавалася. Ці не баяліся Вы зрабіць выклік усёй гэтай камуністычнай машыне?

(Карэспандэнт: ) «Нас тады не было шмат, але нехта мусіў пачаць. Таксама і тут цяпер няшмат беларусаў, але яны павінны пачаць перамены ў сваёй краіне – з часам да іх далучацца іншыя. На пачатку мы, канечне, баяліся, што нас мала і што нас проста затопчуць. Але пазьней, калі нас было ўжо шмат, мы ведалі, што раней ці пазьней пераможам і нават ваеннае становішча не заблякуе нам шлях да перамогі. Праз 10 гадоў мы выйгралі, але гэтыя 10 гадоў трэба было змагацца. Беларусы толькі пачынаюць змаганьне – я спадзяюся, што яны перамогуць хутчэй чым мы, але гэта будзе нялёгка зрабіць».

(Карэспандэнт: ) «У Беларусі нярэдка можна пачуць, што найвялікшы ўплыў на сытуацыю ў Беларусі мае Расея, так як калісьці ў Польшчы казалі, што ўсё залежыць ад Савецкага Саюзу. Што Вы пра гэта думаеце?

(Вуец: ) «Так яно і было. Тады ўсе важныя палітычныя рашэньні залежалі ад таго, які выраз твару будзе мець Брэжнеў, калі яму запрапануюць зрабіць тое ці іншае. Але калі паўстала Салідарнасьць, мы ўжо ведалі, што не такі гэты блёк і моцны – Савецкі Саюз ваяваў у Аўганістане, быў эканамічны крызыс. Тут варта прыгадаць, што Беларусь мела непасрэднае дачыненьне да распаду Савецкага Саюзу – спадар Шушкевіч быў адным з трох лідэраў, якія ў Белавескай пушчы вырашылі, што СССР павінен спыніць сваё існаваньне».

(Карэспандэнт: ) «Пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча, шмат хто зь лідэраў рабочага руху меў магчымасьць эміграваць. Ці не варта было выехаць замест таго, каб сядзець у турмах?

(Вуец: ) «Я сядзеў тры гады і ведаю, што такое вязьніца. Але ведаеце, калі чалавек рашучы, адчувае падтрымку, салідарнасьць іншых і ведае, што ўрэшце пераможа, дык тры гады – гэта ня шмат».

(Карэспандэнт: ) «У Польшчы напярэдадні круглага стала апазыцыя меркавала, што яе падтрымлівае прыкладна чвэрць грамадзтва, столькі ж – уладу, а 50% - невядома. Дакладна так нярэдка кажуць і ў Беларусі. Аказалася, аднак, што насамрэч «Салідарнасьць» падтрымлівала пераважная большасьць палякаў. Што вы пра гэта думаеце?

(Вуец: ) «На пачатку, яшчэ да «Салідарнасьць», нас было вельмі мала. А на першамайскія дэманстрацыі ці на так званае галасаваньне ішлі натоўпы людзей. Мы адчувалі пэўную ізаляцыю. Але калі ў выніку пагадненьняў круглага стала адбыліся парлямэнцкія выбары, Салідарнасьць падтрымалі амаль 100% выбаршчыкаў, але добра, што ня ўсе 100, бо тады гэта была б не дэмакратыя, а зьмена аднаго таталітарызму на другі. Калі ў Беларусі ідэю свабоднай Беларусі падтрымліваюць 25% насельніцтва, дык гэта вельмі добра»

(Карэспандэнт: ) «А калі Вы зразумелі, што гэта канец – рэжым ужо доўга не пратрымаецца?»

(Вуец: ) «Было некалькі такіх момантаў. Напэўна мы адчувалі гэта калі паўстала «Салідарнасьць». Ярузэльскі ўвёў ваеннае становішча – актывістаў арыштоўвалі, садзілі ў турмы, але ўжо столькі людзей адчулі дух свабоды, што перамены немагчыма было затрымаць. Канчаткова, канешне, мы адчулі перамогу ў 89-м пасьля галасаваньня. Гэта быў шок. «Салідарнасьць» ня мела нават намеру кіраваць краінай, гэтага не прадугледжвалі пагадненьні круглага стала. Але мы выйгралі выбары з такой перавагай, што былі вымушаныя стварыць урад – Мазавецкі стаў прэм''ерам».

(Карэспандэнт: ) «Паводле статыстычных дадзеных, больш за 2/3 палякаў лічаць, што змаганьне «Салідарнасьць» на пачатку 80-х было слушным, мела сэнс. Праціўнікі «Салідарнасьць», аднак, нярэдка кажуць, што трэба было пакінуць камунізм у спакоі, бо ўзамен палякі атрымалі сацыяльную несправядлівасьць. Спадар Вуец, што Вы пра гэта думаеце?»

(Вуец: ) «Гэта сталая задача, выпрабаваньне для тых, хто пачаў «Салідарнасьць» – мы не павінны спыняцца. Шмат праблемаў ужо вырашаныя, але шмат яшчэ трэба вырашыць. Прынамсі, цяпер ніхто палякам не загадвае, як іх вырашаць. Канешне, шмат людзей, асабліва сталага веку, кажуць, што тады не было свабоды, але быў гарантаваны кавалак хлеба, а цяпер свабода ёсьць, але каб атрымаць хлеб, трэба старацца. Аднак, я думаю, што маладыя людзі значна лепш гэта разумеюць і ўспрымаюць і напэўна не хацелі б вярнуцца ў запаведнік, які стварыў Лукашэнка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG