Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскі консул наведаў актывістаў "Кмары" ў менскім ізалятары


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня грузінскі дыплямат Зураб Квачадзэ наведаў актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі "Кмара", якіх утрымліваюць у менскім ізалятары. Гэта было першае наведаньне грамадзян Грузіі з часу затрыманьня іх у Беларусі. Амбасадар Грузіі ва Ўкраіне выказаў зьдзіўленьне ўмовамі, у якіх апынуліся ў менскім ізалятары актывісты “Кмары”.

30 жніўня консулу Грузіі ва Ўкраіне Зурабу Квачадзэ дазволілі наведаць менскі ізалятар на вуліцы Акрэсьціна й сустрэцца з актывістамі грузінскай моладзевай арганізацыі “Кмара” Георгіем Кандэлакі й Лукой Цуладзэ, якія знаходзяцца ў ізалятары з 24 жніўня.

Спадар Квачадзэ заявіў, што пасьля гэтай сустрэчы грамадзянам Грузіі “палепшылі ўмовы ўтрыманьня”. Паводле яго, цяпер працягваюцца перамовы з афіцыйнымі асобамі Беларусі аб вызваленьні Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ ды іхным ад''езьдзе ў Грузію.

Падчас сустрэчы са сваімі суайчыньнікамі Зураб Квачадзэ таксама высьвятляў, што зь імі адбылося ў ізалятары. (Патлумачу: 29 жніўня кіраўнік менскай міліцыі генэрал Куляшоў заявіў, што ў камэры грузіны, нібыта, учынілі бойку з сукамэрнікамі, таму й былі засуджаны на 15 сутак.)

Я спытаўся спадара консула, што яму вядома пра гэты інцыдэнт.

(Квачадзэ: ) “Такая размова была, але пакуль я не магу гэтага камэнтаваць”.

Мне ўдалося датэлефанавацца да амбасадара Грузіі ва Ўкраіне Грыгола Катамадзэ, які сваім загадам накіраваў у Менск консула для аказаньня дапамогі затрыманым грузінскім грамадзянам. Амбасадар пагадзіўся пракамэнтаваць для Радыё Свабода сытуацыю вакол актывістаў “Кмары”.

(Катамадзэ: ) “Найперш хачу сказаць: вельмі шкадую, што вось ужо амаль тыдзень двое грамадзян Грузіі знаходзяцца ў ізалятары ў Менску, і да сёньняшняй раніцы не было магчымасьці сустрэцца зь імі ані ў адваката, ані ў прадстаўнікоў нашай амбасады. Перакананы, што зусім на роўным месцы была створана гэтая праблема. Мы прасілі прадстаўнікоў міністэрстваў унутраных і замежных спраў Беларусі перадаць нам грамадзян Грузіі. Мы былі гатовы адразу вывезьці іх у Грузію. Але, на жаль, дагэтуль праблема ня вырашана”.

Амбасадар Грыгол Катамадзэ быў зьдзіўлены ўмовамі, у якіх апынуліся ў менскім ізалятары актывісты “Кмары” Георгій Кандэлакі й Лука Цуладзэ. Ён лічыць, што грамадзяне Грузіі нічым не заслужылі гэткага абыходжаньня.

(Катамадзэ: ) “Мяркую, грузіны не заслугоўваюць таго, каб гэтак зь імі абыходзіліся. Сёньня мне супрацоўнікі амбасады дакладалі, у якіх яны там былі ўмовах. Бялізны няма, двойчы спрабавалі перадаць ім ежу — не прымаюць. Хіба гэтак можна? Мы ж у 21 стагодзьдзі жывём, здаецца. Трэба ставіцца да гэтага крыху больш цывілізавана”.

Спадар амбасадар паведаміў, што Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ зьбіраюцца падаць скаргу на прысуд, вынесены дачынна іх у Маскоўскім раённым судзе Менску. Грыгол Катамадзэ спадзяецца, што рашэньне суду будзе перагледжана, і Георгія Кандэлакі ды Луку Цуладзэ хутка адпусьцяць на волю.

Паводле зьвестак зь менскага ізалятару, раніцай 30 жніўня, на сёмы дзень знаходжаньня ў ізалятары, Георгію Кандэлакі й Луку Цуладзэ дазволілі памыцца ў душы.

Нагадваем: актывістаў “Кхмары” затрымалі, нібыта, для праверкі дакумэнтаў. І зьвінавацілі за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі. 25 жніўня пракуратура пастанавіла дэпартаваць грамадзян Грузіі. Але гэта не было выканана. 29 жніўня суд засудзіў грамадзян Грузіі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства. Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі назваў справу Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ “адназначна палітычнай”.

Арганізацыя “Кмара” (па-грузінску “Хопіць”) узьнікла ў 2003 годзе. У адну з раніц жыхары Тбілісі ўбачылі на праспэкце Руставэлі надпіс на асфальце “Хопіць!” У “Кмару” уваходзілі маладыя людзі 18-20 гадоў, пераважна студэнты ВНУ. Яны насілі белыя майкі, на якіх была намаляваная чорная рука і слова “Хопіць”.

Асаблівую актыўнасьць “Кмара” праявіла падчас парлямэнцкіх выбараў у лістападзе 2003 году. Жыхарам Тбілісі запомнілася акцыя “Кмары” каля станцыі мэтро Руставэлі. З кардону была выразаная вялікая фігура Шэварднадзэ, які глядзеў з унітаза. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца побач з прэзыдэнтам. “Кмара” весяліла народ і здолела адвярнуць грамадзкую думку ад прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ.

“Кмара” мела моцную сувязь з сэрбскім моладзевым рухам “Отпор”, некаторыя нават лічылі яе філіялам “Отпору”. У такіх арганізацыях, як правіла, няма лідэра – усе члены нясуць аднолькавую адказнасьць за дзейнасьць суполкі. Але ў “Кмары” лідэр быў – гэта студэнтка юрыдычнага факультэту Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тэа Тутбэрыдзэ. У 2003 годзе Тэа Тутбэрыдзэ была студэнткай 5-га курсу і актыўна выступала супраць рэктара.

Сёньня арганізацыі “Кмара” як такой не існуе. Яе былыя члены працуюць у недзяржаўных структурах – большасьць, у тбіліскім “Істытуце Свабоды”. Супрацоўнікамі “Інстытуту Свабоды” зьяўляюцца і затрыманыя ў Менску Георгі Кандэлакі і Лука Цуладзэ.

“Кмара” ніколі не была зарэгістраваная афіцыйна. Формула, якой кіраваліся яе члены – “Нас мала, але нас лёгка заўважыць”. Журналісты тбіліскага бюро Радыё Свабода лічаць, што ў 2003-4 гадах у “Кмару” ўваходзіла да 100 чалавек.


Гл. таксама • Экспэртыза свабоды: За што пакаралі двух грамадзян Грузіі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG