Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бжэзінскі адзначае рост самасьвядомасьці беларускага народу


БелаПАН Беларусь і Расея могуць у будучыні пайсьці па шляху перамен, які паказала польская "Салідарнасьць", але гэты працэс будзе доўгім і мець свае асаблівасьці ў кожнай краіне. Такое меркаваньне выказаў вядомы амэрыканскі палітоляг Зьбігнеў Бжэзінскі, выступаючы ўчора ў Варшаве на канфэрэнцыі "Ад Салідарнасьці да свабоды".

На думку Бжэзінскага, Расея і Беларусь, у адрозьненьні ад Украіны, “ня здолелі выйсьці з постсавецкай эпохі”. Аднак палітоляг, паводле яго словаў, мае аптымістычны настрой, паколькі, напрыклад, у Беларусі бачыць рост нацыянальнай самасьвядомасьці народу і адчуваньне беларусаў сябе як эўрапейскай нацыі.

Бжэзінскі перакананы, што пабудаваць устойлівую дэмакратыю з дапамогай зьнешняга ўзьдзеяньня немагчыма, калі насельніцтва выступае супраць. Палітычныя перамены дэманструюць палітычную сталасьць грамадзтва, і прыкладам гэтага, паводле Бжэзінскага, можа служыць Украіна, якая з 1991 года юрыдычна была незалежнай, але рэальны сувэрэнітэт набыла толькі зараз.

На ягоную думку, такія краіны, як Беларусь, Расея, Іран, краіны Лацінскай Амэрыкі падобныя на Польшчу 20-25-гадовай даўніны. “Тое, што зараз адбываецца ў сьвеце, – гэта ў пэўнай ступені ланцужок наступстваў падзеяў, якія адбыліся ў Польшчы 25 гадоў таму. Нельга спадзявацца на перамены на працягу года альбо пары гадоў, аднак бачны агульны гістарычны напрамак", – падсумаваў Зьбігнеў Бжэзінскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG