Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары, праўдападобна, адбудуцца 16 ліпеня 2006 году


RFE/RL Выбары прэзыдэнта Беларусі хутчэй за ўсё пройдуць 16 ліпеня 2006 году. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў інтэрвію газэце “Звязда”. На яе думку, на выбарах 2006 году другі тур наўрад ці спатрэбіцца. У гэтым жа інтэрвію Лідзія Ярмошына папярэдзіла Захад і заходніх дыпляматаў у Беларусі, якія нібыта плянуюць умешвацца ва ўнутраныя справы краіны.

Што да даты выбараў, спадарыня Ярмошына патлумачыла, што выбары павінны адбыцца не пазьней, як за два месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка дзяржавы – гэта значыць да 20 ліпеня, апошні выходны дзень перад гэтым тэрмінам– як раз 16 ліпеня.

Паводле спадарыні Ярмошынай, каштарыс выбараў складзе 35 мільярдаў рублёў, гэта ў два разы болей, чым на папярэдніх выбарах. Старшыня Цэнтарвыбаркаму тлумачыць гэты рост ростам заробкаў – значная частка выдаткаў пойдзе на аплату працы сяброў выбарчых камісіяў.

Карэспандэнт “Звязды” спытаўся старшыню ЦВК пра пляны Захаду фінансаваць апазыцыйнага кандыдата. Варта адзначыць, што такіх намераў заходнія краіны і не агучвалі, аднак спадарыня Ярмошына сказала, што “такімі заявамі Захад парушае заканадаўства Беларусі Фінансаваньне выбарчай кампаніі з-за межаў забаронена ня толькі ў нашай краіне, але i ва ўсіх дзяржавах сьвету”.

Старшыня ЦВК дадала: “Гэта ўказана наўпрост як у Выбарчым кодэксе, гэтак і ва ўказе прэзыдэнта, які забараняе любую тэхнічную дапамогу з-за межаў як кандыдатам, так і выбарчым камісіям. Нічога ў адкрытую Захад даць ня можа. Калі ж ён будзе парушаць беларускія законы, то, пры выяўленьні падобных фактаў, будуць прымацца адэкватныя меры з боку праваахоўных органаў, у тым ліку i да дыпляматычных работнікаў, якія будуць умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі”.

У адказ на заўвагу, што Захад ужо сёньня заяўляе аб непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў, калі ў іх возьме ўдзел Аляксандар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына сказала: “Гэта праблема Захаду, а не Беларусі. Народ нашай краіны на рэфэрэндуме выказаўся за тое, што адна і тая ж асоба можа выбірацца больш чым на два тэрміны. Факты, якія ўказваюць на фальсыфiкацыю вынікаў рэфэрэндуму, адсутнічаюць. Заявы Захаду – простыя домыслы, бо яго не задаволілі вынікі”.

На думку Ярмошынай, на выбарах 2006 году другі тур наўрад ці спатрэбіцца.

Яна адзначыла, што збор подпісаў за кандыдатаў на выбарныя пасады робіцца ўсё больш складанай справай, таму паводле яе на прэзыдэнцкіх выбарах сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў подпісаў здолеюць ня больш чым 4 кандыдаты.

Пасьля леташняга рэфэрэндуму аб магчымасьці наступных прэзыдэнцкіх тэрмінаў для Лукашэнкі Эўразьвяз увёў забарону на ўезд на тэрыторыю краінаў-сябраў для шэрагу беларускіх чыноўнікоў, у тым ліку і для спадарыні Ярмошынай, палічыўшы яе датычнай да фальсыфікацыяў. Пэўны час таму шэраг выданьняў пісаў, што Лідзія Ярмошына шкадуе аб тым, што ня можа паехаць адпачываць у краіны Эўразьвязу. У інтэрвію “Звязьдзе” яна сказала: “Я не зьвярталася па візу, бо і так ведаю аб рашэньні Эўразьвязу. Калі Эўразьвяз не падтрымлівае са мной адносіны, то і я ня буду іх падтрымліваць зь ім. Любое абмежаваньне свабоды мяне, як і любога іншага грамадзяніна, раздражняе. Аднак трагедыяй гэта для мяне не зьяўляецца, я заўсёды знайду іншыя месцы, дзе мне шчыра рады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG