Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пагоршыліся дачыненьні Беларусі з большасьцю суседзяў?


Ганна Соусь. Менск Чаму апошнім часам у Беларусі пагоршыліся дачыненьні з большасьцю суседніх краінаў? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка Ганна Соусь зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, чаму, на Вашую думку, у Беларусі пагоршыліся дачыненьні з большасьцю суседніх краінаў?”

(Спадар: ) “Я думаю, з прычыны ізаляцыі нашага кіраўніцтва, толькі з гэтай прычыны. А людзі гатовыя супрацоўнічаць з усімі краінамі”.

(Спадар: ) “Ня ўмеем жыць, напэўна”.

(Спадарыня: ) “Маё меркаваньне: кожны хоча жыць, як яму падабаецца. А некаму гэта не падабаецца”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю адказу на гэтае пытаньне”.

(Спадарыня: ) “А я ня бачу, каб яны пагоршыліся. Яны палепшыліся. Я вельмі люблю сваю Беларусь, сваю радзіму, свае палі, свайго прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Мне так не падаецца”.

(Спадар: ) “Мы думаем, што гэта нешта звонку, ня самі яны ўсё гэта прыдумалі”.

(Спадар: ) “Чаму пагоршыліся? На маё меркаваньне, яны не пагоршыліся. Той, хто з намі сябраваў, так і будзе сябраваць. А хто не сябраваў… на гэта і суду няма”.

(Спадар: ) “Магчыма, напярэдадні будучых прэзыдэнцкіх выбараў”.

(Спадар: ) “Суседнія краіны займаюць палітычную пазыцыю праамэрыканскую. Яны выконваюць загады таму, што атрымліваюць нейкую матэрыяльную дапамогу. Пасьля выбараў ва Ўкраіне тое самае назіраецца. А Беларусь трымае бок Расеі”.

(Спадарыня: ) “Ня трэба быць вялікімі разумнікамі, а трэба рабіць так, як робіць увесь сьвет – і ўсё будзе добра”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што гэта нагадвае схему з Украінай. У нас пачынаюцца тыя ж самыя тэндэнцыі”.

(Спадарыня: ) “Гэта ўсё вельмі надуманыя праблемы”.

(Спадар: ) “З прычыны няслушнай палітыкі”.

(Спадар: ) “А вы запытайцеся Лукашэнку. Нашто пытацца мінакоў на вуліцы? З большага ўсе сыходзяцца на тым, што дыктатар у краіне”.

(Спадар: ) “Ёсьць добрае расейскае прыслоўе. “Не па Сеньку шапка”. Гэтаму прэзыдэнту трэба ўжо даўно вызваліць сваю пасаду. Прыйдзе больш прагматычны, разумны і пісьменны прэзыдэнт. Каб Беларусі не было сорамна перад Эўропай ды іншымі цывілізаванымі краінамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG