Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зладзілі "Рок пасьля вакацыяў"


Севярын Квяткоўскі, Менск Упершыню за апошні час адбылася музычная імпрэза, дзе выступілі маладыя беларускія рок-гурты "Зьмяя", "Сьцяна", "Таварыш Маўзэр", "Тарпач" ды іншыя. Большасьць удзельнікаў – пераможцы Фэстывалю маладой беларускай музыкі "Басовішча", што ладзіцца на тэрыторыі Польшчы ва ўсходняй Беласточчыне. 29 жніўня фанаты віталі гурты ў менскім клюбе "Рэактар".

Канцэрт адбываўся досыць пасьпяхова: прыйшло шмат моладзі.

(Здылюк: ) "Тут было ўсё нармальна, праблем не было і, спадзяюся, ня будзе".

Так ацаніў імпрэзу прадстаўнік арганізатараў Віталь Здылюк.

Арганізатарам імпрэзы выступіла "Беларуская музычная альтэрнатыва". Кіраўнік "БМА" Віталь Супрановіч патлумачыў, што назва "Рок пасьля вакацыяў" насьледуе імпрэзе "Рок па вакацыях", што ладзілася ў 1990-х і зьбірала тысячы гледачоў на адкрытых пляцоўках.

Што да імпрэзы ў "Рэактары", то да апошняга часу шмат хто асьцерагаўся, ці ня будзе яна сарваная. У апошнія гады ўжо ня раз бывала, калі анансаваныя канцэрты незалежных рок-гуртоў у апошні момант забараняліся. А ўладальнікі клюбаў – у тым ліку "Рэактара" – спасылаліся на тэлефонныя забароны з боку ўладаў розных узроўняў.

Адміністрацыя "Рэактара" папрасіла, каб са сцэны не гучала ніякіх палітычных заклікаў. Але публіка свае эмоцыі не хавала – скандавала "Жыве Беларусь!"

У рамках імпрэзы гурт "Тарпач" прэзэнтаваў свой першы альбом пад назвай "Усё будзе".

(Сугака: ) "Слухачам пажадала б зьдзяйсьненьня мараў, каб болей усьміхаліся, каб было болей пазытыву і каб было жаданьне жыць".

Гэта словы вакалісткі "Тарпача" Сьветы Сугакі.

А вось водгук адной з слухачак:

(Дзяўчына: ) "Мне вельмі прыемна чуць беларускую мову. Хаця на ёй тут ня шмат хто размаўляе. І яшчэ мне вельмі прыемна быць на гэтым канцэрце, бо я ня трапіла на "Басовішча".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG