Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Борыс: “Зьезд СПБ можа лічыцца дэмакратычным толькі паводле ўладаў, а не міжнародных стандартаў”


Іна Студзінская, Менск Вынікі паўторнага зьезду Саюзу палякаў у Беларусі, які прайшоў 27 жніўня ў Ваўкавыску – у цэнтры ўвагі грамадзкасьці. Новым старшынём СПБ абраны 69-гадовы пэнсіянэр, былы настаўнік гісторыі і польскай мовы Юзаф Лучнік. Паводле словаў спадара Лучніка, ён “адважыўся ачоліць Саюз палякаў, каб выратаваць яго”. Як вынікі зьезду ацэньваюць ўлады, дэлегаты зьезду, былое кіраўніцтва СПБ, якое цяпер у апазыцыі?

Польшча не прызнае новае кіраўніцтва СПБ, заявіў намесьнік міністра замежных справаў краіны Ян Трушчыньскі. Паводле яго, выбары старшыні і рады СПБ прайшлі з парушэньнем правілаў дэмакратыі і вельмі моцным умяшаньнем беларускіх уладаў. Ян Трушчыньскі заявіў, што Польша не прызнае новае кіраўніцтва СПБ.

(Трушчыньскі: ) “Кіраўніцтва Саюзу, абранае ў такі спосаб, з грубымі парушэньнямі ўсіх дэмакратычных прынцыпаў, ня можа быць прызнанае партнэрам”.

Польскі дыплямат сказаў, што фінансаваньне, да прыкладу, вывучэньня польскай мовы будзе працягвацца, але не праз абраных кіраўнікоў СПБ. Спадар Трушчыньскі выказаў думку, што "нідзе не сказана, што польскіх арганізацыяў не можа быць больш за адну". Прадстаўнік польскага МЗС таксама паведаміў, што яго краіна будзе падтрымліваць беларускіх палякаў, якіх рэпрэсуюць. Дэлегат зьезду, дырэктар Польскага Дому ў Шчучыне Віктар Богдан вынікамі ваўкавыскага зьезду цалкам задаволены:

(Богдан: ) “Гэта быў зьезд – аб’яднаньне тых асобаў, якія ўсё ж такі працавалі і будуць надалей працаваць у справе адраджэньня польскай культуры, адукацыі, мовы”. (Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, што ўсё сумленна, легітымна праходзіла?” (Богдан: ) “Канешне, так. І абраны чалавек прыстойны, які адным з першых заняўся адраджэньнем мовы, культуры. Пэдагог, паважаны чалавек, аўтарытэтны. На сёньняшні дзень гэта вельмі-вельмі да месца”. (Карэспандэнтка: ) “Вы задаволеныя вынікамі гэтага зьезду?” (Богдан: ) “Канешне, канешне!”

Былая кіраўніца Саюзу палякаў Беларусі, абраная лідэрам на VІ зьезьдзе СПБ у сакавіку, які Мін’юст прызнаў нелігітымным, Анжаліка Борыс выказала такое меркаваньне:

(Борыс: ) “Калі зьезд адбываецца пры зачыненых дзьвярах, калі туды не пускаюць журналістаў, калі людзей затрымліваюць па дарозе, каб яны даехалі да Ваўкавыску, калі сябры Саюзу палякаў, якія закладалі гэту арганізацыю, стаяць пад дзьвярыма і міліцыя не дазваляе ім туды ўвайсьці, калі людзей шукаюць і сілай змушаюць, каб яны прынялі ўдзел у зьезьдзе, і ў працы яго ўдзельнічаюць улады, кіруюць зьездам, то, я думаю, зьезд можа лічыцца дэмакратычным толькі паводле ўладаў, а не міжнародных стандартаў”.

Што да кандыдатуры новаабранага старшыні, спадарыня Борыс выказала меркаваньне, што Юзаф Лучнік – адзін з заснавальнікаў СПБ, але наўрад ці ён будзе кіраваць, будзе сапраўдным лідэрам, бо ў радзе арганізацыі ў асноўным асобы даволі адыёзныя. Што да далейшай працы, Анжаліка Борыс сказала наступнае:

(Борыс: ) “Я думаю, што дзейнасьць будзе працягвацца, мы будзем працаваць на Беларусі. І прыйдуць тыя часы, калі ня будуць парушацца правы чалавека на тэрыторыі Беларусі, ня толькі палякаў. А ўся гэта сытуацыя дала мне магчымасьць пазнаёміцца з людзьмі іншых нацыянальнасьцяў, якія выказалі з намі салідарнасьць. Я думаю, сытуацыя зьменіцца. І мы будзем працаваць дзеля таго, каб на тэрыторыі Беларусі ўсё ж такі запанавала дэмакратыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG