Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары пікетаў за вяшчаньне радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на Беларусь па-беларуску лічаць, што акцыі далі плён


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску скончылася сэрыя пікетаў супраць плянаў расейскамоўнага вяшчаньня на Беларусь радыёстанцыі “Нямецкая хваля”, якія працягваліся на плошчы Бангалор з 22 жніўня. Арганізатары акцыяў пратэсту сёньня запрасілі прыйсьці на пікет вядомых апазыцыйных палітыкаў каб паўдзельнічаць у дыскусіі на тэму мовы вяшчаньня нямецкай станцыі. Многія абяцалі, але прыйшлі толькі лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін і палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цягам пяці дзён некалькі маладых людзей стаялі на плошчы Бангалор, дзе ўлады дазволілі правесьці пікет з транспарантамі па беларуску й нямецку: “Для роднай мовы створаныя ўсе ўмовы, паўсюдна на вачах чужыя словы”, “Бяз мовы няма народу”, “Мы хочам слухаць “Нямецкую хвалю” па-беларуску” і “Russische “Deutsche Welle” uber alles?” (Расейская “Нямецкая хваля” па-над усім?) Удзельнікі пікету тлумачылі мінакам сутнасьць праблемы за вырашэньне якой яны выступаюць, а таксама сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў грамадзянаў за тое каб вяшчаньне “Нямецкай хвалі” на Беларусь вялося на мове карэннай нацыі. Арганізатар акцыяў пратэсту, журналіст Вадзім Александровіч лічыць, што яны далі немалы плён:

(Александровіч: ) “ Нам удалася тое, што магло адбыцца вакол гэтага пікету. Адбылося прыцягненьне ўвагі масавай грамадзкасьці да гэтай праблемы. Багата людзей даведаліся пра тое, што такая праблема ёсьць. Як мінімум любая дыскусія параджае пэўныя зрухі ў грамадзтве. Для грамадзтва самае страшэннае – гэта застой. І калі пачаўся адбывацца абмен думкамі й пошукі нейкага кансэнсусу паміж расейскамоўнай і беларускамоўнымі часткамі нашага грамадзтва, гэта ўжо ня так і кепска, як падаецца некаторым”.

Арганізатары пікету запрасілі да дыскусіі палітыкаў, якія па-рознаму ставяцца да рашэньня “Нямецкай хвалі” пачаць вяшчаньне на Беларусь па-расейску. Але прыйшлі на пікет толькі лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін і палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Спадар Мацкевіч ня бачыць нічога кепскага ў тым, што “Нямецкая хваля” будзе вяшчаць па-расейску, а небясьпеку бачыць у спрэчках паміж палітыкамі, што выступаюць за расейскае, альбо беларускае вяшчаньне:

(Мацкевіч: ) “ Я разумею тых дзеячоў культуры, якія далучыліся да выказваньняў пра моўнае пытаньне з сытуацыяй з “Deutsche Welle”, і я цалкам не разумею тых палітыкаў, якія таксама да гэтага далучыліся. Трэба гасіць спрэчкі паміж намі. Кожная сварка працуе на Лукашэнку”.

Сяргей Калякін лічыць, што ў ідэале вяшчаньне “Нямецкай хвалі” на Беларусь павінна было б весьціся на дзьвюх мовах, а расколу ў гэтай справе ў шэрагах апазыцыі ён не баіцца:

(Калякін: ) “Дэмакратычная апазыцыя таму й дэмакратычная, што розныя погляды на розныя пытаньні. У кіраўніцтва апазыцыі няма сёньня праблемаў па пытаньні на якой мове будзе атрымлівацца альтэрнатыўная інфармацыя. Больш складанае пытаньне, што сёньня няма крыніцаў альтэрнатыўнай інфармацыі. Гэта больш складаная, і больш небясьпечная сытуацыя, якая сёньня існуе”.

Радыёстанцыя “Нямецкая хваля” выйграла тэндэр Эўрапейскай камісіі на арганізацыю альтэрнатыўнага вяшчаньня на Беларусь. Нямецкая станцыя плянуе арганізаваць зь лістападу гэтага году 15-хвілінныя праграмы з інфармацыяй пра Беларусь па-расейску. Эўрапейская камісія выдаткавала на гэты праект 138 000 эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG