Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі абураныя абвінавачаньнямі беларускага КГБ на адрас актывістаў “Кхмары”


Валер Каліноўскі, Менск Тэма затрыманых у Менску актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара” абмяркоўваецца ў Грузіі. Абвінавачаньні беларускага КГБ, нібыта Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі, у Тбілісі называюць абсурднымі.

Актывіст руху “Кхмара” Георгі Мэладзэ, блізкі сябар Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ, зазначыў “Свабодзе”, што ня верыць заявам беларускага КГБ, паводле якіх ягоныя паплечнікі, быццам бы, умешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі, бралі ўдзел у несанкцыянаваных акцыях апазыцыі ці распаўсюжвалі друкаваныя выданьні дэструктыўнага зьместу.

(Мэладзэ: ) “Я ня думаю, што яны там былі для гэтага. Папросту гэта абсурдная заява рэжыму, які шукае ўсялякія прычыны, каб ізаляваць сябе ад астатняга сьвету”.

Спадар Мэладзэ паведаміў, што Лука Цуладзэ — рэжысэр, ён закончыў тэатральны інстытут і цяпер ставіць свае спэктаклі ў розных грузінскіх тэатрах. А Георгі Кандэлакі атрымаў спэцыяльнасьць палітоляга на філязофскім факультэце ўнівэрсытэту, цяпер працуе журналістам, піша для розных СМІ Грузіі. Разам з тым, і Цуладзэ, і Кандэлакі сапраўды зьяўляюцца актывістамі “Кхмары”, яны бралі ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у Грузіі. Спадар Мэладзэ зазначыў РС, што арышт ягоных сяброў успрынялі ў Грузіі як вельмі непрыемную, аднак звычайную для цяперашняй Беларусі падзею.

Міністар адукацыі й навукі ўраду Грузіі Каха Лумая асабіста ведае Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ. Ён кажа, што арышт іх у Менску грузіны ўспрынялі з болем, бо, на думку міністра, тыя ні чым не вінаватыя, і затрыманы незаконна.

(Лумая: ) “Рэжым, які перадусім трымаецца так адносна ўласных грамадзян (я маю на ўвазе апазыцыю й грамадзкія аб’яднаньні), гэткім жа чынам паводзіць сябе й дачынна замежнікаў… Я думаю, што гэты рэжым асуджаны на тое, каб сам беларускі народ указаў яму месца на гістарычнай звалцы”.

Міністар грузінскага ўраду Каха Лумая кажа, што ўлады ў Тбілісі ўсяляк падтрымаюць сваіх грамадзян, незаконна затрыманых у Менску. Адначасна ён зазначыў, што грузінскія грамадзкія арганізацыі захаваюць цесныя сувязі зь беларускімі калегамі.

(Лумая: ) “Я мяркую, што такімі захадамі беларускі ўрад ня зможа спыніць тыя дэмакратычныя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі. У беларускага народу вельмі шмат сяброў, і ў беларускіх дэмакратаў ды грамадзянскіх актывістаў вельмі шмат сяброў, у тым ліку, — і ў Грузіі”.

Міністар Лумая перакананы, што арышты й дэпартацыі, якія ажыцьцяўляюць беларускія ўлады, сьведчаць пра іхную слабасьць.

(Лумая: ) “І я веру, што гэтую слабасьць вельмі хутка скарыстае дзеля дэмакратыі сам беларускі народ”.

Беларускія ўлады маюць намер бліжэйшымі днямі дэпартаваць памянёных грамадзян Грузіі Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ з тэрыторыі краіны. Міністэрства замежных справаў Грузіі з нагоды затрыманьня ў Менску актывістаў арганізацыі “Кхмара” апублікавала заяву, у якой асудзіла “беспадстаўнае затрыманьне грузінскіх грамадзян беларускім бокам”. МЗС Грузіі расцаніў гэтыя дзеяньні як “правакацыйныя” й катэгарычна запатрабаваў “неадкладнага вызваленьня” затрыманых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG