Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Менску Дом нацыянальнасьцяў?


Вяаслаў Кулік, Менск У Менску абвастраецца канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў на карыстаньне будынкамі, якія плянуе вызваліць Нацыянальная бібліятэка. Раней Радыё Свабода паведамляла пра такія намеры архіваў, што займаюць касьцёл сьвятога Язэпа і кляштар бэрнардынцаў. Зараз сваю прапанову вылучыў Камітэт у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў.

Перадусім я хацеў бы паведаміць пра справы на будаўніцтве новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі. На будоўлі, якую ўлады называюць унікальнай, звычайная штурмаўшчына. Мінулы ўраган наліў ва ўсе дзіркі шкляных граняў вады і папсаваў электрыку. Наведваньне будоўлі не дае падставы гаварыць, што 1-га верасьня можа адбыцца якая-небудзь урачыстасьць, як таго патрабуе Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, нядаўна тут загінуў 19-гадовы будаўнік. Не па-людзку было б весяліцца да 40 дзён жалобы. Ва ўсялякім разе, паводле сакратаркі з прыёмнай дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, учора было яшчэ зарана запытвацца пра намеры начальства выканаць загад.

(Сакратарка: ) “Канкрэтна вам ніхто нічога ня скажа. Па-мойму, сёньня гэтае пытаньне якраз вырашаецца ў Саўміне”.

У далейшай гутарцы суразмоўца паведаміла, што кіраўніцтва бібліятэкі адводзіць на пераезд 200 працоўных дзён – да восені 2006 году. Так што да тэмы пераймальніка будынкаў мы будзем вяртацца, напэўна, неаднойчы. Але тое, што зараз вядома – цікава. Намесьнік старшыні Камітэту ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека паведаміў Радыё Свабода: у Менску плянуецца заснаваць Дом нацыянальнасьцяў.

(Ламека: ) “Нашы прапановы ўнесеныя ў Савет міністраў, узгодненыя з адміністрацыяй прэзыдэнта. Нам зараз дадзена заданьне сумесна з Менскім гарвыканкамам шукаць памяшканьне. Тыя памяшканьні, што гарадзкая ўлада прапануе, нам ніяк не падыходзяць. Вялікія затраты, амаль з нуля трэба перарабляць. А грошай няма. Нацыянальныя супольнасьці не багатыя, трэба за кошт дзяржавы. Вось бібліятэка вызваляе старыя карпусы, можа там. Але таксама прэтэндэнтаў шмат. Вядзем перамовы”.

Сказаў Уладзімер Ламека. Па яго словах, у Беларусі зараз зарэгістраваныя 124 нацыянальныя аб”яднаньні. Яны прадстаўляюць 25 нацыянальных супольнасьцяў. У Менску толькі габрэйская суполка пабудавала свой мастацка-адукацыйны цэнтар. Усе іншыя , як кажа намесьнік старшыні Камітэту ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў, маюць праблемы ў рэгістрацыі і арэндзе памяшканьняў. У суседніх краінах, па словах Уладзімера Ламекі, сытуацыя вырашаецца іншым чынам”.

(Ламека: ) “У Малдове такі Дом нацыянальнасьцяў, у Маскве, ва Ўкраіне ёсьць. Там ня толькі нейкі офіс, дзе кампутар стаіць і некалькі чалавек працуе. А там жа клясы для нядзельнай школы, актавая і канцэртная залі. Вось і ў Менску трэба мець такое памяшканьне”.

Заявіў у інтэрвію Радыё Свабода намесьнік старшыні Камітэту ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека. Дык ці будзе ў Менску Дом нацыянальнасьцяў? Пытаньне пакуль застаецца адкрытым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG