Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі журналіст мяркуе, што яго спрабавалі запалохаць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Працягваюцца затрыманьні, допыты апазыцыянэраў і замежнікаў, якія трапілі ў поле зроку ўлады паводле падазрэньняў у неляяльнасьці .

Грамадзяне Грузіі Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзе былі затрыманыя 24 жніўня ў Менску , паводле зьвестак, без вылучэньня супроць іх абгрунтаваных абвінавачваньняў. Абодва зьяўляюцца актывістамі маладзёвай арганізацыі “Кхмара”, якая ў 2003 годзе згуляла актыўную ролю у гэтак званай “рэвалюцыі руж” у Грузіі. Разам з грузінскімі рэвалюцыянэрамі міліцыянты з крымінальнага вышуку затрымалі каардынатара беларускага маладзёвага руху “Зубр” Уладзімера Кобеца. Яго дапыталі, ўзялі адбіткі пальцаў, зьнялі на відэастужку і нават запісалі на магнітафон ягоны голас. Бліжэй да вечара Уладзімера Кобеца выпусьцілі з міліцыі, а Георгія Кандэлакі і Луку Цуладзе пакінулі. Вось што распавёў Уладзімер Кобец, калі выйшаў з міліцыі. Стужка 1.

(Кобец: ) “Яны адсочвалі наша маршрутнае таксі і літаральна праз колькі сэкундаў як таксі спынілася, нас затрымалі. Два аўтамабілі нас ужо чакалі. Міліцыянты таксама былі ў цывільным. І самае непрыемнае, што да апошняга моманту нам не казалі, за што затрымалі. Асабліва гэта непрыемна адносна грузінаў, бо невядома, што зь імі будзе далей. Дэпартацыя ці яшчэ штосьці. Ня ведаю, што ім могуць вылучыць. Мне цяжка прадказваць, бо я пра сябе думаў што заўгодна. Уявіце, вас затрымлівае крымінальная міліцыя. Падумалася нават, што вось час прыйшоў і пачалася вялікая зачыстка...Таму, мяркую, вельмі верагодная дэпартацыя без тлумачэньня прычын”.

Яшчэ адзін замежнік , польскі журналіст Вацлаў Радзівіновіч, на гэтым тыдні таксама зьведаў звышпільнцю ўвага беларускіх сілавікоў. Вацлаў прыехаў у Беларусь, каб асьвятляць будучы зьезд Саюзу палякаў Беларусі, які ўлады прызначылі на суботу ў Ваўкавыску. Польскага журналіста гэтак прафэсійна абшукалі, што ён зараз лічыць: “весьці” яго пачалі яшчэ да прыезду ў Гародню. Стужка 2.

(Радзівіновіч: ) “ Нарэшце знайшлі ў маім заплечніку тры кампутарныя дыскеты, вельмі абрадаваліся. Засунулі першую дыскету ў кампутар і адразу паспрабавалі ўсё скапіяваць. І што мяне зьдзівіла. Афіцэр назваў маю кампутарную тэчку, як завецца мой інтэрнэт-адрэс. Адкуль ён мог гэта ведаць?”

Польскі журналіст мяркуе, што яго спрабавалі запалохаць, каб ня ехаў на зьезд саюзу палякаў і не атрымаў пра гэтае мерапрыемства аніякай асабістай інфармацыі.

А тым часам намесьніка старшыні Саюзу палякаў Юзэфа Пажэцкага, які супроць умяшальніцтва ўладаў у справы гэтай арганізацыі, выклікалі на допыт ў міліцыю. Падстава – сьледства па справе аб спаленьні аўтамабіля праўладнага актывіста СПБ Тадэвуша Кручкоўскага. Юзэф перакананы: сьледчыя насамрэч выконвалі зусім іншую ролю. Стужка 3.

(Пажэцкі : ) “ З маіх сяброў з Саюзу палякаў ніхто не паліў той самаход Кручкоўскага і ніхто яму гэтага не жадаў. Тут справа відаць ідзе не пра тое, каб нешта даведацца ад мяне, а каб выклікаць чалавека, каб яго запалохаць, нагадаць яму пра ўсё, што трэба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG