Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ўтрымліваюцца затрыманыя грамадзяне Грузіі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Двух актывістаў грузінскай арганізацыі “Кхмара”, напярэдадні затрыманых ў Менску, працягваюць трымаць ў міліцыі, але не кажуць, дзе дакладна іх ўтрымліваюць. Паводле зьвестак, іх рыхтуюць да дэпартацыі з Беларусі. За сытуацыяй з затрыманымі ў Беларусі грамадзянамі Грузіі працягвае сачыць наш карэспандэнт.

У менскай міліцыі не называюць дакладнага месца знаходжаньня Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзе, але прызнаюць, што абодва актывісты вядомай маладзёвай грузінскай арганізацыі “Кхмара” дагэтуль знаходзяцца пад вартай. Нагадаю, 24 жніўня апоўдні іх затрымала крымінальная міліцыя Маскоўскага раёну Менска. Разам зь імі быў затрыманы каардынатар беларускага маладзёвага апазыцыйнага руху “Зубр” Уладзімір Кобец.

Бліжэй да вечара яго адпусьцілі, а вось грузінскіх грамадзянаў працягваюць затрымліваць. Я патэлефанаваў Уладзіміру Кобецу, які распавёў пра пошукі сваіх грузінскіх калегаў.

(Кобец: ) "З РАУС іх адвозілі ў аддзел па грамадзянству і міграцыі, а адтуль кудысьці вывезьлі. Адвакат кажа, што там ім маглі афармляць дэпартацыю на іх. А дзе яны зараз, невядома. У міліцыі адмаўляюцца казаць, дзе яны. Адваката ў іх пакуль няма, а гэта мы папрасілі пракамэнтаваць становішча адваката Галеева, які сказаў, што калі іх вазілі ў аддзел па грамадзянству і міграцыі, то хутчэй за ўсё рыхтуюць да дэпартацыі. Дзе яны будуць начаваць, невядома. У іх аплачаны яшчэ на некалькі дзён наперад гатэль “Зьвязда” у Менску”.

Міліцыя афіцыйна пакуль нічога не паведамляе пра лёс затрыманых актывістаў “Кхмары”. Прэсавы сакратар міністра ўнутраных спраў Генадзь Клепча спаслаўся на тое, што грузін затрымлівала гарадзкая міліцыя, а тая ніякай інфармацыі не дае.

Паводле дасьведчаных крыніцаў, дэпартацыя ёсьць дастаткова складанай працэдурай з удзелам дыпляматаў краіны, грамадзян якой дэпартуюць. Як меней дзеля гэтай працэдуры можа спатрэбіцца дзень. Паводле зьвестак Хартыі-97 Георгія Кандэлакі і Луку Цуладзе зьмясьцілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна. У ізалятары гэтыя зьвесткі камэнтаваць адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG