Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Навадворская: “Кляймо акупантаў носяць усе грамадзяне СССР”


Вячаслаў Кулік, Менск На гэтыя жнівеньскія дні прыпадае 37-я гадавіна ўварваньня войскаў Варшаўскага Дагавору ў Чэхаславакію. Актуальнасьць тэме надае таксама публічнае прабачэньне перад чэхамі былога камуністычнага прэзыдэнта Польшчы Войцэха Ярузэльскага. “Я вельмі шкадую аб гэтым, і да цяперашняга часу мяне тузае думка, што я ў гэтым прымаў удзел”, - заявіў днямі Ярузэльскі ў эфіры Чэскага тэлебачаньня. Якое дачыненьне мела Беларусь да былой ваеннай акцыі СССР і краінаў так званай сацыялістычнай садружнасьці?

У Празе, на Вінаградзкай вуліцы, 12 ( гэта непадалёку ад будынку Радыё Свабода) у жніўні 68-га загінулі 15 чалавек. З голымі рукамі яны абаранялі ад танкаў і аўтаматаў сваё нацыянальнае радыё, голас якога заклікаў: “Гаворыць Прага! Дапамажыце нам, дапамажыце нам!” Як пазьней стала вядомым, Чэхаславакію захапілі 300 тысяч салдатаў і шэсьць тысяч танкаў. Да 24 жніўня 1965 году патрыёты трымалі абарону завода Ckd у ваколіцах Прагі, дзе праходзіў зьезд камуністаў-рэфарматараў. У тыя дні загінулі 94 чалавекі, 700 атрымалі раненьні.

Самаму маладому салдату таго часу зараз, як мінімум, пад 60. У беларускіх ваенкаматах гэта пакаленьне ўжо сьпісалі з уліку. Ніякіх грамадзкіх суполак кшталту клюбаў воінаў-інтэрнацыяналістаў у Беларусі ўдзельнікі праскіх падзеяў не стваралі. Пры сустрэчы з журналістам былы мотапехацінец Уладзімер Войцік нехаця ўзгадваў, як яго называлі акупантам.

(Войцік: ) “Быў у “вучэбцы” у Барысаве, а пасьля – у Чэхаславакіі. Тады мы ня ведалі, куды едзем. Чэхі да нас ставіліся па-рознаму. Называлі нават акупантамі. Крычалі: “Вон з нашай рэспублікі!”

Гутарку з былым савецкім саладатам я пераказаў вядомай праваабаронцы Валерыі Навадворскай. Чым шараговаму беларусу загладзіць вінаватасьць перад народам эўрапейскай краіны?

(Навадворская: ) “Кляймо акупантаў носяць усе грамадзяне Савецкага Саюзу. Спачатку яны самі сябе акупавалі, а пасьля – Усходнюю Эўропу. Што рабіць шараговым беларусам? Пазбаўляцца ад гэтага калгаснага маньяку. Самі ведаеце: Лукашэнку ў ж..., Беларусь – у Эўропу. Вось што рабіць. Тады ім і даруюць”. У 70-я гады Беларускую ваенную акругу называлі бронетанкавай – па найвялікшай колькасьці танкаў. Аднак былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі не падтрымлівае меркаваньне, што менавіта “гэтую армаду гналі на Прагу”. На той час, як даводзіць генэрал, ужо існавалі ваенныя базы Варшаўскага Дагавору ў Польшчы, Германіі, Вугоршчыне. (Казлоўскі: ) “Сказаць, што Беларусь накіроўвала ў Прагу танкі – гэта не сур”ёзны падыход. Былі адзіныя ўзброеныя сілы савецкай дзяржавы. Рашэньне прымала кіраўніцтва Савецкага Саюзу. Жыцьцё працягваецца, падрастаюць нашы дзеці і ўнукі, і калі старэйшае пакаленьне скажа: “Так, мы рабілі памылкі і таму прыносім свае прабачэньні” -- гэта быў бы добры і мужны ўчынак таго кіраўніцтва, якое было ў той час. Але таго кіраўніцтва сёньня няма”.

Паводле Паўла Казлоўскага, уварваньне савецкага войска ў мірную Прагу было няшчасьцем ня толькі для Чэхаславакіі. Генэрал кажа, што тады “савецкія палітыкі разьвязалі рукі ў выкарыстаньні войска, як жандара камунізму”.

(Казлоўскі: ) “Ведаеце, калі мы пачалі гэта ацэньваць? Калі армію ўцягнулі ў 80-я гады ў Сумгаіт, Баку , Тбілісі. Вільнюс пасьля. Тады мы зразумелі, што армія “падстаўленая”. Армію “падстаўляе” палітычнае кіраўніцтва. Канечне, давалі абсалютна нэгатыўную адзнаку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG