Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 мільярд 320 тысяч – на падтрымку адданай уладзе моладзі


Іна Студзінская, Менск У 2006 годзе на рэалізацыю праграмы “Моладзь Беларусі” з дзяржаўнага бюджэту плянуецца выдаткаваць 1 мільярд 320 мільёнаў рублёў (больш за 600 тысяч даляраў). Праект праграмы “Моладзь Беларусі” на 2006-2010 год ухваліў Савет Міністраў Беларусі. Ці павінна дзяржава дапамагаць моладзі матэрыяльна і ці да ўсіх маладых людзей даходзіць гэтая падтрымка?

Дзяржаўныя праграмы па падтрымцы моладзі прымаюцца кожныя 3-4 гады, і дзяржава падае гэта як пастаянны “бацькоўскі” клопат аб падрастаючым пакаленьні. Ці патрэбна так апекавацца пра фізычна здаровых, энэргічных маладых людзей? Гэта пытаньне я задавала маладым беларускім палітыкам. Мой першы суразмоўца – экс-лідэр Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі, былы самы малады дэпутат парлямэнту мінулага скліканьня, палітоляг Усевалад Янчэўскі.

(Янчэўскі: ) “Дзяржава велізарным клопатам і велізарнай дапамогай проста пачынае некаторых маладых людзей расхалоджваць. Я лічу, што часьцей трэба ім гаварыць: шмат чаго трэба дамагацца самому. Так, моладзь – гэта адзін з безабаронных слаёў насельніцтва, Але, зь іншага боку, малады чалавек – гэта чалавек здаровы, энэргічны, у поўным росквіце сіл. Ён шмат чаго можа і павінен дабівацца сам. Дзяржава, паўтаруся, перапрацоўвае. Дзяржава павінна прывучаць маладых людзей працаваць самім. Залішні клопат спараджае ўтрыманства”.

Гэта было меркаваньне Усевалада Янчэўскага. А вось юрыст незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня “Вясна”, палітоляг Юрась Чавусаў у прынцыпе “за” падтрымку моладзі.

(Чавусаў: ) “Моладзевая палітыка мусіць быць. Адзінае, гэта не павінна быць такім чынам, як робіцца зараз. Я ня бачу ў гэтых накірунках дзейнасьці такой сфакусаванасьці на эфэктыўныя дасягненьні пастаўленых мэтаў. Таму што праграма выклікае ўражаньне такога стандартнага дзяржаўнага дакумэнту, які зроблены ў адрыве ад сапраўдных чаканьняў моладзі. Культывуецца такое патэрналісцкае стаўленьне, патэрналісцкія адносіны паміж уладай і моладзьдзю. У гэтай праграме я ня бачу сапраўды ініцыятываў, якія б сыходзілі ад моладзевых арганізацыяў. А бачу, уласна кажучы, толькі моладзевую палітыку, дзе моладзь зьяўляецца толькі аб’ектам”.

Ва ўсіх моладзевых праграмах, якія былі раней, яскрава бачны падзел моладзі на тую, якую дзяржава падтрымлівае (да прыкладу, адданы ўладзе БРСМ), ды іншую, якая павінна клапоціцца пра сябе сама… Так бы мовіць, “правільнай моладзі” дапамагаюць матэрыяльна, гарантуюць ільготы, а сябры недзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў ці не аб’яднаная ні ў якія суполкі моладзь павінна вырашаць свае праблемы сама. Фактычна тое самае і ў новай парграме – таксама асобна вылучаны БРСМ. Юрась Чавусаў ўважліва вывучаў праект праграмы:

(Чавусаў: ) “Выклікае пытаньне роля грамадзкага аб’яднаньня БРСМ у межах моладзевай палітыкі. Сыходзячы з тэксту дакумэнта, атрымліваецца, што ў нас ёсьць, з аднаго боку, моладзевыя грамадзкія аб’яднаньні, а з другога боку, БРСМ. І роля БРСМ значна большая, чым іншых аб’яднаньняў. БРСМ ня слаба падтрымліваецца фінансава. На паперы прадугледжана, што падтрымліваюцца і іншыя моладзевыя арганізацыі, але насамрэч падтрымліваюцца толькі БРСМ і тыя арганізацыі, якія ўваходзяць у Камітэт моладзевых арганізацыяў, якім кіруе, уласна кажучы, БРСМ”.

Такім чынам, адданай уладзе, “правільнай” моладзі дзяржава будзе дапамагаць – з бюджэту выдаткуюць 1 мільярд 320 тысяч рублёў. І яшчэ адна цікавая акалічнасьць. Асобным радком ў праграме “Моладзь Беларусі” запісана стварэньне грамадзкага аб’яднаньня маладых прадпрымальнікаў. Але літаральна летась менавіта такое ж аб’яднаньне улада ліквідавала – занадта актыўныя былі бізнэсоўцы з моладзевага асяродку, вылучалі свае патрабаваньні, падтрымлівалі страйкі, карацей, мелі прэтэнзіі да ўлады. Цяпер, напэўна, аб’яднаюць лаяльных да ўлады прадпрымальнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG