Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША знойдзены новы спосаб вырабу эмбрыённых камлёвых клетак


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Амэрыканскія навукоўцы заяўляюць, што яны знайшлі новы шлях атрыманьня камлёвых клетак без выкарыстаньня і зьнішчэньня эмбрыёнаў чалавека. Дасьледчыкі падкрэсьліваюць, што гэта адкрывае пэрспэктывы лячэньня многіх сур''ёзных захворваньняў. Пра значэньне гэтага вынаходніцтва раскажа наш карэспандэнт.

Камлёвыя клеткі ўяўляюць сабой гэтак званыя базавыя клеткі, зь якіх можна вырасьціць, фактычна, любыя тканкі арганізму. Лічыцца, ці прынамсі да сёньняшняга дня лічылася, што атрымаць іх можна толькі выкарыстоўваючы чалавечы эмбрыён, інакш – зародак чалавека.

Учора гарвардзкія дасьледчыкі паведамілі, што яны атрымалі гібрыдную клетку ў выніку скрыжаваньня звычайнай клеткі чалавечай скуры з камлёвымі клеткамі, атрыманымі раней з эмбрыёну. І новы гібрыд паводзіць сябе гэтак жа, як і эмбрыённая клетка. А значыць, на думку навукоўцаў, тэарэтычна ўжо ён зможа рэпрадукаваць новыя эмбрыённыя лініі камлёвай клеткі. Неабходнасьць выкарыстаньня самога зародку як утваральнага матэрыялу далей адпадае.

Вось меркаваньне аднаго з дасьледчыкаў Дугласа Мельтана:

(Мельтан: ) “Мы з аптымізмам глядзім на выкарыстаньне гэтага мэтаду, гэтай тэхнікі стварэньня новых камлёвых клетак”.

І тым ня меней, калі ўчора дасьледчыкі паведамлялі пра сваё вынаходніцтва журналістам усясьветных СМІ, яны былі вельмі асьцярожнымі. Вучоныя падкрэсьлівалі, што гэта толькі папярэднія вынікі, і што запатрабуецца яшчэ шмат высілкаў, каб атрымаць тыя камлёвыя клеткі, пры дапамозе якіх можна будзе дасьледаваць прыроду і магчымае лекаваньне сур''ёзных хваробаў. Прыкладам, атрыманы імі гібрыд утрымлівае як найменей ў два разы больш розных генаў ці храмасомаў, чым камлёвая клетка, і трэба знайсьці шлях вынішчэньня гэтых дадатковых непажаданых кампанэнтаў.

Новы мэтад адкрывае пэрспэктыву атрымліваць камлёвыя клеткі без зьнішчэньня зародкаў, а значыць, можа быць разьвязаная этычная праблема, якая замінала справе.

Вядомы чэскі дасьледчык Пэтр Дворак назваў гарвардзкае адкрыцьцё “шматабяцальным”. І, як на ягоную думку, дык спрэчкі пра этыку атрыманьня камлёвых клетак знаходзяцца ў грамадзтве, па-за сьветам навукі, бо ў клініках у спэцыяльных растворах захоўваецца шмат чалавечых эмбрыёнаў, якія маглі б быць выкарыстаныя дзеля дасьледаваньня.

Але вернемся ў Гарвард. Дуглас Мэльтан учора сказаў, што трэба набрацца цярпеньня, бо шлях да выкарыстаньня адкрытага імі мэтаду ў лекаваньні сур''ёзных хваробаў яшчэ доўгі.

(Мэльтан: ) “Зроблены толькі адзін крок у працяглым працэсе. Але калі мы ня пойдзем далей, дык гэта будзе азначаць, што мы здаліся і надалей будзем пакутаваць ад цяжкіх хваробаў і нічога ім ня зможам супрацьпаставіць”.

Вучоныя лічаць, што менавіта з дапамогай камлёвых клетак можна будзе лячыць дыябэт, хваробы Альцгаймэра і Паркінсона дый іншыя пакуль яшчэ невылечныя захворваньні.
XS
SM
MD
LG