Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва і Польшча ўздымуць беларускае пытаньне ў эўраструктурах


Тацяна Поклад, Вільня Літва і Польшча заклікалі Эўразьвяз не заплюшчваць вочы на аўтарытарны рэжым і шматлікія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. На паседжаньні парлямэнцкай асамблеі дзьвюх краінаў – Літвы і Польшчы, якая праходзіць на гэтым тыдні ў Варшаве, абмяркоўвалася, якім чынам трэба зьвярнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці на нэгатыўныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі.

На сустрэчы ў Варшаве таксама абмяркоўваліся пляны паседжаньня парлямэнцкай асамблеі НАТО ў Вільні ў верасьні, прысьвечаным беларускаму пытаньню. На гэтым паседжаньні краіны НАТО, як плянуецца, сфармуюць агульную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, якую называюць “апошняй дыктатурай у Эўропе”.

Віцэ-сьпікер літоўскага Сойму Чэславас Юршэнас заявіў сёньня:

(Юршэнас: ) “Парушэньні правоў чалавека ў нашыя часы ацэньваюцца не як нейкія ўнутраныя справы, але як міжнародныя пытаньні. У змаганьні з гэтым трэба ўжываць міжнародныя сродкі, таму абмяркоўвалася, што ў гэтым пытаньні можа зрабіць Эўрапарлямэнт, Эўрапейская Камісія і Рада Эўропы. На дзеяньні ўладаў Беларусі насамрэч мае быць рэакцыя, і будзе карысна, калі будзе калектыўная рэакцыя як з боку Эўразьвязу, так і з боку Рады Эўропы.”

Віцэ-сьпікер польскага парлямэнту Томаш Налеч прапанаваў кіраўнікам соймаў Літвы і Польшчы даслаць супольны ліст да кіраўнікоў парлямэнтаў іншых эўрапейскіх краінаў, каб такім чынам зьвярнуць увагу на сталыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку дзеяньні беларускіх уладаў супраць грамадзкай арганізацыі польскай нацыянальнай меншасьці.

Літоўскі віцэ-сьпікер таксама падкрэсьліў неабходнасьць далейшага пашырэньня кантактаў грамадзянаў Беларусі зь людзьмі з суседніх краінаў – Літвы і Польшчы.

(Юршэнас: ) “Трэба, каб людзі езьдзілі, наведвалі адзін аднога, каб не было абмежаваньняў, якія нібыта каралі б людзей за тое, што адбываецца ў Беларусі, каб студэнты вучыліся, дзеці адпачывалі ў летніках, каб гэтыя кантакты пашыраліся.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG