Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія можа пазбавіць Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў


Валер Каліноўскі, Менск Эўрапейская камісія ў сераду ўхваліла рашэньне, згодна зь якім, праз паўгоду можа быць распачата працэдура выдаленьня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу, што прывядзе да страты тарыфных зьніжак на імпарт беларускіх тавараў у краіны Эўразьвязу і будзе каштаваць Беларусі сотні мільёнаў эўра.

Прэсавы сакратар Эўракамісіі ў справах гандлю Сьцівэн Адамс паведаміў РС, што размова аб санкцыях ЭЗ адносна Беларусі пакуль не ідзе. Эўракамісія настойвае на тым, каб Беларусь — як сябра Міжнароднай арганізацыі працы — выконвала стандарты й рэкамэндацыі гэтай арганізацыі.

(Адамс: ) “Эўрапейская камісія ў сераду ўхваліла рашэньне, якое дае Беларусі шэсьць месяцаў, каб узяць абавязацельства выканаць 12 рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы — з мэтай прывесьці практыку, што існуе ў Беларусі ў дачыненьні да свабоды арганізацыяў і правоў працоўных, у адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі”.

Паводле прадстаўніка Эўракамісіі, калі Беларусь пагодзіцца ўзяць на сябе такое абавязацельства, то будзе мець 8 месяцаў на правядзеньне рэформаў, прадугледжаных рэкамэндацыямі МАП.

(Адамс: ) “Калі ж Беларусь гэтага ня зробіць, Эўракамісія пачне працэдуру выключэньня гэтае краіны з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу”.

Страта эўрапейскіх прэфэрэнцыяў, тарыфных зьніжак і квот, паводле эканаміста Яраслава Раманчука, можа каштаваць Беларусі каля 280 мільёнаў эўра.

Рашэньне Эўракамісіі выклікана скаргай Міжнароднай арганізацыі працы на парушэньне правоў працоўных у Беларусі й нежаданьне ўраду Беларусі выканаць 12 рэкамэндацыяў у справе забесьпячэньня правоў працоўных і прафсаюзаў.

Летась Міжнародная арганізацыя працы пасьля скаргаў незалежных беларускіх прафсаюзаў накіроўвала ў Беларусь сваю інспэкцыю, якая выявіла парушэньні правоў працоўных і выпрацавала рэкамэндацыі для выпраўленьня сытуацыі. Рэкамэндацыі датычаць спыненьня ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у справы прафсаюзаў, рэгістрацыі суполак незалежных прафсаюзаў, вяртаньня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў да працэсу сацыяльнага партнэрства ды іншага. 8 з 12 рэкамэндацыяў прапаноўвалася выканаць да 1 чэрвеня гэтага году, што, аднак, не было зроблена.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук сьцьвярджае, што да гэтага часу ніводная з рэкамэндацыяў МАП ня выканана. Гэта й прывяло да апошняга рашэньня Эўракамісіі.

(Ярашук: ) “Мы, у пераважнай большасьці, супраць якіх-небудзь санкцыяў адносна ўласнай краіны. Мы й у гэты час гатовы да канструктыўных кансалідаваных дзеяньняў, у тым ліку, — з урадам. Але трэба мець на ўвазе, што ўсё ж такі Ўрад павінен зрабіць першыя крокі”.

Паводле Аляксандра Ярашука, Урад, які ўвесь час спасылаецца на патрэбы зьмены дзейнага заканадаўства, мог бы для пачатку выканаць тое, што не патрабуе шмат часу й сродкаў, а толькі добрай волі з боку ўладаў. Перадусім можна было б даць дазвол на рэгістрацыю прафсаюзных арганізацыяў БКДП на месцах, вярнуць БКДП да ўдзелу ў Нацыянальным савеце па працоўных і сацыяльных адносінах, а таксама аднавіць на працы сябраў тых незалежных прафсаюзаў, якія былі звольнены за апошнія гады. Пра гэта спадар Ярашук нядаўна яшчэ раз нагадаў старшыні Ўраду Сяргею Сідорскаму ў адмысловым лісьце на ягонае імя.

Тым часам прэсавы сакратар Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ірына Каганец адмовілася весьці размову пра парушэньні правоў прафсаюзаў у краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG